Общество
Віталь Гарбузаў

«Праваабаронцы спатрэбяцца Беларусі яшчэ доўга. I найперш такія, як Бяляцкі…»

У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі, прысвечаная кіраўніку незарэгістраванана ў Беларусі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму, які ў 2011 годзе быў асуджаны да 4,5 гадоў турмы.

Кніга, якая называецца «Справа Бяляцкага» выйшла ў серыі «Бібліятэка Свабоды». Аўтар кнігі – журналіст Валеры Каліноўскі, які добра ведае праваабаронцу, сачыў за судовым працэсам над ім і працягвае ліставанне з палiтвязнем па сённяшні дзень.

Каліноўскі, як i шмат iншых, перакананы: прысуд Алесю Бяляцкаму – палітычна матываваны.

– Адназначна, што крымінальная справа вялася пад пільным кантролем Аляксандра Лукашэнкі, была ім інспіраваная. Гэтаму ёсць лагічныя доказы. На наступны дзень пасля тэракту ў метро, ў красавіку 2011 года, Бяляцкі выступіў у Радзе Еўропы, дзе заклікаў ужыць да беларускага рэжыма эканамічныя санкцыі. Наколькі я разумею, усё тое, што ён сказаў, было перададзена… Судовы працэс, такі жорсткі прысуд – помста Алесю за яго праваабарончую дзейнасць, за мужнасць і прынцыповасць.

Рэдактар кнігі «Справа Бяляцкага» Сяргей Дубаваец адзначае:

– Для ўсіх, хто сёння сабраўся тут – Бяляцкі невінаваты. Але калі б мы так напісалі гэтую кнігу – то гэта была б кніга толькі для нас саміх. Наша задача была напісаць дакументальную кнігу, праўдзівую, аб’ектыўную з усіх бакоў. Прапаганда кажа, што Бяляцкі «купаецца ў раскошы, скраў грошы ў дзяржавы, таму сядзіць у турме», — падзі яго адмый пасля такога. Мы сабралi факты, паказалi, што не купаўся ён у раскошы, не ездзіў на шыкоўных машынах.

Дарэчы, жонка Алеся Бяляцкага – Наталля Пінчук – паведамiла, што муж атрымаў кнігу, але пачытаць яе ў бабруйскай калоніі №1, дзе адбывае свой тэрмін праваабаронца, часу ў яго пакуль не было. Дарэчы, усе, хто ведае Алеся асабіста, адзначаюць у ім перш за ўсё сціпласць. У лісце на волю Бяляцкі прызнаецца, што чытаць кнігу пра сябе яму няёмка.

Наталля Пінчук таксама працытавала ўрывак з апошняга, атрыманага пад Новы год, ліста Алеся. У ім праваабаронца піша: «Мне падаецца, што мінулы год быў нейкім перавалам выпрабаванняў і цяжкасцяў, і што далей нам усім будзе лягчэй».

— У гэтых словах не толькі перажыванне за сям’ю – тут перажыванне за Беларусь, за яе будучыню. І я спадзяюся, што тое, пра што піша Алесь, хутка здзейсніцца, – кажа яна.

Але ж Беларусі яшчэ далёка да лепшых стандартаў у галіне правоў чалавека.

– Праваабаронцы спатрэбяцца Беларусі яшчэ доўга. I найперш такія, як Бяляцкі, – адзначыў з гэтай нагоды пiсьменнік Уладзімір Арлоў.

– Найперш мы адчуваем павагу да Алеся за тое, што ён сабраў нас. Не ведаю, як мы зможам яму аддзячыць, узнавіць гады, якія ён знаходзіцца за кратамі. Але «Вясна» працуе. «Вясна» была, ёсць і будзе, – падсумавала сяброўка і калега палітвязня Таццяна Равяка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)