Политика
Алесь Дашчынскі, ”Радыё Свабода”

Праваабаронцы прымусілі суд і Мін’юст гаварыць па-беларуску

У Вярхоўным Cудзе пачалі разглядаць скаргу праваабаронцаў Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча і Алеся Бяляцкага на рашэньне Міністэрства юстыцыі. Мін’юст адмовіўся зарэгістраваць грамадзкае праваабарончае аб’яднаньне “Вясна”. Пасьля двух задаволеных хадайніцтваў суд аб’явіў перапынак да 25 кастрычніка.

На пачатку працэсу праваабаронцы заявілі два хадайніцтвы. Яны запатрабавалі весьці працэс на беларускай мове і запыталі ў Міністэрства юстыцыі дакумэнты па-беларуску. Суд хадайніцтвы задаволіў.

Тлумачыць Валянцін Стэфановіч:

“Судзьдзя выслухала нашы довады й прыняла рашэньне, якое адпавядае прынцыпу роўнасьці моваў. А ня так, як нам тлумачыў прадстаўнік Міністэрства юстыцыі, што ён можа адказваць па-беларуску альбо па-расейску — незалежна ад таго, на якой мове да яго зьвяртаецца заяўнік.

Прынцып роўнасьці моваў вызначае, што я, як грамадзянін, магу карыстацца любой зь дзяржаўных моваў, а вось яны, як чыноўнікі, абавязаны ведаць дзьве і адпаведна адказваць на той мове, на якой я да іх зьвяртаюся. А тое, што мы бачылі, гэта дыскрымінацыя і самая звычайная непавага. Таму судзьдзя прыняла правільнае рашэньне”.

Судзьдзя Сьвятлана Яхнавец забавязала Міністэрства юстыцыі перакласьці на беларускую мову рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі “Вясны” і свае пісьмовыя пярэчаньні на скаргу, пададзеную ў суд.

Сёньня а 17-й гадзіне праваабаронцы мусяць забраць у Мін’юсьце дакумэнты на беларускай мове. Працэс працягнецца 25 кастрычніка.

Валянцін Стэфановіч сказаў:

“У нас кодэксаў няма на беларускай мове, законаў няма на беларускай мове, інструкцыі Міністэрства юстыцыі выключна на расейскай мове. І так уся практыка склалася”.

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксей Пячкураў заявіў у судзе: “Мы можам, але ня бачым неабходнасьці перакладу з адной мовы на іншую”. Ад інтэрвію ён адмовіўся.

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч станоўча ацаніў тое, што суд задаволіў абарону моўных правоў:

“Зьдзіўляе тое, што прафэсійны стан упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў, які і раней быў невысокі, цяпер становіцца ўсё горшы. І вось гэтыя новыя супрацоўнікі ў асобе спадара Пячкурава — гэта асобы, якім прыкрае ўсё беларускае. Гэта відаць зь ягоных паводзінаў, ён адмаўляе ў выкананьні нашых элемэнтарных правоў.

Нягледзячы на тое, што судзьдзя задаволіла наша патрабаваньне, працэс адбудзецца з палітычнай неабходнасьці, палітычнай замовы, якая ёсьць вакол нашай арганізацыі”.

На працэс прыйшлі вядомыя палітыкі, сярод іх старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Што да самаго працэсу, то “Вясна” яго прайграе, але сёньня яны атрымалі маленькую перамогу. Яны прымусілі і суд, і Міністэрства юстыцыі з павагай ставіцца да раўнапраўя дзьвюх моваў.

А што да стасункаў з уладнымі структурамі незалежных грамадзкіх аб’яднаньняў, то тут ёсьць палітычная ўстаноўка. Я проста не магу згадаць ніводнага выпадку, каб была зарэгістраваная грамадзкая арганізацыя, якая не залежыць ад улады”.

На працэс прыйшлі праваабаронцы, дыпляматы, журналісты. У першым шэрагу справа прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксей Пячкураў

У залі суду былі й замежныя дыпляматы. Другі сакратар амбасады ЗША ў Беларусі Стывэн Гілен сказаў, што дыпляматы ўважліва сочаць за сытуацыяй з рэгістрацыяй “Вясны”:

“Прадстаўнікі нашай амбасады часта назіраюць за такімі працэсамі, бо гэта пытаньні свабоды сходаў. Кожны грамадзянін у дэмакратычным грамадзтве мае права стварыць такую арганізацыю — асабліва арганізацыю, якая тычыцца правоў чалавека. І мы будзем вельмі ўважліва сачыць за вынікам гэтага працэсу”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)