Общество
Аліна Таранік

Праваабарончы цэнтр «Вясна» не прыпыняе дзейнасць пасля арышту свайго старшыні

Старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» утрымліваюць пад вартай. Яго паплечнікі неўзабаве распачнуць буйную кампанію ў падтрымку Алеся Бяляцкага. Яны рашуча настроены і не збіраюцца згортваць сваю дзейнасць.

Самымі бліжэйшымі днямі будзе агучана кампанія ў абарону старшыні «Вясны». Як паведаміў «Салідарнасці» Уладзімір Лабковіч – паплечнік Алеся Бяляцкага, гэтая кампанія будзе праводзіцца як у Беларусі, так і за яе межамі. Тут да яе далучацца партнёры арганізацыі, якія таксама займаюцца праваабарончай дзейнасцю. За мяжой яе будуць праводзіць актывісты Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), віцэ-прэзідэнтам якой з'яўляецца арыштаваны праваабаронца.

Па словах Лабковіча, праваабарончы цэнтр «Вясна» сваёй дзейнасці спыняць не збіраецца.

– Мы працягваем працаваць у поўным аб'ёме, нічога ў нашай дзейнасці не змянілася. Мы ўсе адчуваем адказнасць перад Алесем Бяляцкім, і таму працуем як і раней. Мы разумеем, што ён болей будзе наракаць, калі мы зараз спынім нашу дзейнасць, – паведаміў супрацоўнік праваабарончага цэнтру. – Безумоўна, мы не пакінем яго сам-насам у турме. Зараз якраз фармуем першую перадачу, якую перададзім яму пасля абеду.

Таксама ў панядзелак са зняволеным праваабаронцам паспрабуе сустрэцца яго адвакат. Паводле Лабковіча, «трэба быць удзячнымі гэтаму чалавек за тое, што ён займаецца сваёй прафесійнай дзейнасцю, негледзячы на такі складаны для юрыстаў час».

У сацыяльнай сетцы Facebook таксама з'явіўся заклік падтрымаць Бяляцкага. «Падтрымаем Алеся!» – акцыя праваабарончай арганізацыі «Libereco – Partnership for Human Rights» са штаб-кватэрай ў Боне. Каб выказаць салідарнасць з праваабаронцам, акрамя прочага, дастаткова адзначыць гэтую старонку «мне падабаецца».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)