Общество

Праўда і сіла Анатоля Каханчыка: «Самы вялікі грэх – смутак»

Гэтая звычайная вясковая хата ў вёсцы Алёшча, што ў Полацкім раёне, ужо стала сімвалам змагання за беларускія нацыянальныя каштоўнасці. Пафарбаваная ў бела-чырвона-белыя колеры, яна не дае спакою мясцовым уладам, піша Народная Воля.

Здавалася б, стаіць сабе хата і стаіць. Але чыноўнікі лічаць, што не проста стаіць, а – праводзіць несанкцыянаваны пікет. Кругласутачна. У любое надвор’е. Ужо больш за год. З-за чаго гаспадар хаты Анатоль Каханчык неаднойчы трапляў за краты. Дайшло да таго, што ён проста ў Полацкім РАУС аб’явіў сухую галадоўку, трымаў яе і праз тры дні апынуўся ў шпіталі. Калі крызісны стан мінуў, мы пагутарылі з ім па тэлефоне.

– Анатоль, як вы сябе адчуваеце пасля перажытага стрэсу?

– Пачуваюся добра. Калі ішоў на галадоўку, патрабаванне ў мяне было адно – каб не чапалі маю хату. Яшчэ пасля першай адсідкі я папярэдзіў улады, што зафарбоўваць хату сам не збіраюся і нікому не дам. Гэта для мяне прынцыпова, і я не саступлю.

Бел-чырвона-белае спалучэнне колераў – гэта для ўсяго хрысціянскага свету сімвал пакутаў Хрыста, Ягонай крыві на плашчаніцы. Я чалавек веруючы, і таму гэта для мяне вельмі важна. Я таксама папярэдзіў улады, што афіцыйна распачну сухую галадоўку, калі будзе складзены пратакол менавіта за колеры на маёй хаце.

– Галадоўка звычайна не спрацоўвае пры такім палітычным рэжыме, які ўсталяваўся ў беларусі. Як паказалі апошнія падзеі, чалавечае жыццё для трымаючых уладу нічога не значыць. Вы ўсё ж рашыліся. Гэта быў крок адчаю?

– Гэта не быў крок адчаю. І тым больш гэта ніякі не пікет, як пазначана ў пратаколе. Я проста бараню сваю хату. Якая каму справа, у які колер яна пафарбавана? Вунь заводскія трубы таксама бел-чырвона-белыя, іх жа не перафарбоўваюць.

– Галадоўку вы аб’явілі ў Полацкім ІЧУ?

– Не, падчас складання пратакола ў Полацкім РАУС 20 снежня. Потым напісаў заяву начальніку Полацкага ІЧУ. На наступны дзень мяне этапавалі ў Віцебскі ІЧУ, дзе я таксама паведаміў начальніку, што трымаю сухую галадоўку.

– Колькі разоў вас затрымлівалі і асуджалі на суткі?

– Першы раз – 9 лютага гэтага года. Артыкул вядомы – 23.34, атрымаў сем сутак. Другі раз – 19 лістапада, далі пятнаццаць сутак. Абодва разы адсядзеў ад званка да званка. Апошні раз суд адбыўся 21 снежня – дваццаць пяць сутак. Але 24 снежня трапіў у шпіталь.

– Ваша хата ўжо стала пэўным сімвалам, на яе глядзіць уся Беларусь. Вы яе расфарбавалі ў бел-чырвона-белыя колеры пасля прэзідэнцкіх выбараў ці раней?

– Расфарбаваў я яе недзе напрыканцы кастрычніка летась, калі пачаліся блюзнерства і здзек з нашых нацыянальных сімвалаў. Калі хочаце, гэта мая прыватная вайна. Вайна з сатаністамі. Бо тыя, хто топча сімвал Хрыстовай плашчаніцы, для мяне сатаністы. На маю думку, у чалавека павінны быць цвёрдыя перакананні і прыярытэты.

Назаву свае найгалоўныя: Бог і Беларусь. Ёсць яшчэ чатыры, але яны больш асабістыя. І калі ў чалавека ёсць перакананні, ён павінен адстойваць іх да канца. У тым яго праўда і сіла. Калі не адстойвае – значыць, ніякіх перакананняў у яго не было.

– Хату ўжо замалёўвалі карычневай фарбай – я так разумею, без ведама гаспадара. Ці даведаліся вы, хто гэта рабіў?

– Так, зафарбоўвалі. І рабілася гэта, хутчэй за ўсё, пры ўдзеле і па камандзе старшыні Маласітнянскага сельвыканкама Леаніда Буханцова. Менавіта па яго заявах (даносах) былі складзены тры пратаколы на мяне. Нават міліцыянеры дапытваліся: што ты яму зрабіў? А што я яму зрабіў? Ды нічога. Мала таго – пры сустрэчы не пазнаў бы. Бо мы ніколі асабіста не сустракаліся.

– У сацсетках безліч зваротаў да вас са словамі падтрымкі. Прывяду некаторыя з іх, з «Фэйсбука», пад вашым апошнім пастом пра перамяшчэнне з ІЧУ ў шпіталь: «Анатоль, няма слоў, каб выказаць ступень майго захаплення тваёй стойкасцю і прынцыповасцю. Ты – чалавечышча!»; «Моцнага здароўя, дарагi наш чалавек! Дзякуй вам за вашу трывалую пазiцыю!»; «Вы такі моцны, я ганаруся вамі!»; «Слава вольнаму чалавеку!»; «Здароўя вам, паважаны Анатоль, i дзякуй за мужнасць, за смеласць. Вы – гонар зямлi нашай!»; «Анатоль, вы крэмень, а не чалавек!»… Як вы ставіцеся да таго, што сталі героем нашага часу?

– Ніякі я не герой. Проста веруючы чалавек. У жыцці заўсёды так бывае: хтосьці кагосьці баіцца. Альбо баішся ты, альбо баяцца цябе. Сёння рэжым і яго паслугачы абражаюць сімвалы Хрыста, як можна моўчкі гэта зносіць? Пакуль мы пад покрывам Хрыстовай плашчаніцы, мы непераможныя.

Не помню ўжо, чые гэта словы, яны мне запалі ў душу: «Раскрыжаванне кат завершыў, / Аблашчыў кужаль кроў жыцця. / Так, плашчаніца – гэта першы / Мой бел-чырвона-белы сцяг!». А за падтрымку і салідарнасць усім шчыра дзякую! Беларусы, я вас люблю! Цяпер я ведаю, чаму мы выжылі пасля столькіх войнаў. Бо мы ўмеем, калі трэба, прыйсці на дапамогу, мы моцныя сваёй салідарнасцю.

– Пасля таго як вас летась звольнілі з беларускай чыгункі, на якія сродкі вы жывяце?

– Было ў мяне трохі адкладзена на чорны дзень. Улетку збіраў ягады, грыбы, лавіў рыбу. Адна дабрачынная арганізацыя прадуктамі дапамагае – дзякуй ёй. Ведаеце, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, 2020-ы і 2021-ы былі найлепшымі гадамі ў маім жыцці. Бо цягам гэтых гадоў я зразумеў: нас вельмі шмат.

– Беларускі паэт мінулага стагоддзя Альгерд Абуховіч-Бандынэлі пісаў: «Хоць галодзен – я свабодзен». Вам блізкі такі выбар?

– Я свабодны. Свабодны нават тады, калі знаходжуся на нарах. Бо свабода, на маю думку, – гэта найперш адсутнасць страху. А страх цалкам можна пераадолець, толькі ўсклаўшы надзею на Бога, аддаўшыся на Яго волю.

Разумееце, уладзе, каб маніпуляваць чалавекам, трэба ведаць, чаго ён баіцца, што ён не можа страціць. Жыццё, вядома ж, найвялікшая каштоўнасць. На пагрозах адабраць яго і грунтуюцца гвалтоўныя дзеянні рэжыму. А калі чалавек не баіцца смерці, чым яго можна запалохаць? Нічым.

– Раскажыце пра сябе: з якой вы сям’і, адкуль, хто па прафесіі, хто найбольш паўплываў на ваша патрыятычнае выхаванне?

– Я адпрацаваў на Беларускай чыгунцы ажно трыццаць восем гадоў. Быў звольнены пасля першай адсідкі. Беларускую мову я вывучаў пераважна па кнігах, на жаль, не ў школе, бо прыехаў з Расіі. У мяне маці руская, а бацька напалову беларус, напалову немец. Вось як атрымалася. А хто паўплываў…

Назаву толькі некалькі прозвішчаў: Зянон Пазьняк, Павел Севярынец, Вінцэсь Мудроў, Уладзімір Арлоў. Гэта калі называць сучаснікаў.

– Як ставяцца вашы родныя да таго, што адбываецца з вамі?

– Прабачце, не хацелася б ублытваць сваякоў, баюся ім нашкодзіць.

– Тысячы нашых суайчыннікаў, адбыўшы суткі, перажыўшы ператрусы, з’ехалі з беларусі. Вы не збіраецеся?

– З’язджаць нікуды не збіраюся. Беларусь – мая краіна. На поўначы Беларусі – мая вёска Алёшча. У вёсцы Алёшча – мая хата. Гэта маё! І будзе маім заўжды!

– Што вы можаце пажадаць тым, хто застаўся тут, але, магчыма, перабывае ў пэўнай разгубленасці і апатыі?

– Ведаеце, які самы вялікі грэх? Недаравальны, які ператварае чалавека ў нішто? Гэта смутак (па-руску – уныние). Ён спараджае і разгубленасць, і апатыю. Таму я хачу пажадаць усім беларусам: пазбаўляйцеся ад гэтага чорнага смутку! Бог не любіць абыякавых і баязлівых. Ён з намі. Дык давайце дапаможам Яму!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(32)