Общество
Радыё Свабода

Пракурор запрасіў для Аўтуховіча тры з паловай гады турмы

У Кастрычніцкім судзе Горадні скончыліся спрэчкі бакоў па крымінальнай справе супраць ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і дырэктара фірмы “Ніка-транс” Юрыя Лявонава. Дзяржаўны абвінаваўца прапанаваў прапанаваў пасадзіць Мікалая Аўтуховіча на 3 гады і 6 месяцаў, а ягонага калегу Юрыя Лявонава — на 3 гады і 5 месяцаў. Пасьля яго выступілі адвакаты. Апошняе слова самі абвінавачаныя скажуць у наступны аўторак.

Пракурор Яўген Шчарбак сказаў, што Аўтуховіч з дапамогай Лявонава ўхіляўся ад выплаты падаткаў, перавозіў пасажыраў і багаж, не рэгіструючы камэрцыйнай фірмы й без адпаведнай ліцэнзіі. Як вынік, мясцоваму бюджэту былі нанесеныя страты ў асабліва буйным памеры.

Аргумэнтацыя была такая: паводле прэзыдэнцкага дэкрэту №4 ад 2003 году Аўтуховіч мог пакінуць у сябе толькі трох найманых працаўнікоў, але ён не пажадаў ствараць юрыдычную асобу, каб не плаціць вялікіх падаткаў. Замест гэтага ён схіліў дырэктара фірмы “Ніка-транс” Юрыя Лявонава забраць кіроўцаў таксовак у свой штат, але яны па-ранейшаму працягвалі працаваць на Аўтуховіча. Ён спасылаўся на тое, што хацеў захаваць працоўныя месцы, а насамрэч набыў новыя машыны, наняў дадатковых людзей і пашырыў сваю дзейнасьць, зазначыў пракурор Шчарбак.

Адносна Юрыя Лявонава ён сказаў, што той выкарыстаў свае службовыя паўнамоцтвы на карысьць Аўтуховіча, але меў таксама асабістую зацікаўленасьць — каб атрымаць на рахунак прадпрыемства грошы ад Аўтуховіча за выкарыстаньне кіроўцаў. Юры Лявонаў на маё пытаньне зазначыў, што не зьяўляўся заснавальнікам “Ніка-транс” і ня меў ніякай матэрыяльнай карысьці ад дамовы з Аўтуховічам. Юры Лявонаў заявіў:

(Лявонаў: ) “Што мне за гэта — прэмію хіба плацілі? Не даказана, што я атрымліваў нейкія дадатковыя выплаты. Я атрымліваў штомесяц голы заробак за выкананьне сваіх абавязкаў. Так было да заключэньня дамовы, і так працягвалася пасьля яе падпісаньня”.

А што датычыць грошай, якія пералічваў Аўтуховіч на рахунак “Ніка-транс”, дык дамова паміж імі прадугледжвала менавіта платныя паслугі. Грошы гэта былі адносна невялікія — прыблізна 1,5—2 мільёны рублёў за месяц, гаворыць Юры Лявонаў. Дарэчы, заснавальнікам “Ніка-транс” зьяўляецца жонка Аўтуховіча Алена.

Пракурор Шчарбак прапанаваў зьняволіць Мікалая Аўтуховіча на 3 гады 6 месяцаў у калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама сканфіскаваць ягоную маёмасьць і забараніць яму 5 гадоў займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Юрыя Лявонава за спрыяньне Аўтуховічу пракурор прапанаваў зьняволіць на 3 гады 5 месяцаў у калёніі ўзмоцненага рэжыму і забараніць яму 5 гадоў займаць адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады.

Абвінавачаньне лічыць, што абодва падсудныя павінны сплаціць нанесеныя страты раённаму бюджэту: 40 мільёнаў 623 тысячы рублёў падатку, які Аўтуховіч не заплаціў за кіроўцаў, якіх наймаў для працы на сваіх таксоўках, а таксама 1 мільярд 92 мільёны 84 тысячы рублёў — выручку, якую ён атрымаў ад працы сваіх таксовак.

Мікалаю Аўтуховічу залічаць знаходжаньне ў сьледчым ізалятары, гэта крыху больш за 5 месяцаў, а таксама ўтрыманьне пад хатнім арыштам: два дні будуць лічыцца за адзін за кратамі, у выніку гэта яшчэ тры тыдні. Агулам атрымліваецца, што Мікалай Аўтуховіч ужо адбыў за кратамі паўгода.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)