Лица
Сямён Печанко

Прадаецца Мірскі замак — 3D

Грамадскі актывіст Сяржук Бахун пачаў працу над праектам, які можа стаць альтрэнатывай расійскім дзіцячым канструктарам. У гэтым яму дапамагаюць дачка і маці.

Пілотны макет канструктара

Грамадскі актывіст Сяржук Бахун разам з дачкой Адэляй і маці Тамарай распачалі праект па стварэнні 3D-мадэлі замка ў Міры.

Збор сродкаў на вытворчасць канструктара адбываецца на краўдфандынг-платформе «Талака».

— Я даўно звярнуў увагу, што ў нашых дзіцячых крамах фактычна няма цацак з беларускім каларытам. Пры гэтым на кожным кроку прадаюцца расейскія мілітарысцкія канструктары. Апошняй кропляй стала гісторыя з дзіцячым наборам «ветлівых людзей» у «Бусліку». Тады мяне гэта моцна абурыла. Я падумаў: кім могуць вырасці дзеці, якія выхоўваюцца на такіх гульнях? І вырашыў дзейнічаць паводле прынцыпу «калі хочаш змяніць асяроддзе — змяні сябе», — расказаў гісторыю ўзнікнення ідэі суразмоўца «Салідарнасці».

У працы над праектам Сержуку дапамагае дачушка Адэля — яна ягоны галоўны кансультант. А таксама маці Тамара Уладзіміраўна, якая ўжо мае багаты досвед у стварэнні сувенірнай прадукцыі па-беларуску

Галоўны кансультант праекта Адэля. На фоне прататыпа

Сяржук прызнае, што ідэя стварэння папяровых мадэляў беларускіх замкаў і палацаў не новая. Але пры гэтым ён падкрэслівае, што ягоны канструктар будзе заўважна большы за створаныя на сёння мадэлі.

— На рынку Беларусі няма пакуль падобных канструктараў. Ён будзе са шчыльнага кардону, яго не трэба будзе выразаць і склейваць. У камплекце таксама будзе пяць фігурак гістрычных персанажаў, — расказаў Сяржук Бахун.

Акамя таго, у пакунку будзе інструкцыя па пакрокавай зборцы канструктара, а таксама буклет з фотаздымкамі ды інфармацыяй пра гісторыю замка па-беларуску і англійску. Англійская мова разлічаная на замежнікаў, якія змогуць такім чынам даведацца пра Беларусь і яе славутасці.

— Ды і беларусам будзе цікава даведацца пра гісторыю Мірскага замка. Далёка не кожны там быў. А так чалавек збярэ канструктар разам з дзецьмі і натхніцца адвезці туды сям’ю, каб пабачыць усё на свае вочы. Акрамя таго, такі занятак можа зблізіць бацькоў і дзяцей, бо канструктар можна збіраць разам. Людзі будуць менш сядзець за камп’ютарам, — перакананы аўтар ідэі.

Сяржук Бахун: «Мы не мусім дазваляць рабіць з нашага грамадства паслухмяную і абыякавую массу»

У выпадку поспеху канструктара «Мірскі замак» аўтары ідэі плануюць пашырыць спіс мадэляў:

— Гэта могуць быць не толькі вядомыя аб’екты, што захаваліся да нашых дзён, але і страчаныя па розных прычынах помнікі. Так мы можаць вярнуць памяць пра іх.

Сяржук Бахун цвяроза ацэньвае свае шанцы на стварэнне альтэрнатывы наяўнаму асартыменту цацак у дзіцячых крамах, але не губляе аптымізму:

— Натуральна, у нас будуць якасны іншыя аб’ёмы. Усё ж мы — малы бізнес. Але кропля камень точыць. Акрамя таго, мы можам натхніць іншых.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)