Общество
Ігар Карней, Радыё Свабода

«Працаваць на БТ пасьля 19 сьнежня – вось што злачынства»

Вось ужо два месяцы былы вядучы ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ Сяргей Дарафееў працуе на ўкраінскім «Пятым канале».

Зь Беларусьсю яму давялося разьвітацца на хвалі папулярнасьці: ягоная праграма заставалася адзінай на Беларускім тэлебачаньні, да ўдзелу ў якой запрашаліся ня толькі апалягеты рэжыму, але і грамадзкія дзеячы зь ліку "памяркоўных" апанэнтаў улады. Намагаючыся дакапацца да ісьціны, Дарафееў часта заганяў у тупік сваімі пытаньнямі чыноўнікаў, якія за апошнія паўтара дзясятка гадоў папросту адвыклі ад думкі, што іх можа "падставіць" дзяржаўнае тэлебачаньне. Пра мінулае і сучаснасьць з аўтарам і вядучым праграмы "Партрэты зь Сяргеем Дарафеевым" .

– Хутка год з моманту памятнага эфіру ток-шоў "Выбар" 19 сьнежня 2010 году, якое стала паваротным у лёсе Сяргея Дарафеева. У немалой ступені гэтаму паспрыяла старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына, якая на знак пратэсту супраць "правакацыйных пытаньняў" дэманстратыўна сышла са студыі. Празь некалькі дзён дэмарш Ярмошынай падтрымаў Аляксандар Лукашэнка, які загадаў "паставіць на месца маладога журналіста". Хацелі яны распарадзіцца тваім лёсам ці не, але цяпер твая кар'ера фактычна з нуля пачынаецца ў іншай краіне. З твайго гледзішча, наколькі адэкватныя крыўды чыноўнікаў?

– Ды распарадзіліся ня толькі маім лёсам... Але каб гаварыць пра адэкватнасьць крыўдаў чыноўнікаў, трэба гаварыць пра адэкватнасьць увогуле ўсяго таго, што адбываецца ў Беларусі. Пра што тут можна гаварыць? Ну вось і я скажу: так, трэба выпусьціць палітзьняволеных. І што? Мяне нехта пачуе, гэта нешта зьменіць? Аднак проста сядзець нельга. Трэба дамагацца вызваленьня людзей рознымі шляхамі, у тым ліку і не ў лабавую, тонкімі мэтадамі. Дамагацца гэтага павінны мы ўсе, у каго на што хапае магчымасьцяў. Гэта першае. Па-другое, што тычыцца крыўдаў тых, хто ўва ўладзе. Ім трэба крыўдзіцца толькі на сябе. Таму што ўва ўсіх бедах Беларусі вінаватыя толькі яны. А не якіясьці там найміты-ворагі з-за мяжы, і ўжо тым больш ня мы – людзі, беларусы, якім раптам здуру захацелася паехаць у адпачынак ці незразумела чаму купіць даляры ці эўра. Вось якія мы ўсе шкоднікі! Прабачце нас, што мы жывём. Сытуацыя даходзіць ужо да абсурду. Тут ужо больш нейкія трагікамічныя складнікі.

– Пасьля двух месяцаў працы ва Ўкраіне ці можаш пагадзіцца з папулярным выразам "не было б шчасьця, ды няшчасьце дапамагло"? Іншымі словамі, ты цяпер на сваім месцы?

– Сказаць, што ў Кіеве я шчасьлівы, а ў Менску быў нешчасьлівы – гэта глыбокая памылка. Але факт, што ў Кіеве я маю магчымасьць рабіць для Беларусі больш, чым мог працаваць зараз на Беларускім тэлебачаньні – вось што злачынства, а ня ўзяць і ад'ехаць ...

Што, усьміхацца ў кадры і чытаць самі ведаеце што? Таму, калі казаць ня толькі пра тэлебачаньне, але і ўвогуле пра ўсіх беларусаў (а я часта думаю пра гэта апошнім часам), мяне зьдзіўляе псэўдапатрыятычнасьць некаторых нашых людзей. О'кей, давайце тады крытыкаваць тых журналістаў, пісьменьнікаў, музыкаў, якія ў свой час ня вытрымалі і ад'ехалі з СССР. Ды яны з-за мяжы для сваёй зямлі зрабілі нашмат больш. Зьехалі, а потым зь яшчэ большымі ведамі, здольнасьцямі, з вопытам вярнуліся і ўсё аддалі сваім людзям, сваёй дзяржаве. Што ж мы за краіна такая, калі самі сябе зжыраем? Замест таго каб аб'яднацца (а зараз – тым больш) і даць зразумець усім, што мы соцыюм са сваёй грамадзянскай сілай. Аж не – мы запалкі запасаем і памідоры кансэрвуем. Ладна, ужо столькі пра гэта гаварылі…

– Наконт выказваньняў адносна злачыннасьці працы на Беларускім тэлебачаньні. Шмат хто можа заўважыць: ты ж сам там працаваў, і яшчэ невядома, як бы ўсё склалася, каб не 19 сьнежня. Магчыма, працаваў бы і цяпер…

– Што я хачу тут сказаць, слухай уважліва. Я сказаў, што працаваць зараз на Беларускім тэлебачаньні – вось што злачынства, а ня ўзяць і зьехаць. Да 19 сьнежня 2010 году для мяне была адна Беларусь, потым Беларусь стала іншая. Як я ўжо пісаў раней, выбух у мэтро ўвогуле ўзарваў маю галаву, але гэта ўжо іншая, яшчэ адна гісторыя. Таму, калі працаваў я, працаваць яшчэ было можна, яшчэ можна было даносіць свае думкі. А цяпер – нельга. Па тым, што я гляджу на Беларускім тэлебачаньні і што чытаю на беларускіх інтэрнэт-рэсурсах – цяпер нельга ўвогуле. Гэта маё ўражаньне, маё меркаваньне суб'ектыўнае. І нешта мне падказвае, што са мной, напэўна, пагаджаецца абсалютная большасьць людзей.

– Пасьля падзеяў 19 сьнежня ва Ўкраіне асела нямала беларускіх дэмакратычных актывістаў, якія апасаюцца рэпрэсіяў на радзіме. Хтосьці плённа працуе, як Вячаслаў Сіўчык, хтосьці адседжваецца. Ці магчымае зьяўленьне кагосьці зь іх у тваёй праграме? І наколькі ўвогуле беларуская тэма цікавіць украінскіх гледачоў?

– Слова "адседжваюцца" няправільнае ў прынцыпе, і для мяне дзіўна, што вымаўляеш яго менавіта ты. Я не бяруся судзіць пра нейкіх канкрэтных людзей, але калі актывісты дэмакратычнага руху, палітыкі ад'ехалі, то я ня думаю, што яны адседжваюцца. Яны актывісты, яны растуць, разьвіваюцца, думаюць, аналізуюць і дапамагаюць Беларусі з тых краінаў, у якіх яны зараз знаходзяцца. Пры гэтым яны, канечне, могуць і памыляцца, ува ўсіх ёсьць права на памылку. Але я ня думаю, што яны адседжваюцца і бязьдзейнічаюць. Хутчэй, адседжваюцца тыя, хто маўчыць, нацягвае на вочы шапку і перабежкамі перасоўваецца па Менску. Вось тыя сапраўды адседжваюцца.

– Пад маркай "змагароў" зьехалі ня толькі актывісты апазыцыі…

– Гэта так, але любы час правярае людзей. І цябе ў тым ліку, і мяне ў тым ліку. Ён усіх нас правярае, і мы лепш сябе пазнаём. На пачатку восені я сустракаўся з Кшыштафам Занусьсі і каторы ўжо раз падзякаваў яму за яго жаданьне дапамагчы, калі ў мяне ўзьніклі праблемы. Дык вось Занусьсі сказаў словы пра тое, што менавіта такія няпростыя часы правяраюць людзей, расстаўляюць усіх па сваіх месцах і па шалях. Дай Бог, каб такіх цяжкіх часоў не было, але менавіта такія часы даюць зразумець, што мы зь сябе ўяўляем... Працягваючы тэму магчымай цікавасьці да беларускай тэматыкі з боку ўкраінскай аўдыторыі, хачу адзначыць, што ўкраінцы самадастатковыя. Не скажу, што іх вельмі цікавіць тое, што адбываецца цяпер у Беларусі. Часьцей за ўсё яны задаюць пытаньне: "І як вы там жывяце?" Проста каб даведацца – як. Альбо тое самае пытаньне – і як вы там жывяце, – але зь іншай інтанацыяй, то бок спачувальна. Таму, уздымаючы беларускую тэматыку ў сваіх эфірах, я кажу: Беларусь для Ўкраіны – гэта мадэль падзеяў. Бо штосьці з таго, што адбываецца ў Беларусі, можа паўтарыцца і ўва Ўкраіне. Тады людзі пачынаюць слухаць.

– Пры якіх умовах ты зноў бачыш сябе ў Беларусі, у эфіры Беларускага тэлебачаньня?

– Пасьля ўсіх тых падзеяў, якія перакруцілі маё жыцьцё і жыцьцё ў Беларусі, я ўвогуле ня строю плянаў. Пра гэта я ўжо неяк пісаў у сваім лісьце гледачам. Адказ на гэтае пытаньне падкажа толькі час. Але я ведаю адно – я вярнуся. А калі і зь якой доляй свайго ўдзелу ў беларускай журналістыцы – пакуль сказаць складана… Канечне, я вельмі сумую, нізкі паклон маёй любімай Беларусі. Кожны раз, як прыяжджаю ў Беларусь, я разумею тыя словы і тыя думкі, якія ў свой час агучвалі і Купала, і Колас, калі яны пісалі пра тое, што такое зрабіць крок па той зямлі, дзе ты нарадзіўся. Калі мы чытаем гэтыя творы ў школе, у інстытуце, нам падаецца, што гэта проста прыгожыя эмоцыі, гэта патрыятычныя перажываньні, але мы не адчуваем гэта сэрцам і галавой. А калі ты жывеш у іншай краіне і вяртаесься на радзіму, то ты гэта перажываеш сам і разумееш, наколькі гэта праўда. Хоць, як я ўжо казаў раней, Украіна для мяне – другая радзіма, але Беларусь была, ёсьць і будзе заўсёды першай. Вось мой адказ.

Аўтарская праграма "Партрэты зь Сяргеем Дарафеевым" выходзіць на ўкраінскім "Пятым канале" кожны аўторак. Эфір ад 22 лістапада – з колішнім амбасадарам Украіны ў Беларусі, "палявым камандзірам" Майдану Раманам Бясьсьмертным.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)