Працэс у Слоніме над хлопцам, які забіў сваіх дзеда і бабу, працягнецца ў закрытым рэжыме

Аб правядзеньні судовага працэсу ў закрытым рэжыме хадайнічалі бацькі падсуднага, а таксама ён сам. Дзяржаўны абвінаваўца настойваў на адкрытым судовым паседжаньні.

Суд двойчы разглядаў хадайніцтва і прыняў рашэньне працягваць справу на закрытым судовым паседжаньні.

На самым пачатку судовага паседжаньня з хадайніцтвам аб пераводзе працэсу ў закрыты рэжым зьвярнуўся адвакат падсуднага і ягоны бацька. Аднак суд адхіліў хадайніцтва. Падчас судовага сьледзтва Аляксандар Грудзько цалкам прызнаў сваю віну.

Пасьля перапынку на абед з новым хадайніцтвам аб пераводзе паседжаньня ў закрытае зьвярнуўся бацька падсуднага. Ён матываваў сваю просьбу тым, што жыве ў невялікім горадзе Менскай вобласьці, дзе ўсе ведаюць адзін аднаго, і яго непаўналетні сын праз распаўсюджаньне інфармацыі ў інтэрнэце зазнае насьмешкі з боку аднагодкаў.

Хадайніцтва падтрымала і маці падсуднага, матывуючы сваю просьбу тым, што інфармацыю аб працэсе могуць прачытаць яе малодшыя дочкі, якія вельмі любілі падсуднага. У дадатак і сам абвінавачаны заявіў, што вялікая колькасьць людзей у залі перашкаджае яму канцэнтравацца і даваць паказаньні.

Пасьля перапынку судовая калегія задаволіла хадайніцтва, і цяпер працэс працягваецца ў закрытым рэжыме. 

Слонімскі скульптар Леанід Богдан і ягоная жонка Тамара былі забітыя ў канцы красавіка. Іх унуку Аляксандру Грудзько на момант учыненьня злачынства было 17 гадоў. 

Канфлікт пачаўся праз тое, што яны знайшлі ў яго электронную цыгарэту і падумалі, што гэта наркотык. Гэта выклікала гнеў унука, і ён узяў у рукі нож і мэталёвы шуфлік. 

Дзед яшчэ быў жывы і прасіў выклікаць «хуткую», але ўнук прынёс сякеру і дабіў яго. 

Пасьля гэтага хлопец прыйшоў у царкву і ва ўсім прызнаўся сьвятару. Аляксандар Грудзько абвінавачваецца ва ўчыненьні забойства, прадугледжанага пп. 6, 8, 16, ч. 2 артыкулу 139 КК (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасьцю). 

Леанід Богдан быў вядомым у Слоніме скульптарам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)