«Працэс 14-ці»: Пракурор прапануе пакараць Андрэя Кіма двума гадамі турмы

У судзе Цэнтральнага раёну Менску працягваецца суд над удзельнікамі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. Пракурор запатрабаваў прызначыць пакараньне А. Кіму — 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму, М. Пашкевічу, А. Дубскаму і А. Бондару — па 2 гады абмежаваньня свабоды — на так званай хіміі, астатнім — па 2,5 гады папраўчых працаў па месцы іх працаўладкаваньня.

12.45 Адвакатка А.Кіма Тамара Сідарэнка заявіла, што усё ў гэтай справе арганізавана паводле “пэўнай рэжысуры”: аб выбару абвінавачаных, сярод якіх няма ніводнага прадпрымальніка да таго, як ідзе працэс. Яна зьвярнула ўвагу суду, што ў сьпісе абвінавачаных ёсьць нумары, за якімі няма прозьвішчаў.

12.25 Пракурор запатрабаваў прызначыць А. Кіму пакараньне А. Кіму — 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму , М. Пашкевічу, А. Дубскаму і А. Бондару — па 2 гады абмежаваньня свабоды — на так званай хіміі, астатнім — па 2,5 гады папраўчых працаў па месцы іх працаўладкаваньня.

12.05 Пракурор прызнаў, што ў часе акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня не было перабояў у працы “хуткай дапамогі” і што да справы нельга далучаць зьвесткі пра ўпушчаную выгаду прадпрыемстваў ад гэтай акцыі, у тым ліку грамадзкага транспарту.

11.56 Пракурор Рамашэўскі пачаў свой выступ. У пачатку прамовы ён зрабіў агляд публікацыяў на інтэрнэт-сайтах аб працэсе 14-ці.

11.50 У судовую залю не прапусьцілі Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, Анатоля Сідарэвіча і яшчэ прыкладна 20 чалавек. Яны працягваюць стаяць ля брамы суду.

11.40. Працэс аднавіўся. Адвакаты патрабуюць, каб апыталі сьведак з боку абароны: Анатоля Лябедзька, Паўла Знаўца і іншых. Але судзьдзя адмовілася. Чакаецца выступ пракурора.

11.25 Чатыром абвінавачаным супрацоўнікі спэцназу міліцыі дазволілі правесьці ў судовую залю па па аднаму сябру.

11.20 У будынак суду прапусьцілі Анатоля Лябедзьку і Франака Вячорку. Каля 20-ці чалавек працягвае стаяць ля брамы суду. З суседняга пагорку іх здымае група БТ.

11.15 Спэцназ міліцыі пачаў прапускаць людзей у будынак суду. Пакуль не прапусьцілі Паўла Севярынца, Міколу Статкевіча, Анатоля Лябедзьку, Паўла Знаўца, Франака Вячорку.

10.55 Некаторыя падсудныя прайшлі ў судовую залю.

10.50 Ля брамы суду Цэнтральнага раёну Менску — два дзясяткі чалавек. З палітыкаў — Мікола Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык і Павал Севярынец. Ля брамы дзяжурыць спэцназ міліцыі і людзі ў цывільным. Далей брамы пакуль нікога на пускаюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)