Политика

Пра спорт у дзяржаўных СМІ расказваюць больш, чым пра выбары

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прыводзіць дадзеныя маніторынгу «Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. у беларускіх СМІ» за 21 лістапада-10 снежня.

Нягледзячы на тое, што ў дзяржаўных медыя палепшыліся (параўнальна з папярэднімі кампаніямі) умовы прамога доступу кандыдатаў, асноўная схема асвятлення выбарчага працэсу засталася нязменнай, што азначае наступнае:

– факусаванне ўвагі на адным кандыдаце, дзеючым прэзідэнце краіны;

– рэпрэзентацыя ў якасці галоўных асобаў выбарчага працэсу суб’ектаў, роля якіх (напрыклад, рэгіянальных камісій ці мясцовых уладаў) галоўным чынам тэхнічная;

– маргіналізацыя апазіцыйных кандыдатаў;

– змяншэнне значнасці выбараў за кошт адсоўвання выбарчай тэматыкі, што ў некаторых выпадках саступае тэме «Спорт», паказу дзіцячага Еўрабачання ці тэматыцы Усебеларускага народнага сходу;

– паведамляючы пра дадзеныя розных сацыялагічных апытанняў, часта без указання, хто іх праводзіў, тыя ж самыя СМІ ствараюць эфект перадвызначанасці вынікаў галасавання і г.д.

Разам з тым, як і падчас папярэдніх этапаў маніторынгу, не зафіксавана ніводнага выпадку, калі альтэрнатыўныя кандыдаты ці прадстаўнікі апазіцыі мелі б права на адказ у тых дзяржаўных медыя, якія тэндэнцыйна альбо перадузята ацэньвалі іхнюю дзейнасць ці выбарчыя праграмы.

Што да недзяржаўнай прэсы, то яна, як і раней, стварала шырокую карціну выбарчага працэсу. Ацэнка дзейнасці кандыдатаў і іхніх праграм была галоўным чынам збалансаванай.

Дзяржаўныя медыя: «усе апазіцыянеры на адзін твар»

Навінавая праграма «Панарама» (Першы нацыянальны канал Беларускага тэлебачання) на гэты раз хоць і меней часу адвяла дзеючаму прэзідэнту (каля 52%), аднак па-ранейшаму ігнаравала ягоных апанентаў (найбольшую ўвагу атрымаў Андрэй Саннікаў, што роўная ўсяго 2,6% часу). Як і раней, альтэрнатыўных кандыдатаў праграма рэпрэзентавала пераважна адмоўна.

Яшчэ больш выразнай стала тэндэнцыя да дэперсаніфікацыі альтэрнатыўных кандыдатаў. Тлумачэнне гэтага феномену дастаткова простае – апазіцыя не мусіць быць пазнавальнай (альбо, інакш кажучы, «усе апазіцыянеры на адзін твар»).

Пры адрознасці канкрэтных лічбаў адзначаныя вышэй тэндэнцыі характэрныя і для праграмы «Наши новости» АНТ. Праграма прысвяціла больш часу выбарчай тэматыцы, але пры гэтым асвятляла дзейнасць толькі аднаго кандыдата, прэзідэнта краіны, маргіналізуючы астатніх.

Недзяржаўныя медыя: пра альтэрнатыўных кандыдатаў нейтральна альбо збалансавана

У адзначаны перыяд «Комсомольская правда в Беларуси» болей месца адвяла альтэрнатыўным кандыдатам і, адпаведна, – меней Лукашэнку. Пры гэтым Лукашэнку яна рэпрэзентавала пераважна станоўча, а астатніх кандыдатаў выключна нейтральна. Датычна альтэрнатыўных кандыдатаў газета дастаткова шмат карысталася таксама і вызначэннем «неперсаніфікаваны кандыдат». Затое іншыя недзяржаўныя выданні яго заўважна пазбягалі.

Інтэрнет-газета naviny.by на фоне шырокай карціны выбарчага працэсу ў якасці галоўных актараў падала кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Так, Раманчук атрымаў амаль 13% плошчы сайта параўнальна з усімі астатнімі суб’ектамі маніторынгу, Лукашэнка – 12%, Някляеў – амаль 10%. Ацэнка дзейнасці гэтых кандыдатаў і іхніх праграм была надзвычай збалансаваная.

Газета «Наша ніва» пісала пра практычна ўсіх кандыдатаў, але ў гэты перыяд – найбольш пра Лукашэнку (33%) і Раманчука (амаль 11%). Дзейнасць цяперашняга прэзідэнта яна ацэньвала нейтральна і негатыўна, а Раманчука – станоўча. Як і раней, кандыдаты былі рэпрэзентаваныя галоўнымі дзеючымі асобамі выбарчага працэсу.

Газета «Народная Воля» значную ўвагу надала ўладзе (40%), якую галоўным чынам крытыкавала. Гэтак жа крытычна паставілася яна і да дзейнасці Лукашэнкі. У адрозненне ад іншых недзяржаўных выданняў, газета публікавала тэле- і радыёвыступы і праграмы большасці альтэрнатыўных кандыдатаў.

Газета «Белорусы и рынок» пры асвятленні дзейнасці суб’ектаў выбарчага працэсу прытрымлівалася пераважна нейтральнага тону. І ў гэты перыяд не надала сур’ёзнай увагі перадвыбарчым праграмам кандыдатаў.

БДІПЧ АБСЕ: 90% тэлеэфіру прысвечана Лукашэнку

Маніторынг беларускіх СМІ праводзіць таксама місія назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ. Згодна аналізу сітуацыі ў краіне з 25 лістапада па 5 снежня, з афіцыйнага старту выбарчай кампаніі дзяржаўны Першы канал прысвяціў прэзідэнту 86% палітычных падзей і навін.

Манера іх прэзентацыі была альбо пазітыўная, альбо нейтральная. Больш чым у палове дадзеных навін прэзідэнт Лукашэнка меў магчымасць звяртацца да выбаршчыкаў наўпрост. Для параўнання: астатнія кандыдаты атрымалі ў суме 14% асвятлення ў СМІ. Манера паднесеныя інфармацыі была альбо відавочна негатыўная, альбо нейтральная.

Падобную карціну назіральнікі ўбачылі і ў эфіры дзяржрадыё і тэлеканалаў АНТ і СТВ (кожны прысвяціў больш за 90% асвятлення прэзідэнту Лукашэнка).

Маніторынг таксама звяртае ўвагу на тое, што хоць дзеючы прэзідэнт не фігуруе ў рэкламных шчытах і плакатах, у Менску, Брэсце і Гомелі размешчаны шматлікія білборды са слоганам «Разам мы Беларусь», што з’яўляецца ключавым лозунгам перадвыбарнай праграмы прэзідэнта Лукашэнкі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)