Общество
Eolonir

Пра інцыдэнт з расейскім аўтааматарам

У сярэдзіне мінулага тыдня блёгасфэру абляцела навіна пра расейскага аўтааматара, які стаў ахвярай беларускіх ДАІшнікаў. Паводле словаў блёгера serni, яго спынілі на аўтастрадзе, прадэманстраваўшы на радары чыісьці 90 кілямэтраў, ды прапанавалі прайсьці ў машыну дзеля складаньня пратаколу. Блёгер заяўляе, што ў машыне міліцыянты пачалі намінаць на хабар; пасьля адмовы адзін з інспэктараў прафэсыйна зьбіў яго ды павярнуў справу такім чынам, што менавіта serni зьбіў інспэктара.Далей была дзённая адсідка ды штраф.

Дэталі можна прачытаць вось тут. Нагадаем, што выпадак прыпаў на пэрыяд, калі грамадзтва яшчэ добра памятала крэатыў Дзяржаўнае Аўтаінспэкцыі на шашы Менск-Мікашэвічы, калі пара інспэктараў, пашкадаваўшы службовыя машыны, падставіла пад таран ліхача машыны невінаватых мінакоў. Расповеды пра ранейшы “жывы шчыт” ад 7 кастрычніка 2007 году, калі тры чалавекі ў машынах-заслонах апынуліся ў шпіталях, працэс Андрэя Кіма, якога абвінавацілі ў зьбіцьці ДАІшніка, а таксама ўпадабаны нашай міліцыяй мэтад саджаць за хуліганства ды брыдкую лаянку спрыяў таму, што нікому нават і ў галаву не магло патрапіць аспрэчыць словы пацярпелага. Узгадаць таксама Сяргея Парсюкевіча, якога абвінавацілі ў зьбіцьці міліцыянта, хаця, паводле словаў прадпрымальніка, міліцыянты, наадварот, зьбівалі яго. Той, хто сачыў за падзеямі, таксама памятае пра выпадак з украінскім грамадзянінам, зь якім здарылася прыблізна тое ж, што й з serni: радар з нейкімі 120 км/ч пад носам, пагроза кіроўцу пулгакам з боку міліцыянтаў, перасьлед машыны ўкраінца, які адмовіўся падпарадкавацца шантажу, арышт у стылі баевіка, цынічныя прапановы “ахоўнікаў правапарадку” праверыць маленькую дзяўчынку – дачку кіроўцы на алкагаль, вырак за дробнае хуліганства.

Карацей, у такім выпадку наўрад ці нехта паверыць міліцыі.

Аднак на наступны дзень пасьля публікацыі ў Сеціве з’яўляецца некалькі спасылак на блёг самога serni, якія, акрамя таго, што блёгер часьцяком ня надта карэктна ставіўся да сваіх карэспандэнтаў у Сеціве ды дэманстраваў агрэсыўнасьць у камэнтарах, паказваюць наяўнасьць ня надта прыязных стасункаў з ДАІ іншых краінаў ужо на момант інцыдэнту. Пры гэтым на сваім блёзе serni адкрыта прапагандаваў магчымасьць вырашэньня спрэчных пытаньняў з ДАІ хабарам. Што, пагадзіцеся, ня надта пасуе да малюнку, апісанага ім у сваім векапомным допісу: “…я не аматар пераводзіць адміністрацыйную адказнасьць у крымінальную ”.

Падабраныя вядомым беларускім блёгерам l-u-f-t спасылкі пра дзейнасьць serni ня надта пасуюць да малюнку ахвяры ДАІ. Ствараецца ўражаньне, што гэтым разам усё ня так адназначна, як у выпадку з “жывым шчытом”. Таму карцела б, каб у рэшце рэшт грамадзтва даведалася праўду.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)