«Поўная хлусьня». Фэльчарка з Гомля, у якой быў выяўлены каранавірус, адказала Ярмошынай пра «плявок»

Фэльчарка «хуткай» з Гомля Алена Давыдава падавала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы да прэзыдэнцкіх выбараў. Сёньня на паседжаньні Цэнтральнай выбарчай камісіі стала вядома, што яе групу не зарэгістравалі, паведамляе Радыё Свабода.

Алена Давыдава

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла ці то жартам, ці то ўсур’ёз, што прыхільнікі Мікалая Статкевіча хацелі заразіць сябраў ЦВК каранавірусам.

«Прыйшла жанчына, якая хворая на каранавірус. Патрабавала асабістага прыёму. Напэўна, хацела плюнуць у маю прыёмную. А калі яе пасадзілі на карантын, ведаеце каго называла кантактам першага ўзроўню? Нашага галоўнага юрыста. Відавочна, каб вывесьці з працаздольнага стану ўвесь апарат. Гэта непрыстойна і подла», — сказала падчас паседжаньня Ярмошына.

Алена Давыдава, якая раней заяўляла пра «каранавірусны ціск» на яе, пракамэнтавала словы Ярмошынай Свабодзе.

«Гэта поўная хлусьня. Я Ярмошыну ў вочы ня бачыла. Наконт асабістага стаўленьня да гэтага чалавека я выкажу меркаваньне большасьці беларусаў — меркаваньне вельмі нэгатыўнае, мякка кажучы. І што я прыехала з каранавірусам на паседжаньне — мне ніхто на той момант пра каранавірус не казаў, гэта чарговая хлусьня. Яе словы пацьвярджаюць тое, што яна пастаянна хлусіць», — сказала Алена Давыдава.

Як сказала Свабодзе жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, на момант, калі Давыдава падавала заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы (14 траўня), станоўчага выніку тэсту на COVID-19 у яе не было (пра станоўчы вынік ёй па тэлефоне сказалі вечарам 15 траўня), і нават пры гэтым заяву яна падавала ў масцы. На паседжаньні 19 траўня Давыдавай не было.

Адамовіч дадае, што «кандыдаты пратэсту» ня мелі шчыльных кантактаў з Давыдавай — яна іх заразіць не магла, у адрозьненьне ад чальцоў ЦВК, якія на паседжаньні 19 траўня не насілі масак.

Сама Давыдава ўпэўнена, што мела «жалезную» ініцыятыўную групу, чальцы якой пацьвердзілі на камэру, што яны не адмаўляюцца ад удзелу, што яны сапраўды добраахвотна ўвайшлі ў склад ініцыятыўнай групы.

«Яны проста нас баяцца. Канечне, сьмешна, што яны баяцца фэльчарку з хуткай дапамогі і іншых людзей, за якімі няма АМАП, міліцыі, войска, але яны баяцца — нас, простых людзей», — пракамэнтавала фэльчарка. На паседжаньнях 15 і 19 траўня ЦВК адмовіў у рэгістрацыі 20 ініцыятыўным групам «кандыдатаў пратэсту» Статкевіча.

Цитата дня: «Вот так буднично и незаметно в Беларуси началась первая биологическая война»

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:89)