Мы ўкладаем свой час, грошы і энергію, бо дабро мусіць перамагчы зло.
Поўдзень памятае: на Сіцыліі нагадалі пра жахі вайны ва Украіне
Еўрапейскія сталіцы маюць дастаткова інфармацыі пра вайну Расіі супраць Украіны. Але як дагрукацца да жыхароў гарадоў меншага памеру? Праз дзеянні актывістаў.
Трапані месціцца на захадзе Сіцыліі. Паўмільёна насельніцтва – гэта больш, чым у любым беларускім абласным цэнтры (акрамя, натуральна, Мінску, які спалучае гэты статус са сталічным). Аднак нават на Сіцыліі Трапані не трапляе ў топ-3 буйнейшых гарадоў. Таму дыпламатычныя прадстаўніцтвы Украіны не планавалі везці сюды ваенную фотавыставу. Але яна адчынілася і працуе.
Арганізацыю ўзяла на сябе асацыяцыя Ucraina Mediterranea. Яе прэзідэнт Кацярына Чарняўска распавяла «Салідарнасці»:
– Мы даведаліся, што Консульства Украіны ў Неапалі ладзіць фотавыставу. Але прывезці яе ў Трапані ў нашых дыпламатаў не было магчымасці. Аднак яны згадзіліся даслаць кадры ў лічбавым фармаце.
Тады сябры асацыяцыі, у склад якой уваходзяць украінцы, італьянцы і беларусы, самі вырашылі апекавацца гэтай справай. Каб зрабіць выставу як мага больш разнастайнай, звязаліся яшчэ з шэрагам фатографаў. Тыя даслалі свае здымкі. Добра на ініцыятыву адгукнуўся і мэр Трапані, які наогул украінцам заўсёды дапамагае.
Асацыяцыя дамовілася з цудоўнай царквой святога Аўгусціна (тампліеры заснавалі яе яшчэ ўХІІ стагоддзі) пра памяшканне. Рэлігійныя арганізацыі пазычылі панэлі для фота.
У выніку выстава адбылася і атрымала вельмі добрыя водгукі. На адкрыцці чыталі украінскія вершы ў перакладзе на італьянскую мову. Прысутныя былі ўражаныя, казалі, што такіх эмоцый па тэлебачанні, дзе выкладаюць збольшага навіны, не атрымаеш.
Ucraina Mediterranea мэтай свайго існавання лічыць не толькі збор гуманітарнай дапамогі, але і супраціў дэзынфармацыі, якой зараз багата ў сацсетках ды іншых каналах.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное