Польскі палітолаг: «Лічу, што ў інтарэсах немцаў выключэнне Расіі з еўрапейскай сістэмы і ўцягванне ў Еўрасаюз Беларусі і Ўкраіны»

Чаму будучыня Беларусі з’яўляецца ключавым пытаннем для Польшчы.

Яцэк Бартосяк, Фото onet.pl

— Існаванне ў Беларусі непрыхільнага рэжыму некарыснае для Украіны і ў выніку для Польшчы, — адзначыў кіраўнік аналітычнага цэнтру Strategy&Future Яцэк Бартосяк у эфіры канала «Св*бода Premium». — Пасля падзеяў 2020 году, пасля грамадскага выбуху Расея ўзмацніла свой уплыў на Лукашэнку.

Мне ўвогуле падаецца, што вайна стала магчымай толькі пасля таго, як Расія падпарадкавала Беларусь. Аперацыя ў Кіеўскім напрамку была б немагчымай, калі б не тэрыторыя Беларусі.

Гэтая вайна стала магчымай пасля таго, як Лукашэнка стаў яшчэ больш пасіўны і падпарадкаваны Пуціну.

Беларусь, вядома ж, бок гэтага канфлікту, але Лукашэнка высылае Захаду сігналы, таксама ў Польшчу, што ён насамрэч гэтага не хацеў. Ён хітры ліс, бачыць, што ў расейцаў не атрымліваецца.

Польскі палітолаг перакананы, што вайна ва Ўкраіне згуляе вырашальную ролю ў расстаноўцы сіл у Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе.

— Гэтая вайна вырашыць статус усіх дзяржаў, якія знаходзяцца ў вобласці, якую мы ў Польшчы называем Міжмор’ем. Гэта Балтыйска-Чарнаморскі мост, заціснуты паміж Нямеччынай і Расіяй.

Гістарычна так ёсць, што вялікая вайна ў Міжмор’і вырашае статус усіх краін і народаў Міжмор’я.

Гэта вайна за ўсё. За нашу суб’ектнасць — вашу і маю, каб немцы і французы ўспрымалі нас як роўных, а не як крыніцу таннай рабочай сілы, з якой не варта лічыцца.

Каб успрымалі нас як гераічных пераможцаў з-пад Кіева, як людзей, якія здольныя лятаць у космас, у якіх ёсць сапраўдныя заводы, як людзей, якія дбаюць пра сябе, як культурных людзей.

Бо пакуль такімі яны бачаць на ўсходзе толькі расейцаў. Яны не ведаюць гісторыю гэтых земляў. Плюс да таго ў новыя часы тут не было палітычнага кіраўніцтва, а ўсё вырашалі расейцы, і ў Беларусі, і ў Польшчы.

Яны вырашалі нават, якія гарады нам будаваць або не, як мусяць выглядаць аўтастрады. Тое самае і ва Ўкраіне. Яны прызвычаіліся, што размаўляць трэба менавіта з імі — і за гэта ідзе вайна.

Расейцы запатрабавалі сабе статус, які меў СССР. Але яны гэтага не атрымалі і вырашылі даказаць сілай, што яны гэта заслугоўваюць. І цяпер яны прайграюць.

Пуцін хацеў даказаць Захаду, што на гэтай тэрыторыі, у Беларусі і Ўкраіне, пануе Расія, і каб ніхто туды не ўлазіў. За гэта ідзе вайна, каб ніхто яму не перашкаджаў. Але амерыканцы і палякі сказалі, што будуць перашкаджаць.

А вось немцы і французы змірыліся б. Украінцы перамаглі пад Кіевам, і немцы мусілі адрэагаваць. Паглядзім, якое рашэнне прымуць нямецкія і французскія эліты. У мяне пакуль няма пераканання, што, дзякуючы высілкам украінскага жаўнера, яны ўжо прынялі рашэнне, што будуць прымаць Украіну і Беларусь у Еўрасаюз.

Я лічу, што ў інтарэсах немцаў выключэнне Расеі з еўрапейскай сістэмы і ўцягванне ў Еўрасаюз Беларусі і Украіны, а таксама стварэнне ўзброеных сіл ЕС, якія б баранілі гэты перыметр, эканамічную тэрыторыю. Але магчыма ў нямецкіх уладароў эканомікі іншыя планы — дамовіцца з Кітаем і Расіяй, у чым я іх і падазраю, — дзеліцца палітолаг.

У той жа час ён падкрэслівае, што меркаванне Лукашэнкі пра тое, што Польшча рыхтуецца да вайны з Беларуссю, не маюць пад сабой ніякай падставы.

— З перспектывы вялікай стратэгіі польскай дзяржавы, гісторыі гэтай зямлі апошнія 600 гадоў, Беларусь і яе геастратэгічная арыентацыя, яе пазіцыя адносна Расіі або Польшчы ці Украіны абсалютна ключавая.

Будучыня Беларусі абсалютна ключавая для Польшчы. Не толькі з пункту гледжання непасрэднай ваеннай пагрозы ў варшаўскім напрамку, за 200 км ад мяжы, на вялікай восі ваенных паходаў з Масквы праз Смаленскую браму ў Мінск, Брэст, Гродна, Варшаву, Познань, Берлін. Колькі разоў расейскія жаўнеры ішлі гэтай дарогай. Таму гэта абсалютна ключавая справа.

Статус Беларусі можа вырашыць украінскае войска. Калі ўкраінцы перамогуць у вайне, перамогуць сухапутную армію Расеі, а такі шанец ёсць, тады ўзброеныя сілы вырашаць лёс Беларусі. Статус Беларусі вырашыць сіла. Але ў Польшчы няма ніякіх планаў і магчымасцяў весці вайну ў Беларусі.

У інтарэсе польскай дзяржавы выціснуць Расею па-за палітычную сістэму Еўропы, ідэальна — распад Расеі і яе глыбокая слабасць, накшталт смуты. Смута пасля смерці Івана Грознага, Барыс Гадуноў, перад прыходам да ўлады Раманавых. Найлепш, каб гэта паўтарылася. Або тое, што было пасля распаду СССР, калі быў хаос.

Я спадзяюся, што гэтая вайна давядзе Расею да такога стану. Тады мы зможам жыць і дыхаць свабодай, а Беларусь зможа самастойна вырашаць сваю геапалітычную арыентацыю.

Падаецца, што ўкраінцы ўжо хочуць да гэтага прывесці. Вайна прыспешвае і радыкалізуе пэўныя рэчы. Мы іх цалкам падтрымліваем. Тады будзе шанец і для глыбокіх палітычных пераўтварэнняў і свабоды ў Беларусі.

Пасля перамогі над Расіяй, а найлепш пасля яе распаду, такога аслаблення, з якім яна б ужо нічога не змагла зрабіць, вырашыцца лёс нашых дзяцей і ўнукаў, каб Расія ўжо ніколі не вярнулася да Віслы. І для таго, каб у Беларусі таксама з’явіліся свабода і поле для манеўраў, для гэтага таксама патрэбная перамога над Расіяй і яе аслабленне, — робіць выснову польскі палітолаг.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(24)