Польскі аналітык: «Свет ужо не забудзе пра беларусаў. Беларусь можа стаць Паўднёвай Карэяй у Еўропе»

Польскі журналіст і сацыёлаг Славамір Серакоўскі — пра тое, чаму менавіта палякі сталі для Лукашэнкі галоўнымі ворагамі і чаму ў свеце ўжо не забудуцца на беларусаў.

— Палякі сталі галоўнымі ворагамі для Лукашэнкі, а які ёсць выбар? Расія — не, Літва — замалая. На маю думку, Літва паводзіць сябе фантастычна ў дачыненні як да беларусаў, так і да ўкраінцаў, — кажа Славамір Серакоўскі ў інтэрв’ю «Е*рарадыё». — Я лічу, што ў Лукашэнкі няма выбару, таму ворагам мусіць быць Польшча, бо яна заўсёды ўяўлялася як нацыяналістычная краіна, да таго ж Польшча мае каланіяльную віну перад беларусамі.

Славамір Серакоўскі. Фота: fakt.pl

Думаю, што так Лукашэнка спрабуе стварыць антаганізм паміж народамі, каб трымаць у коле сваё грамадства. Гэта такое падбухторванне палякаў і беларусаў адно супраць аднаго.

Але мне падаецца, што нашы грамадствы ўжо зарыентаваліся, што мы мусім трымацца разам, што ў будучыні не будзе вольнай Польшчы без вольнай Беларусі і Украіны. Падаецца, што Беларусі таксама патрэбны вольная Украіна і вольная незалежная Польшча, бо мы заўсёды будзем на баку беларусаў, а не дыктатара ці яго расійскага кіраўніка.

Эксперт лічыць, што пасля змены рэжыму ў Беларусі палітыка Еўрасаюза адносна Беларусі можа змяніцца толькі на яшчэ больш прынцыповую.

— Мяркую, што Еўрасаюз і Польшча востра зацікаўленыя ў Беларусі. Я перакананы, што дапамога будзе пастаяннай і, хутчэй, яна будзе павялічвацца, чым зварочвацца.

Я заўсёды стараюся паўтараць у размове з еўрапейскімі ці польскімі палітыкамі, што трэба ўяўляць Беларусь краінай, якая можа быць Паўднёвай Карэяй у Еўропе, то бок краінай, якая ўжо фантастычна гатова да сістэмнай трансфармацыі ў бок дэмакратыі.

І што гэта можа быць вялікі эканамічны поспех — у вас вельмі добра адукаванае грамадства, асабліва тэхнічна, добрыя дарогі, высокая культура працы, кіравання. Я думаю, Еўропа эканамічна атрымала б шмат з гэтага, бо Беларусь будзе еўрапейскім тыграм.

Аналітык пагаджаецца: вайна ва Украіне таксама скіроўвае ўвагу на Беларусь.

— Зразумела, чаму так адбываецца: гэта вынікае з карты — з таго, адкуль прыйшла пагроза Украіне. Людзі, а асабліва вайскоўцы, разумеюць значэнне Беларусі, бо беларусы звярнулі на сябе ўвагу цэлага свету пратэстамі 2020 года, якія не маглі не ўразіць.

Палітыкі пра гэтыя падзеі памятаюць. Яны ўражаныя вашымі грамадзянскімі пратэстамі. Гэта будуць памятаць нават праз стагоддзі. Беларусы не адныя, свет пра іх больш не забудзе, хаця раней можа і нічога не ведалі пра Беларусь.