Польшча адказала на Плошчу бясплатнымі візамі і магчымымі санкцыямі

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі прыняў рашэньне аб адмене зь 1 студзеня 2011 году платы за выдачу нацыянальных польскіх візаў грамадзянам Рэспублікі Беларусь.

Гэтае рашэньне прынятае ў знак салідарнасьці зь беларускі народам, які падчас выбараў 19 сьнежня паслаў магутны сыгнал падтрымкі дэмакратычным рухам. «Мы хочам дапамагчы нашым суседзям ва ўмацаваньні эўрапейскай ідэнтычнасьці праз больш частыя кантакты з палякамі ды іншымі грамадзянамі Эўрапейскага Зьвязу», — гаворыцца ў паведамленьні, якое зьмяшчае сёньня сайт польскага МЗС.

За польскую нацыянальную візу беларусы раней плацілі 20 эўра. Ад пачатку 2010 года тры польскія консульствы (Берасьце, Горадня, Менск) выдалі 172.486 візаў беларускім грамадзянам.

Польшча таксама заявіла, што пакідае за сабой права прыняць меры па недапушчэньні ўезду на тэрыторыю краіны беларускіх службоўцаў, адказных за хвалю рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці ў сувязі з падзеямі 19 сьнежня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)