Подпісы за бел-чырвона-белы сцяг перадалі чыноўнікам

8 жніўня, актывісты кампаніі па зборы подпісаў за ўключэнне бел-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў перадалі звароты ў Міністэрства культуры і Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Кампанію па зборы подпісаў «БМАgroup», «Арт Сядзіба» і «Рок-салідарнасць» пачалі ў пачатку лета. За паўтары месяцы на паштовую скрыню прыйшло каля 60 лістоў, а агульная колькасць подпісаў дасягнула тысячы.

Распачынальнікі кампаніі не збіралі подпісы самі — уся кампанія адбылася толькі дзякуючы ініцыятыве людзей знізу. «Рок-салідарнасць» займалася арганізацыйнымі пытаннямі і выданнем дыска «Сімвалы веры і свабоды», які таксама быў перададзены чыноўнікам разам з подпісамі. «Арт Сядзіба» ўзяла на сябе інфармацыйны бок кампаніі і распаўсюд звароту ў інтэрнэце. А «БМАgroup» вылучыла кнігі, значкі і дыскі для актыўных удзельнікаў кампаніі.

Лісты з подпісамі прыходзілі з усіх абласцей Беларусі. Таксама подпісы збіраліся ў кнігарні «Логвінаў», офісах БНФ і АГП ды сябрамі гомельскай «Талакі». 40 чалавекам, якія пазначылі свае зваротныя адрасы на канвертах, 7 жніўня былі дасланыя прыемныя падарункі, як удзячнасць за ўдзел у кампаніі. Большасць подпісаў даслалі жыхары Мінску, таксама адгукнуліся жыхары Дзятлава, Чэрвеня, Маладзечна, Вілейкі, Клецку, Гродна, Магілёва, Віцебску, Гомеля і іншых гарадоў.

У выніку збору подпісаў пад зваротам было пастаўлена каля 1000 подпісаў. Арыгіналы подпісаў 8 жніўня былі перададзеныя ў прыёмную Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а адсканаваныя падпісныя звароты адпраўленыя на e-mail міністэрства.

Копіі подпісаў былі перададзеныя дырэктару Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Уладзіміру Адамушку. У 2010-м годзе ён, будучы намеснікам старшыні Геральдычнага савета пры прэзідэнце, аб’явіў пра ўнясенне герба «Пагоня» ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

У 2010 годзе Міністэрства культуры ўжо давала адказ на аналагічны зварот. Тады чыноўнікі не палічылі неабходным уносіць бел-чырвона-белы сцяг у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, спаслаўшыся на тое, што сцяг стаў знакам Беларускай Народнай Рэспублікі на прапанову дзяржаўнага сакратара БНР Клаўдзія Дуж-Душэўскага толькі на пачатку 1919 года.

Цяпер арганізатары кампаніі вырашылі нагадаць уладам, што менавіта пад гэтым сцягам даваў прысягу першы прэзідэнт Беларусі, і ён быў дзяржаўным першыя гады існавання Рэспублікі Беларусь.

«Калі яго не прызнаюць гістарычнай і культурнай каштоўнасцю, то тады, атрымліваецца, можна выкрэсліць з гісторыі краіны першыя гады незалежнасці, калі сцяг быў дзяржаўным? Мне падаецца, што такое рашэнне будзе дзіўным і для большасці беларусаў незразумелым, калі сімвал, пра які напісана ў кожнай кніжцы па гісторыі Беларусі адмовяцца прызнаць гістарычнай і культурнай каштоўнасцю ды ўключыць у адпаведны спіс», — мяркуе адзін з ініцыятараў кампаніі Павел Белавус.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)