«Плошчу Леніна» вырашылі захаваць па просьбе 30 чалавек

Пра гэта гаворыцца ў лістах, якія атрымаў намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зь Менгарвыканкаму і ад прадпрыемства «Мінскі метрапалітэн». Палітык зьвяртаўся з прапановай перайменаваць станцыю мэтро «Плошча Леніна» у «Плошчу Незалежнасьці».

У адказах дзяржаўных установаў гаворыцца, што гарадзкая камісія па найменаваньні і перанайменаваньні 2-га сакавіка 2010 года пагадзілася з прапановай перайменаваць гэту станцыю. Рашэньне камісіі было апублікавана ў мясцовых мэдыях «для збору водгукаў жыхароў горада». Тады ў Менгарвыканкам было даслана больш за 40 меркаваньняў, зь якіх 31 за захаваньне назвы «Плошча Леніна». Таму 17 траўня 2010 года было вырашана захаваць старую назву «з улікам меркаваньняў жыхароў горада».

У фэйсбуку палітык заклікаў накіроўваць лісты да кіраўніцтва Менскага гарвыканкама і метрапалітэна з патрабаваньнем вярнуць станцыі мэтро сапраўдную назву «Плошча Незалежнасьці».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)