Аліна Машкова
“Пісьменнікі ў эміграцыю не збіраюцца. Аніяк”

Адразу чатыры замежныя творчыя арганізацыі прапанавалі прытулак Саюзу беларускіх пісьменнікаў: маскоўскі, літоўскі, польскі і украінскі. Жыллёвае пытанне ў ліку асноўных разглядалася на з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў, які адбыўся 22 кастрычніка. “Калі ўлада адпіхае і гатовая нават выгнаць у эміграцыю ўсіх сваіх народных пісьменнікаў і самых таленавітых паэтаў — гэта вар’яцтва, — пракаменціраваў “Салідарнасці” сітуацыю, якая склалася, паэт Генадзь Бураўкін.

Прыемна уладзе ці не, але ёсць у Беларусі Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Ніл Гілевіч і яшчэ паўтысячы літаратараў, якія не пажадалі пець з чужога голаса. Больш за палову з іх сабраліся на з’езд. Кворуму з каптурком было не да рыфмаў і эпітэтаў — выступаючыя мусілі ашчадна ставіцца да часу, бо ўпершыню за апошнія трыццаць гадоў Саюз беларускіх пісьменнікаў вырашаў надзённыя пытанні не ва ўласным, а ў арэндаваным памяшканні.

Нагадаем, што 30 жніўня Саюз быў выселены з Дома літаратара. Гэта адбылося пасля таго, як 2 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд задаволіў пазову Упраўлення справамі прэзідэнта да СБП аб выплаце 55,5 млн. рублёў і высяленні з памяшканняў Дома літаратара.

Вырашаць жыллёвае пытанне, якое сапсавала жыццё літаратараў, ізноў давядзецца Алесю Пашкевічу — яго абралі старшынёй Саюза, які цяпер будзе існаваць супольна з Літаратурным фондам. Яшчэ адна праблема, якая паўстала перад незалежнымі паэтамі і пісьменнікамі, — інфармацыйны вакуум, што ўтварыўся пасля таго, як штотыднёвік “Літаратура і мастацтва” стаў друкаваным органам альтэрнатыўнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. На з’ездзе ішла гаворка пра тое, што трэба выдаваць калі не газету, дык хаця б бюлетэнь, а таксама пра стварэнне ў Інтэрнеце віртуальнай бібліятэкі твораў беларускіх літаратараў. Чатырох з іх — Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Сяргея Законнікава і Васіля Зуёнка “за важкі ўнёсак у адраджэнне духоўнасці і асабістыя дасягненні ў літаратурнай творчасці” узнагародзіў медалямі Нацыянальны саюз пісьменнікаў Украіны. Яго старшыня Уладзімір Яварыўскі, які таксама ўзначальвае камісію па культуры Вярхоўнай Рады Украіны, выступаючы на з’ездзе, запэўніў, што творчы саюз незалежных беларускіх літаратараў можа разлічваць на прытулак у суседняй дзяржаве. Афіцыйныя прапановы “прапісацца” за мяжой паступілі таксама ад пісьменніцкіх арганізацый Масквы, Літвы і Польшчы.

— Мы ўдзячныя усім калегам найперш за маральны прытулак. Але Саюз беларускіх пісьменнікаў будзе існаваць у Беларусі, у Мінску. Пісьменнікі не збіраюцца ў эміграцыю. Аніяк, — паведаміў “Салідарнасці” Алесь Пашкевіч. — Пашырэнне перакладаў твораў — адзіны варыянт эміграцыі, які мы прадугледжваем.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)