Общество
Юлія Аляксандрава

Піпі Доўгаяпанчоха пазнаёмілася з беларускімі чытачамі

10 сакавіка ў Мінску прэзентавалі беларускі пераклад знанага шведскага твора “Піпі Доўгаяпанчоха”. “Піпі” па-беларуску прадставілі дачка Астрыд Ліндгрэн – Карын Нюман, перакладчык на беларускую мову – Зміцер Плакс, амбасадар Швецыі ў Мінску – Стэфан Эрыксан.

У межах святкавання 100-годдзя Астрыд Ліндгрэн па ўсім свеце праводзяцца святочныя мерапрыемствы. Не стала выключэннем і Беларусь. 10 сакавіка ў Мінску адбылася прэзентацыя перакладу знанага твора Ліндгрэн “Піпі доўгаяпанчоха”. Прысутныя пачулі ўрывак з арыгінальнага тэксту на шведскай мове, які прачытала дачка Астрыд Ліндгрэн – Карын Нюман. Менавіта яна калісьці прыдумала імя Піпі і натхніла маці на напісанне твора.

Кавалак перакладу прачытаў Зміцер Плакс. Зараз беларускія дзеці змогуць пазнаёміцца з вясёлай рудой дзяўчынкай на роднай мове.

Роля вядучага імпрэзы дасталася Стэфану Эрыксану, які, як заўсёды, парадаваў публіку выдатнай беларускай мовай. А перад тым, як даць слова перакладчыку “Піпі” – Зміцеру Плаксу, Стэфан прадухіліў магчымыя прыдзіркі слухачоў:

- Калі нешта там не так напісана, вы... самі перакладзіце, каб было лепей.

Па словах самога Плакса, беларуская “Піпі” атрымалася такой, якая яна ёсць насамрэч, без розных прыўкрас.

Як апынулася, у беларускай Піпі ўжо паспелі з’явіцца першыя прыхільнікі: свой пераклад Зміцер Плакс “пратэсціраваў” на пяцігадовым сыне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)