Комментарии
Павел Печанько

Петыцыя антыпараду

Жарсці вакол рэпетыцыі параду нагадалі адну падзею 14-гадовай даўнасці.

На пачатку ліпеня 2003 года я з сябрамі-аднакурснікамі трапіў на фэст сярэднявечнай культуры «Старажытны Нясвіж», прымеркаваны да 780-годдзя горада. Ехалі чыгункай да Гарадзеі, адкуль збіраліся даехаць да Нясвіжа прыгарадным аўтобусам. На месцы аказалася, што аўтобусы банальна не спраўляюцца развозіць усіх жадаючых.

Давялося нам ісці тыя 15 км пешшу. У дарозе мы назіралі шчыльную плынь аўтамабіляў і досыць вялікую калону людзей, якія, як і мы, вымушаныя былі дабірацца сваім ходам.

У самім Нясвіжы таксама было дасыць тлумна. Невялікі горад відавочна не спраўляўся з такой колькасцю гасцей: велічэзныя чэргі былі ўсюды, дзе толькі можна — да латкоў з ежай і напоямі, у прыбіральні і нават у парк.

Каб трапіць туды, трэба было літаральна некалькі гадзін вельмі павольна ісці па дамбе ад касцёла да замка. Як пасля расказвалі мясцовыя жыхары, фэст тады наведала каля 100 тысяч чалавек.
Прычын такога ажыятажу вакол фэсту сярэднявечнай культуры некалькі. Як адзначалася на сайце mir-nesvizh.com, «дни проведения фэста «Старадаўнi Нясвiж» очень удачно совпали с большими общереспубликанскими выходными по случаю Дня независимости Беларуси».

Па-другое, мерапрыемства актыўна рэкламавалася беларускімі тэлеканаламі, чаго не было, напрыклад, з папярэднмі падобнымі фэстамі ў Наваградку. Пазней неаднойчы давялося чуць, што такім чынам менчукі ўцяклі са сталіцы, пакуль там праводзіўся «галоўны дзень горада» з парадам і ўсеагульным разгуляем.
Падобныя стыхійныя «дэмаршы» часткі жыхароў сталіцы падчас святкавання афіцыйнага Дня Незалежнасці здараліся і пазней: менчукі масава ехалі на пікнікі, на лецішчы ці нават за мяжу.

У выпадку збегу дат, калі надараюцца т.зв. доўгія выходныя, падобныя «сыходы» здараюцца і на іншыя дзяржаўныя святы. Выпадак у Нясвіжы прадэманстраваў маштабы з’явы, а таксама выявіў цікавы факт: значная колькасць беларусаў страціла цікавасць да дармовых афіцыёзных мерапрыемстваў і здольная да праяваў істотнай мабільнасці ў выпадку наяўнасці альтэрнатывы. Нават калі гэтая альтэрнатыва далёка не бясплатная. Пагадзіцеся, куды прасцей даехаць з Зялёнага Луга ці Малінаўкі ў цэнтр горада на парад, чым дабірацца да Нясвіжа, шукаць там месца для начоўкі, вырашаць пытанні з харчаваннем і г.д. Тым не менш дзесяткі тысяч жыхароў сталіцы ігнаруюць афіцыйныя мерапрыемствы.
Вядома, улады не зрабілі з гэтага трагедыі і парады з вайсковай тэхнікай не адмянілі. Таму штогод жыхары сталічнага праспекта Незалежнасці і шэрагу гарадскіх вуліц перажываюць незабыўныя чэрвеньскія рэпетыцыі параду, калі ад грукату вайсковай тэхнікі дрыжаць шыбы ў вокнах, а асфальтавае пакрыццё пераўтвараецца ў тартак.

Сёлетні парад з нагоды Дня Незалежнасці адметны неадпаведным няпростай эканамічнай сітуацыі ў краіне размахам і помпай. Маштабныя рэпетыцыі выклікаюць шматлікія нараканні ў гараджанаў, якія пры ўдзеле грамадскіх актывістаў распачалі збор подпісаў за адмену вайсковых парадаў у сталіцы. У сацыяльных сетках гучаць прапановы вынесці падобныя мерапрыемствы за межы горада, а наведванне іх зрабіць платным. Каб аматары падобных відовішчаў хаця б часткова кампенсавалі са сваёй кішэні нятаннае шоў. Прэс-сакратар Мінабароны адрэагаваў на петыцыю супраць параду дастакова нервова, назваўшы падпісантаў «ідэйнымі нашчадкамі Вільгельма Кубэ». На тле няпростай эканамічнай сітуацыі ды эпапеі з падаткам на дармаедства рэакцыя на заклік да эканоміі і ашчаднасці мусіла быць зусім іншай.

Кіраўніцтва дзяржавы сваімі дзеяннямі само прымушае грамадзян пераходзіць ад пасіўнага ігнаравання афіцыёзных мерапрыемстваў да больш актыўных дзеянняў. Як бы ў выніку Дзень Незалежнасці не стаў нефармальным днём незалежнасці істотнай часткі грамадзян ад уласнай дзяржавы. Індывідуальны вопыт ёсць шмат у каго. Зараз з’явіўся досвед калектыўных дзеянняў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)