Политика
Анастасія Зелянкова

«Першыя намёты на Майдане Незалежнасці падчас «памаранчавай рэвалюцыі» ставілі беларусы»

21 лiстапада Украіна святкуе пяцігоддзе “памаранчавай рэвалюцыі”. Пра тое, што адбывалася тады на Майдане Незалежнасці, як беларусы дапамагалі ўкраінцам адстойваць дэмакратыяю і што было самае страшнае, расказаў “Салідарнасці” арганізатар і кіраўнік беларускага руху падчас тых падзей Вячаслаў Сіўчык.

Вячаслаў Сіўчык

— Раскажыце, як вас занесла ў Кіеў падчас “памаранчавай рэвалюцыі”? Адкуль ўзнікла такое жаданне адстойваць правы і свабоды ўкраінцаў?

— Практычна арганізацыя паездкі ў Кіеў пачыналася ў камеры на Акрэсціна. Справа ў тым, што пяць гадоў таму, напярэдадні “памаранчавай рэвалюцыі”, Алякасндр Лукашэнка правёў чарговы рэферэндум дзеля таго, каб захаваць сваю ўладу. Супраць гэтага ў Мінску людзі выйшлі на плошчу. Прычым выйшлі дастаткова масава. Пратэсты працягваліся не адзін дзень. У выніку былі заведзены адміністрацыйныя справы, дастаткова шмат людзей апынулася на Акрэсціна. Практычна там, у камеры і было вырашана ехаць ў Кіеў.

Канешне, мы не прадбачылі тады “памаранчавай рэвалюцыі”, але спадзяваліся на пэўныя падзеі і хацелі зрабіць усё ад нас залежнае, каб расейскі імперыялізм не атрымаў украінскага прэзідэнта. У 2004 годзе, як вядома, Расія рабіла ўсё магчымае, каб прызначыць прэзідэнтам Украіны Віктара Януковіча. Беларускі інтарэс быў у тым, каб супрацьстаяць гэтаму.

Я сам асабіста прыехаў у Кіеў 18 лістапада, а 21 лістапада ў нашай групе было ўжо больш за 200 чалавек.

— Як праявілі сябе беларусы падчас гэтых падзей?

— Цікава, што першыя намёты на Майдане Незалежнасці ставілі менавіта беларусы. Справа ў тым, што ўкраінцы ў дзень выбараў былі заняты назіраннем, існавалі планы арганізаваць альтэрнатыўны падлік галасоў. Мы ж назіраннем не займаліся і засталіся начаваць на самім Майдане, а 21 лістапада там былі ўстаноўленыя першыя намёты. Ужо на наступны дзень па закліку Юліі Цімашэнкі пачалося намётавае мястэчка на Хрышчаціку, якое і бачыў увесь свет.

Дарэчы, яшчэ перад выбарамі каля месяца намётавае мястэка стаяла на плошчы Кантрактовай. Калі ў дзень выбараў адтуль была арганізавана дэманстрацыя на Майдан Незалежнасці, беларусы ішлі асобнай калонай. Мы неслі больш за 20 бел-чырвона-белых сцягоў. Хацелася, каб украінцы, якія ўжо былі на Майдане – іх тады было яшчэ няшмат — атрымалі зарад бадзёрасці і адчулі, што яны не адны. Людзей гэта вельмі уразіла. Нас нават папрасілі прайсціся па Майдану яшчэ некалькі разоў.

— А што было самым складаным у тыя дні?

— Пагодныя ўмовы аказаліся проста жахлівыя. Было вельмі холадна. Я, думаю, можа, гэта і ўратавала людзей ад таго, што ўлады так і не прымянілі супраць іх гвалт. Але ж было вельмі цяжка. Уявіце: турыстычныя намёты стаялі аж да сярэдзіны снежня. Ды і дастаткова працяглы час была пагроза, што ўлады могуць гвалтоўна разагнаць нас. Людзі, натуральна, вельмі стаміліся. Многія хварэлі. Толькі ў нас было некалькі чалавек, якія атрымалі на Хрышчаціку запаленне лёгкіх. З-за маразоў спаць амаль што не прыходзілася.

Але, нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасці, людзі не сыходзілі. Я ніколі не забуду, як на перыметры, каля намётавага мястэчка на Хрышчаціку пад раніцу стаялі валыняне, а іх вейкі былі пакрытыя ільдом. Аднак яны працягвалі стаяць. Людзі з Заходняй Украіны ўвогуле прыязджалі ў джынсах і красоўках, абсалютна не ведаючы, якія маразы іх тут чакаюць.

Але гэта былі гістарычныя падзеі. І беларусы паказалі, што таксама гатовыя да ўсяго.

— Гэты вопыт потым быў пераняты на Плошчы?

— Гэтыя падзей хутчэй далі досведу нашай моладзі. Для іх гэта было вельмі неабходна, бо яны звыкліся да дробных акцый, хоць і цяжкіх. Напрыклад, тую дэманстрацыю, якая ішла ад плошчы Кантрактовай да Майдану вялі Мікіта Красноў – кіраўнік “Вольнай моладзі” і Артур Фінькевіч – сённяшні лідэр “Маладой Беларусі”. У старэйшых жа быў досвед, бо мінскія маніфестацыі адбываліся яшчэ пры камуністах.

Найбольш мяне тады ўразіла масавасць падзей ў Кіеве. Гэтага я абсалютна не прадбачыў. А яшчэ я заўважыў, што падчас рэвалюцыі на месцы адчувалася вялікая розніца паміж штабамі і простымі людзьмі на вуліцы. Далейшыя падзеі паказалі, што невыпадкова штабы былі асобна ад украінскай нацыі.

— Зараз, праз пяць год гледзячы на тое, што робіцца на Украіне, вы не лічыце дарэмнымі свае намаганні?

— Гэта было недарэмна. Так, як я, думаюць практычна ўсё, хто ўдзельнічаў у тых падзеях. Канешне, шкада, што ўкраінская нацыянальная эліта аказалася вельмі слабой і не змагла выкарыстаць гераічны подзвіг украінскай нацыі і саму “памаранчавую рэвалюцыю”. Шкада, што дагэтуль не вызначаны лёс Украіны — а мы ж ад гэтага таксама залежым.

А тым, што прымалі ўдзел у тых гістарычных падзеях, мы ганарымся. Хацеў бы таксама прывітаць ўсіх украінцаў і павіншаваць з пяцігоддзем “памаранчавай рэвалюцыі”. І пажадаць ім, каб наступныя прэзідэнцкія выбары не зрабілі небяспекі для Украіны.

— А чаму ў нас не атрымалася паўтарыць украінскі сцэнар на Беларусі?

— Яшчэ атрымаецца. Мы яшчэ пабачым мільёны беларусаў на вуліцах Мінска.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)