Комментарии
Ігар Тышкевіч

Першы камень з падмурку дамінавання РПЦ

Мы звыкліся з думкаю пра тое, што руская праваслаўная царква дамінуе сярод царкоў усходняга абраду.

Гэта кажуць святары (натуральна, святары РПЦ). Гэта чуем з тэлебачання, чытаем у газетах. Сапраўды, РПЦ – адна з найбольш магутных праваслаўных супольнасцяў. Аднак тэзіс пра яе «выключнасць» відавочна перабольшаны. І сёння мы атрымліваем чарговае пацвярджэнне.

Сабор і царква

У гэтыя дні на Крыце адбываецца Восьмы Праваслаўны Сабор. Так, менавіта восьмы. Сёмы склікаўся больш за тысячу год таму. І за гэты час у праваслаўным свеце назапасілася процьма пытанняў, што патрабуюць узгаднення.

Дваццатае стагоддзе толькі дадало выклікаў. Свет мяняецца. Мусіць мяняць сваю працу і царква. На першы погляд усё лагічна. І сабор мае адбыцца.

Але як заўсёды у справу ўмешваецца палітыка. Так сталася, што ў пачатку 19 стагоддзя Расія засталася адзінай вялікай незалежнай праваслаўнай дзяржавай у свеце. Гэта паўплывала і на пазіцыі Рускай Праваслаўнай Царквы. РПЦ пры падтрымцы цароў ды імператараў пачала пакрыху «прыбіраць да рук» суседнія цэрквы. Альбо прынамсі уцягваць іх у зону свайго уплыву.

Свецкім уладам такое было карысна. Ня дзіва, што нават бальшавікі пасля кароткага прамежку «барацьбы з опіумам для народу» дазволілі стварэнне Сіноду і пачалі выкарыстоўваць паміж іншым і рэлігійны механізм уплыву.

Сёння тэзіс пра «выключную ролю» рускай праваслаўнай царквы з'яўляецца адным з асноўных у канцэпцыі «русского мира». І менавіта рэлігійны фактар дазваляе Маскве нават у часы крызісу абгрунтоўваць сваё права выступаць арбітрам на досыць вялікай тэрыторыі. Прынамсі ў «славянскім свеце».

Дарэчы, канцэпцыя «славянізма» была сфармуляваная не праваслаўнымі. Яна нарадзілася сярод каталіцкай інтэлігенцыі ў Харватыі. А ў міжваенны час актыўна развівалася і прасоўвалася прэзідэнтам Чэхіі Т. Масарыкам. Але гэта так, лірычнае адступленне.

Сёння прыхільнікі РПЦ называюць сваю царкву «аплотам праваслаў'я». Аднак нават у дыптыху праваслаўных цэркваў руская толькі на пятым месцы. Пасля чатырох «усяленскіх» патрыярхатаў – Канстантынопальскага, Александрыйскага, Антыахійскага, Іерусалімскага. Ды й тое, 5-е месца РПЦ аспрэчваецца Грузінскай і Сербскай цэрквамі. Яны нашмат старэйшыя.

Спрэчкі ёсць. І ў кожнай царквы ёсць свае планы на развіццё. Якія ўжо даўно йдуць асобна ад «рускай каляіны». Не было толькі фармальнай дэманстрацыі стану рэчаў.

Адпаведна такое мерапрыемства як Усеправаслаўны Сабор станам на сёння вельмі ня выгадны Маскве. Але ж і адмовіцца ад яго падрыхтоўкі неяк не выпадае.

Таму РПЦ брала ўдзел у кансультацыях па ягонаму скліканню у 1921 годзе, у 1961 і ў 1976-м. І кожны раз знаходзіліся прычыны «адкласці ягонае правядзенне». Так адбывалася і цяпер. Кансультацыі былі. Але чым бліжэй падыходзіла дата, тым актыўней ездзілі супрацоўнікі аддзелу знешніх царкоўных зносін па краінах с праваслаўным насельніцтвам.

Хто не прыехаў і чаму

І трэба адзначыць, яшчэ два гады таму магчымасць зрыву Сабору успрымалася як рэальная. Тым не меней Сабор пачаў сваю працу. На яго прыехалі прадстаўнікі 10-і з 14-і праваслаўных цэркваў.

Дык атрымліваецца, што тры цэрквы знаходзяцца пад уплывам РПЦ? Багата. Але такі тэзіс ёсць хібным. Пераканацца можна проста – паглядзеўшы першакрыніцы. А менавіта хто і чаму адмовіўся.

Натуральна, чытаць РІА «Новості» альбо сайт РПЦ у такім варыянце – уводзіць сабе у зман. Прасцей пачытаць заявы і публікацыі на сайтах саміх цэркваў. Пачнём.

Першая з тых хто адмовіўся браць удзел у мерапрыемстве – Антыахійская царква. Гэта тая, якая ў Сірыі. Сапраўды, моцны выклік. Адна з чатырох найстарэйшых праваслаўных цэркваў байкатуе Сабор.

Тым не меней да Расіі рашэнне не мае ніякага дачынення. Справа ў тым, что Антыахійскія і Іерусалімская цэрквы знаходзяцца ў стане «вайны». Яны перапынілі нават эўхарыстыйныя зносіны. А прычына ў Катары. Дакладней у 100 афіцыйна прызнаных праваслаўных верніках.

Персідская паўвыспа традыцыйна лічылася «кананічнай тэрыторыяй» Антыахійскай царквы. Але ў 1999 годзе Катар наведаў патрыярх Іерусалімскі. І пакінуў пасля сабе святара, які дамовіўся і адбудаваў храм. А праз 10 год святар-будаўнік быў пасвечаны ў сан Архіепіскапа Катара.

Антыахійскій партрыярхат спрабаваў пратэставаць, але марна. І ў 2014 годзе заявіў што перарывае усялікія зносіны с Іерусалімскай цэрквай. Адпаведна цяпер на любым мерапрыемстве бываюць толькі хтосьці адзін з іерархаў. Куды едзе Феафіл ІІІ – патрыярх Іерусаліму – не едзе Іаан X – патрыярх Антыахійскі і ўсяго Ўсходу.

Дзіўна, скажаце вы, такі канфлікт з-за сотні вернікаў. Не. Іаан X ведае гісторыю. У тым ліку тое, як пашырала тэрыторыі свайго уплыву РПЦ. І спрабуе перапыняць такі рух на самым пачатку. Тым болей, што ісламскі ўрад Катару абвясціў рэфармаванне эканомікі і грамадскіх адносін. І з мэтаю падтрымкі мультыкультуралізму будзе падтрымліваць ахль аль-китаб – «людзей Пісання». Гэта ўжо грошы. Вялікія грошы.

Другая прычына, па якой не едзе Іаан – вайна ў Сірыі. Ці, калі быць дакладным, роля Турэччыны. Як бы там не было, але Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей – турэцкі грамадзянін. І сын турэцкага грамадзяніна. Іначай бы ён не мог стаць патрыярхам.

Дарэчы, да нядаўняга часу свецкія ўлады Турцыі не прызнавалі за ягонай кафедрай «усяленскага» статусу. Варфаламей адпаведна мясцоваму праву быў усяго толькі «епіскапам турэцкіх грэкаў». Але калі да ўлады прышлі ісламісты, яны зразумелі усю карысць і выгоды ад наяўнасці «Усяленскага патрыярхату». І, як ні парадаксальна, але дзякуючы менавіта ісламісцкаму ураду, Варфаламей пазбавіўся значнай часткі праблем.

А апошнія чатыры гады пагатоў. Турцыя падтрымлівае сірыйскіх «туркеманаў», што засяляюць поўнач Сірыі. І ваююць супраць Асада і Курдаў. Антыахійская царква падтрымлівае Асада і праз свае каналы спрабуе вывесці таго з міжнароднай ізаляцыі. Такім чынам падтрымліваючы «канкурэнта» у выглядзе уласнага «Усяленскага патрыярха» Турцыя выступае і на сірыйскім фронце.

Натуральна, што ў такіх варунках Патрыярх Асірыі і Ўсяго Ўсходу Іаан X не можа браць удзел у Саборы які склікаецца «грамадзянінам Турцыі». І які нават меўся адбыцца на турэцкай тэрыторыі. Нават нягледзячы на процьму пытанняў, што назапасіліся за 1000 год праваслаў'я без сабораў.

Грузінская царква. Яшчэ цікавей. Грузіны адмовіліся ад удзелу ў Саборы. І патлумачылі чаму. Сярод прэтэнзій – адмова патрыярхаў абмяркоўваць дыптых (пералік цэркваў па старшынству), царкоўны каляндар, асобныя пытанні шлюбу. Расійскія СМІ з задавальненнем цытуюць заяву іерархаў грузінскай царквы. І з гэтым сядаюць у лужыну.

Як я пісаў вышэй, дыптых пачынаецца з чатырох старэйшых цэркваў. На пятым – РПЦ. Шостае – Грузінская царква. Сёмае – Сербская. Дык вось, патрабаванне грузінскай царквы заключаецца ў тым, што РПЦ займае неналежна высокае месца. Калі глядзець па старшынству, то на пятым мае быць Грузінская ці Сербская цэрквы. А руская – толькі на сёмым.

Грузінаў таксама не надта задавальняе рост ролі Турэччыны. Грузія мае Аджарыю – рэгіён, які быў перададзены адпаведна асобнай дамове. Там дастаткова багата мусульман. І неаднаразова былі спробы зарэгістраваць праваслаўныя парафіі ад «Канстантынопаля».

Такім чынам роля РПЦ у тым, што частка цэркваў не паехала на Сабор досыць сціплая. У свой актыў расійскае «міністэрства рэлігіі» можа запісаць хіба адмову Балгарскай царквы.

Маральныя аплявухі самаўпэўненым іерархам

Але і тут не абышлося без вельмі непрыемнага сюрпрызу. Гэта пазіцыя сербаў.

Сербская праваслаўная царква пасля кантактаў з кіраўнікамі РПЦ таксама заяўляла, што не дашле дэлегацыю на сабор. Але як толькі не паляцелі балгары і рускія, як толькі былі адменены «урадавыя самалёты», сербы паляцелі.

Фармальна гэта выглядала вельмі аператыўна: за 2 гадзіны было прынятае рашэнне, сфармаваная дэлегацыя, дэлегаты сабралі рэчы, быў знойдзены самалёт, дамоўлены рэйс. І ўсе вылецелі. Дзіўная і цікавая аператыўнасць.

На самой справе ўсё зразумела. Сабор бясспрэчна зменіць баланс сіл у праваслаўным свеце. Пытанне хто стане важным гульцом у «праваслаўных славян». У перспектыве могуць быць украінцы. Але калі казаць пра сёння – роля РПЦ падае долу. Балгары не ляцяць на сабор. Змарнаваць такую магчымасць сербская царква не магла сабе дазволіць. І не дазволіла.

Яшчэ адной знакавай падзеяй стаў удзел Польскай аўтакефальнай царквы.

Справа ў тым, што аўтакефалію палякам надаў Канстантынопаль у 1924-м годзе. Самае цікавае, што самастойнасць польская царква згубіла так жа сама як украінская ці беларуская. У 17-м стагоддзі. Калі РПЦ «прыняла да сабе» структуры, што раней падпарадкоўваліся Канстантынопальскай кафедры. Усяленскі патрыярхат на той момант нічога з тым зрабіць не мог. Адлучылі ад сану патрыярха, што маўкліва назіраў за захопам – гэта так. Але ж вярнуць назад структуры не было як.

З Адраджэннем польскае дзяржавы адбылася лагічная падзея – наданне самастойнасці як быццам бы «не было» гадоў калі цэрквы належалі іншым. З фармальнага пункту гледжання цалкам лагічна. Палітычна таксама.

Масква, дарэчы, на такое рашэнне адрэагавала вельмі жорстка. Парадокс, але ў 1924-25 менавіта бальшавікі абаранялі «кананічныя тэрыторыі РПЦ».

У 1945-м бальшавіцкі ўрад прыйшоў у Польшчу. З ім НКВД. Не дзіва, што мітрапаліт Польскі Дыянісій ужо ў 1948 годзе звяртаецца з пакаянным лістом да Масквы. І ў тым жа годзе Свяшчэнны Сінод РПЦ (які ў 1943-м годзе быў нанова створаны з падачы Сталіна) выдае пастанову, адпаведна якой «Русская Церковь благословляет Польскую Церковь на самостоятельное существование».

Такім чынам фармальна Польская царква знаходзілася ў спрэчнай юрысдыкцыі. І Масква магла спадзявацца на салідарную пазіцыю польскага кліра. Магла бы, калі б не агрэсія супраць Украіны і «новая палітыка Крамля». Цяпер жа польская царква расставіла ўсе кропкі над «і». І стварыла сваім учынкам добры кейс адпаведна якому можна адрадзіць «самастойнасць» і ўкраінскае царквы.

А што далей?

Вось так сыходзяць у нябыт міфы. Праца Усеправаслаўнага сабору паказала сапраўдны ўплыў Рускай праваслаўнай цэрквы на праваслаўны свет.

А наперадзе абмеркаванне дагматыкі. У тым ліку тэкстаў «новых айцоў цэрквы». І калі усё пройдзе як запланавана – у вучэнне праваслаўнага свету як класічныя творы увойдуць кнігі і тэксты Пятра Магілы а таксама друкаваная спадчына Кіева-Пячэрскай Лаўры. Тое, што маскоўскія святары ў 17-19 стагоддзі загадвалі паліць як «богопротивные творения».

І, нарэшце, у планах абмеркаванне адзіных падыходаў па наданню самастойнасці цэрквам, па стварэнню новых. І нават калі не будзе менавіта зараз прызнаная Украінская праваслаўная царква, будзе створаны алгарытм яе прызнання. РПЦ, натуральна супраць. Але ж яна сама не паехала на Сабор. Ды нават каб паехала... Уплыў словаў Маскоўскага патрыярхату моцна перабольшаны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)