Общество

Першы беларускамоўны сэкс-шоп: «Нашы людзі любяць пакутаваць і выбіраюць БДСМ»

У Менску адкрыўся сэкс-шоп «Каханьне». «Радыё Свабода» пагутарыла з яе супрацоўніцай Ала Пірумовай.

– Насамрэч у нас першы ў краіне беларускамоўны сэкс-шоп. Было рашэньне, што мы адкрыемся і возьмем назву менавіта «Каханьне». Чаму б не выдзяляцца з масы астатніх сэкс-шопаў хаця б гэтым? У нас і на цэтліках паўсюль надпіс — «Каханьне».

— А пасьля такой рэклямы ў інтэрнэце да вас пайшлі беларускамоўныя наведнікі?

— Пакуль што не. Мне падаецца, у нас быў толькі адзін беларускамоўны чалавек, і то гэта мой знаёмы. Калі нашая назва трапіла ў інтэрнэт, мне пачалі пісаць: «О-о-о, беларускамоўны сэкс-шоп, трэба зайсьці».

Я шчыра адказала, што зь беларускамоўнага ў нас, на жаль, пакуль толькі назва. Імгненна прыйшло пытаньне: ці адкажуць тут па-беларуску, калі нехта прыйдзе і пачне размаўляць па-беларуску?

— І што вы адказалі?

— (Усьміхаецца.) Сьпярша няхай дойдуць!

— Ала, а што выбіраюць беларусы? Што ім падабаецца?

— Беларусы любяць БДСМ. Шмат хто прыходзіць па бізуны і кайданкі, па бандаж і вяроўкі.

— БДСМ? Але чаму?

— Беларусы любяць пакутаваць. Ды годзе вам зьдзіўляцца... Вось паглядзець на ўсё, што ў нас у краіне адбываецца. Канечне, беларусы любяць БДСМ, яны самі сабе выбіраюць гэты шлях.

— Я шчыра думала, што беларусы сарамлівыя. Прыходзяць і такія: «шу-шу-шу»...

— Ага, а потым бяруць бізун жорсткі і бандажныя наборы з распоркамі мэталічнымі. Хто як. Я ўжо такім рэчам не дзіўлюся, дзіўлюся толькі мэталічным бужам. Гэта, напэўна, балюча. Я б такога не купляла. А БДСМ, ашыйнік, павадок, кайданкі, понажы — стандарт.

— Паясы вернасьці ў 21 стагодзьдзі? Навошта людзі іх бяруць?

— Ну, напэўна, калі нехта едзе ў камандзіроўку ці падарожжы на некалькі дзён.

— Я думала, гэта прылада зь Сярэднявечча.

— Не. Людзі прыходзяць і бяруць. Магчыма, пад нейкія ролевыя гульні. Але бяруць.

— А вычварэнцы прыходзяць?

— У маёй калегі быў такі, які хацеў прымераць тое, што купляе. І пратэсьціць на ёй. Да мяне такія не прыходзяць. А нават калі і прыйдуць, то ў мяне ніколі ня будзе такога адчуваньня, што празь нейкага, прабачце, дэбіла я сыду з працы сваёй мары.

— Гэта сапраўды праца мары? І ніхто не псуе тут настрой?

— Зразумела, што і вычварэнцы бываюць. І ў мяне ёсьць газавы балёнчык. На ўсялякі выпадак.

…На мой погляд, калі чалавек у нашай краме гатовы пакідаць ад 150 рублёў — гэта ўжо добра. Ёсьць тыя, хто і 500 рублёў за раз пакідае тут. Але мэнталітэт у нас такі, што сэкс далёка не на першым месцы, а для некаторых нават не ў пяцёрцы прыярытэтных.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)