Политика

Ператрусы на кватэрах Севярынца і Лябедзькі

28 сьнежня спецслужбы ўварваліся ў кватэры Паўла Севярынца ў Віцебску і Анатоля Лябедзькі ў Менску.

Пра гэта паведаміла Радыё Свабода.

Паводле слоў намесьніцы старшыні выканкаму Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аксаны Крышчановіч, на кватэру лідэра партыі, які жыве па вуліцы Лесі Ўкраінкі, зьявіліся супрацоўнікі спэцслужбаў. Яны прад'явілі сыну Лябедзькі Арцёму пастанову, якая дазваляе зрабіць ператрус.

Ператрус кватэры Севярынцаў у Віцебску праводзілі маёр КДБ Дзьмітры Бохан, падпалкоўнікі Ігар Андрон, Дзьмітры Навумаў.

– Супрацоўнікі КДБ сказалі, што дзейнічаюць на загад зь Менску. Пастанова пра ператрус падпісана менскім пракурорам Куліком, — паведаміў Кастусь Севярынец.

Супрацоўнікі КДБ сканфіскавалі ноўтбук Кастуся Севярынца, сыстэмны блёк, касэты і паперы з запісамі.

– Абшукалі ўсё, нават зазірнулі пад дыванок у прыбіральні, — кажа Севярынец-старэйшы

Нагадаем, Павал Севярынец і Анатоль Лябедзька знаходзяцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Апошні трымае галадоўку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)