Общество
Арцём Мартыновіч, Еўрарадые

«Перамога» стане «Перемогой». Назвы вуліц не будуць перакладаць на рускую

Беларуская тапанімічная камісія вырашыла не ўносіць змены ў закон «Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў».

«Калі па-беларуску "Барысаў" і па-руску мы напішам "Барысау", то нас не зразумеюць. Калі есць адпаведнік у рускай мове, трэба кіравацца правіламі напісання гэтага слова. А калі няма — тады чыстая транслітарацыя. Напрыклад, Перамога будзе Перемога», — тлумачыць Еўрарадые сябра тапанімічнай камісіі пры Савеце міністраў Ігар Капылоў.

Вуліца "Чыгуначная" будзе "Чигуначная", а не "Железнодорожная". Але гэта тычыцца толькі новых аб’ектаў. Шыльды з дамоў здзіраць не будуць, супакойвае эксперт:

«Не трэба палохацца! Гэта тычыцца толькі новых аб’ектаў. Гэта адзінкі, бо не так шмат вуліц будуецца. У перспектыве ўсю тапанімію трэба да гэтага прывесці, але народ пакуль не гатовы».

Сябра тапанімічнай камісіі прызнае, што транслітарацыю не заўжды добра разумеюць. Напрыклад, у Гомелі вуліца "Журавінная" сталася... "Журавлиной":

«Пачалі прыводзіць у парадак адрасную сістэму, паглядзелі, што "Журавінная" і "Клюквенная" — не вельмі стыкуецца. І назвалі вуліцу "Журавлиная". Гэта абсурд, канешне», — гаворыць Ігар Капылоў.

Атрымліваецца, геаграфічныя назвы цяпер маюць тры варыянты: на беларускай мове, на рускай, але транслітараванай з беларускай (без перакладу) і на лацініцы. Апошняя, дарэчы, была ўхваленая ААН пасля экспертызы.

«Еўрапейцы заўжды даюць назвы сваім вуліцам на транскрыпцыі, — ухваляе рашэнне тапанімічнай камісіі старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. — Ніколі "Джон" не будзе "Іванам". Гэта ў Расіі прыдумалі перакладаць імены, пасля бальшавікі вырашылі перакладаць вуліцы. Гэта добры адказ тым, хто бачыць тут "Северо-западный край”».

І прыводзіць прыклад, што назву вуліцы "Чыгуначная" можна напісаць на кірыліцы хоць на балгарскай, сербскай ці ўкраінскай мовах.

Трэба паважна ставіцца да кожнай мовы, выказвае думку загадчыца кафедры сучаснай беларускай мовы філфаку БДУ Зінаіда Бадзевіч.

«Беларускую назву транслітарыраваць па-руску — дзіўна! Есць жа перакладныя слоўнікі. Гэта нашая культура да любой мовы», — разважае навукоўца.

Нагадаем, пра пераклад назваў на рускую мову не раз казалі чыноўнікі, таму тапанімічная камісія яшчэ раз разгледзела гэтае пытанне. Але змены ў закон “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў” было вырашана не ўносіць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)