Общество
Руслан Гарбачоў

Перад з’ездам беларусаў свету Мінск захліснула рамонтная эпідэмія

Запланаваны на 18-19 ліпеня V з’езд беларусаў свету МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» апынуўся пад пагрозай зрыву. Арганізатарам адмовілі ў арэндзе ўжо 17 памяшканняў.

На гэтым тыдні МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» адмовіла адміністрацыя ДК Мінскага трактарнага завода. За некальмі папярэдніх месяцаў былі атрыманы адмовы яшчэ з 16 іншых залаў сталіцы.

– Афіцыйная прычына большасці адмоваў – «рамонтныя работы». У прыватнасці, у ліпені будуць рамантавацца ДК прафсаюзаў, КЗ «Мінск», Палац культуры МАЗ, МТЗ, актавая зала Лінгвістычнага універсітэта, праблемы з пажарнай бяспекай мае Дом афіцэраў, — расказала «Садідарнасці» старшыня «Бацькаўшчыны» Алена Макоўская. – Нідзе нашы перамовы аб арэндзе нават не даходзілі да стадыі абмеркавання фінансавага пытання. Цяжка паверыць, што ў гэтыя два летнія дні рамонт будуць праводзіць ва ўсіх вялікіх залах Мінска і што іх уладальнікам не патрэбны грошы на гэты самы рамонт.

На думку кіраўніцтва арганізацыі, рамонтная эпідэмія, што захліснула Мінск, дэманструе палітычнае рашэнне ўладаў.

– Стаўленне нашай дзяржавы да беларусаў-эмігрантаў не змянілася. Асаблівасцю нашых з’ездаў з’яўляецца тое, што ў іх бяруць удзел людзі розных палітычных поглядаў, а на з’ездзе абмяркоўваюцца найважнейшыя пытанні ўзаемадзеяння метраполіі і дыяспары, грамадскае і культурнае жыццё Беларусі. Відаць, з-за гэтага мы пастаянна маем праблемы з праведзеннем нашых сходаў, – мяркуе Алена Макоўская.

Адзначым, што з’езды беларусаў свету МГА ЗБС «Бацькаўшчына» з’яўляюцца статутным мерапрыемствам Згуртавання і склікаюцца раз на чатыры гады. У арганізацыі не было праблемаў з правядзеннем толькі Першага з’езда беларусаў свету (1993 г.). Напярэдадні апошняга з’езда ў 2005 годзе былі доўгія ўзгадненні, у выніку якіх усё ж такі было дадзена ў арэнду памяшканне Міжнароднага адукацыйнага цэнтру (ІВВ). У гэтым годзе без тлумачэння прычынаў адмовіла і ІВВ.

– На дадзены мамонт мы разглядаем два варыянты дзеянняў. Першы –праводзім з’езд на адной з плошчаў Мінска, другі – за мяжой, верагодней за ўсё, у Вільні. У любым выпадку гэта негатыўна адаб’ецца на іміджы Беларусі ў свеце, — адзначыла Алена Макоўская.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)