Общество
Таццяна Гусева

Пенсіянерка з Берасця вучыць беларусаў пісаць жи-ши з Ы

Прызнавацца ў каханні кожны дзень, запрасіць сябра на гарбату, павіншаваць родных са святам на роднай мове ці прапанаваць суседу размаўляць з табой па-беларуску – пенсіянерка з Берасця вынайшла арыгінальны спосаб дасягнуць гэтых мэтаў.

Тамара Бахун зарэгістравалася прадпрымальніцай і выдае беларускія паштоўкі, якія адразу сталі папулярнымі.

–Чым больш мы выдаем – тым больш разыходзіцца, – усміхаецца жанчына.

Ідэя рабіць беларускія паштоўкі нарадзілася ў яе сына. Сяржук Бахун успамінае, як аднойчы шукаў паштоўку з Новым годам на беларускай мове і не знайшоў. Так узнікла думка: “А чаму б не зрабіць гэта самім?”.

–Уся наша сям’я ўдзельнічае ў гэтым праекце. Трэба ж і грошы зарабляць, і творчасць сваю рэалізоўваць, – гаворыць Тамара Уладзіміраўна.

Яна ўзгадвае, як аднойчы журналісты Белсата шукалі ў Мінску беларускія паштоўкі. Адзінае месца, дзе яны знайшліся, была кнігарня “Логвінаў”.

– Гэта былі нашыя паштоўкі! – кажа суразмоўца.

Калекцыя за калекцыяй выходзяць паштоўкі. Акрамя віншавальных, ёсць і спецпраекты. Напрыклад, серыя «Беларускія палкаводцы і военачальнікі зямлі Беларускай» – лікбез па гісторыі беларускага войска.

Ці паштоўкі, якія прапаноўваюць далучацца да беларускамоўных.

Ёсць паштоўкі для рамантыкаў, якія гатовыя кожны дзень прызнавацца ў каханні.

І для тых, хто хоча пасябраваць.

Беларускія паштоўкі прадаюць у брэсцкім ЦУМе, у мінскай “Акадэмкнізе” і ў іншых дзяржаўных кнігарнях.

Са слоў выдаўца, адмовілася заключаць дамову на рэалізацыю толькі “Белпошта”.

–У аддзеле маркетынга зацікавіліся, але пайшлі да начальніка, і ён сказаў: “У нас свая прадукцыя” – тлумачыць Тамара Уладзіміраўна. – Хоць на нашыя паштоўкі паўсюль ёсць попыт. Расказваюць мне прадаўцы , што людзі шукаюць іх, каб паслаць сябрам ці знаёмым за мяжу. Сапраўды, гэта творчая праца, якая прыносіць нам такое задавальненне... Лічу, што мы робім добрую справу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)