Общество
Сямён Печанко, «Наша Ніва»

Пенсіянер з Валожыншчыны прытуліў некалькі дзясяткаў катоў (фота)

«Я люблю катоў. Суседзі пра гэта ведаюць і карыстаюцца — рэгулярна падкідаюць мне новых гадаванцаў», — расказвае пенсіянер з вёскі Канюшаўшчына, што ў Валожынскім раёне.

Ягоны падворак прыцягвае ўвагу здаля: вакол хаткі стаіць каля дзясятка старых савецкіх аўто — «Масквічы», «Волгі», УАЗ.

— Некалі збіраўся заняцца рэстаўрацыяй аўто, але справа не пайшла, — скупа тлумачыць гаспадар.

Ён адмаўляецца назвацца, але ахвотна пералічвае мянушкі сваіх гадаванцаў. А іх у яго каля дваццаці, а мо і больш.

— Вунь там Багіра. Бачыце, якая чорненькая?... — пачынае ён пералік хвастатага войска.

Багіра пачуўшы сваё імя няспешна пацягнулася, выцерлася аб рахманага сабаку і пайшла да гаспадара. Акрамя катоў на падворку заўважаю трох сабак.

Пенсіянер расказвае, чым харчуюцца яго гадаванцы:

— Купляю ім свіныя стаўнікі, гатую. Як грошай няма, то вару кашы. Спачатку насы адварочваюць, а як прагаладаюцца, то і каша ідзе.

Жыве каціная сям’я ў адмысловым дамку, зробленым іх клапатлівым гаспадаром.

— Напішыце пра маіх катоў. Мо хто будзе ехаць з горада ды возьме сабе пару ў сям’ю, — кажа на развітанне мужчына.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)