Выборы-2020

Пазьняк: «Там дзе Статкевіч, справа заўсёды заканчваецца дрэнна». Дасталося і іншым

Лідар КХП-БНФ Зянон Пазьняк выклаў сваю пазыцыю адносна выбараў-2020 ды прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта.

«Рэжымныя СМІ і асабліва канфармісцкія СМІ (іншых ў нас ужо няма) раскручваюць дзьве асобы спадароў Бабарыку і Цапкалу. Гэта сьведчыць аб зацікаўленасьці рэжыму і Масквы ў выключнай ролі гэтых прэтэндэнтаў, – піша Пазьняк на сайце КХП-БНФ. – Бліжэйшая функцыя іхняй ролі для рэжыму – гэта прыцягненьне раззлаванага электарату на участкі для галасаваньня (рэжым ня хоча пустых участкаў).

Далёкасяжная роля для Масквы – гэта стварэньне важкіх палітычных фігур нібыта альтэрнатыўных Лукашэнку, якія будуць прызнаныя і кантраляваныя Масквой, Эўразьвязам і ЗША (вакансія «Мілінкевіча», які выконваў гэтую ролю, цяпер якраз пустуе). Масква рыхтуе на будучыню новую, ужо намэнклятурную, зрусіфікаваную (без нацыянальных беларускіх «замарочак») кіруемую альтэрнатыву рэжыму, якая пры патрэбе будзе скарыстаная для замены Лукашэнкі.

Спадара Бабарыку пачалі рыхтаваць да гэтай ролі яшчэ тры гады таму. Якраз тады ён пачаў выступаць публічна (напрыклад, у бізнэс-клубе «Імагуру» на Фабрыцыуса) з апавяданьнямі пра свае паняцьці, пра ацэнкі эканомікі, фінансаў і т.п. на тым жа ўзроўні, што і цяпер з псэўда-крытыкай сістэмы. І ніхто яго, чыноўніка рэжыму, ня рушыў.

Што датычыць «дыпламата» сп. Цапкалы, то ён як кадравы функцыянер «всегда готов», сваёй ролі ў выбарчай кампаніі, і сваіх «рускамірскіх паняцьцяў» нават не хавае…

Спадар Ціханоўскі камунікуецца не ў ФБ. Ён у канторскай «Вконтакте». На пытаньне пра 1991 год – нацыянальную рэвалюцыю і Незалежнасьць Беларусі, рэпліка (а это когда Советскій Союз распался). Пра Пагоню і Беларускі сьцяг (как народ решіт) і г. д. Як кажуць, ад сябе не ўцячэш.

Тут тыповая пазыцыя чалавека, які знаходзіцца пад уплывам маскоўскай ідэалёгіі гібрыднай вайны. Такіх людзей часам называюць «агентамі ўплыву», прытым яны нават самы пра тое не здагадваюцца, але дзейнічаюць у рэчышчы чужой палітыкі.

Такое здараецца зь людзьмі, у якіх не пастаўлены і не сфармаваўся нармальны нацыянальны хрыбет, нацыянальная годнасьць, гонар за мову, гісторыю і свой народ, які перажыве выпрабаваньне. Цяпер у рэжымнай Беларусі, дзе лукашызм нішчыць усё беларускае, нацыянальная недафармаванасьць асобы стала ўжо сацыяльнай асаблівасьцю ў грамадзтве.

Зрэшты, у такіх людзей (калі яны не завербаваная агентура, вядома) яшчэ ёсьць пэрспэктыва асабістага нацыянальна-культурнага разьвіцьця ў інтарэсах Беларусі. Але пакуль што відовішча не найлепшае.

«За каго будзеце галасаваць?» – пытаюць у асобы са шлёпанцам у руках. «Хоць за каго, – чуецца адказ, – абы не Лукашэнка». (Часам здавалася, што гэта тыя самыя людзі, якія 25 гадоў таму крычалі: «Абы ня Кебіч»)

Дакладна так было ў 1994 годзе, калі сацыяльны папулізм асядлала маскоўска-гэбоўская агентура, якая паставіла на Лукашэнку і мела падтрымку савецкага электарату («з сьлязамі ў вачах»). У выніку атрымалі 25 гадоў ўнутранай прамаскоўскай акупацыі і вынішчэньне нацыі (мовы, культуры, нацыянальнай адукацыі, развалу эканомікі, упадку грамадзтва).

Зразумела, што лялькаводы на Ціханоўскага шмат ня ставяць, у яго іншыя функцыі (прыцягнуць людзей на выбары), зь якімі ён спраўляецца. Але побач зь ім фігуруе (таксама ўжо гаворыць па-руску) нязьменны «пратэстант» Статкевіч, вядомы правакатар пабоішча 2010 года.

Становішча пакуль двузначнае. Пратэст павінен пашырацца. Аб'ектыўна Ціханоўскі расхіствае рэжымны сацыяльны маразм, людзі адгукаюцца, падтрымліваюць. Бяда толькі ў тым, што там дзе Статкевіч і кантора, справа заўсёды заканчваецца дрэнна…»

Сапраўднай альтэрнатывай у цяперашнім часе Пазьняк бачыць не кагосьці з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, а «байкот фальшывых выбараў».

Ці варта байкатаваць выбары? (галасаванне)

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.9(111)