Общество
Сяргей Зубелінскі, Большой

Пазьняк: Першае, што трэба зрабіць – заткнуць пашчу электроннага бандыта

Нам прыйшлося старанна «фільтраваць базар» — і свой, і спадара Зянона — каб пасля выхаду інтэрв’ю можна было спаць спакойна.

— Як вы сочыце за жыццём Беларусі? Якія СМІ чытаеце?

— Я вымушаны жыць у ЗША і ў Эўропе (Польшча). Інфармацыю пра Беларусь маю ад структураў палітычнай арганізацыі з усёй Беларусі; ад кантактаў зь людзьмі зь Беларусі; ад сваіх карэспандэнтаў; ад кантактаў з палітыкамі і рознымі асобамі; з сродкаў масавай інфармацыі (часткова, бо інфармацыя ў СМІ часта недакладная, выбарачная і тэндэнцыйная, а цяпер — як правіла).

— Што, на ваш погляд, кардынальна змянілася ў краіне за гэтыя 20 гадоў? Чым Беларусь пачатку 90-х адрозніваецца ад Беларусі нашага часу?

— Зьмянілася шмат што. Гэта зьмены ўпадку, апісаныя ўжо шырока. Калі «кардынальна», то зьмяніўся дух грамадзтва. Гэтае грамадзтва бяз крыльляў.

— Спадар Зянон, якой была б Беларусь, калі б у 1994 годзе прэзідэнтам сталі вы?

— Людзі ўсюды ўсьміхаліся б адзін да аднаго і радаваліся б прысутнасьці.

— Вас яшчэ памятаюць у Беларусі?

— Мяне ведаюць ня толькі ў Беларусі.

— Павал Шарамет назваў вас «адваротным бокам Лукашэнкі». А што вы думаеце пра Паўла Шарамета?

— Зямля яму пухам. Фармулёўка «адваротным бокам Лукашэнкі» — гэта прапагандысцкае клішэ, дзеля дэфармацыі вобраза, прыдуманае на Лубянцы, якое паўтараў ня толькі адзін Шарамет. На жаль, ён позна пачаў разумець сутнасьць рэчаў, за што тут жа і паплаціўся.

— Як вы лічыце, просты чалавек як бачыць будучыню нашай краіны? Якой ён бачыць Беларусь?

— Наш просты чалавек думае пра простыя рэчы і чакае, што яму нехта іх забясьпечыць. Праўда такая, што сваёй будучыні звычайна ня мае той, хто пра яе ня думае.

Але і думаць мала. Трэба ствараць. Запатрабаваныя стваральнікі. Калі яны будуць, тады зьменяцца думкі «простага чалавека».

— Чаму сярод беларусаў так мала змагароў? Чаму мы такая рахманая нацыя?

— Беларусы — гістарычна змагарны народ. Тое, што цяпер «мала змагароў» (але яны ёсьць), — гэта вынік пэрманэнтнага фізічнага вынішчэньня актыўнай верхавіны нацыі акупацыйнымі і антынароднымі рэжымамі.

Рэмісія і адраджэньне зьвязаныя з высьпяваньнем пакаленьняў і зьяўляюцца важным, але адносным чыньнікам. Нэгатыўны адбор зьяўляецца абсалютным. У гэтым найбольшая небясьпека антынародных акупацыйных рэжымаў дзеля будучыні людзей.

— Як можна аб’яднаць беларусаў? Мы ўсё роўна падзелены на «ўсходнікаў» і «заходнікаў».

— Рэальны падзел на «ўсходніх» і «заходніх» ёсьць ва Украіне і абумоўлены гістарычна больш чым двухсотгадовым існаваньнем заходніх украінцаў пад Габсбургамі і 18-гадовым — пад палякамі. У 1918–1919 гг. на гэтых землях была ўтворана і існавала незалежная Заходне-Украінская Народная Рэспубліка (якая да таго ж ваявала з Польшчай і Румыніяй).

У Беларусі такога рэзкага падзелу няма. Ён перабольшаны.

18 гадоў пад польскай акупацыяй, нягледзячы на палітыку паланізацыі, ня мелі істотнага ўплыву на мэнтальнасьць беларусаў. Не існуе «заходнебеларускай» ідэалогіі, сьведамасьці і салідарнасьці. Няма антыпатыі паміж «заходнімі» і «ўсходнімі». Быў розны сацыяльны вопыт, бо беларусы заходніх вобласьцяў валодалі прыватнай уласнасьцю і часткова пазьбегнулі бальшавіцка-маскоўскага галадамору, калектывізацыі 30-х гадоў і генацыду (масавых рэпрэсіяў і расстрэлаў).

Грамадзтва ёсьць цяпер палітычна падзеленае. Але палітычны падзел грамадзтва выкліканы не фактам даўняй акупацыі ўсходняй і заходняй тэрыторыі Беларусі. Яго падзяліла расейскае тэлебачаньне. Тут не настолькі сьветапоглядны, колькі эмацыйна-ірацыянальны падзел (тым ён і шкодны, бо чалавек замбаваны, яго рэакцыя па-за межамі рацыё). Мяжа якраз пралягае тут.

Таму першае, што абавязкова цяпер трэба зрабіць, думаючы пра аб’яднаньне беларусаў, – гэта заткнуць пашчу, заблакаваць і ліквідаваць голас электроннага бандыта. Гэта пытаньне надзвычайнай важнасьці. Наступнае – нацыянальнае беларускае тэлевяшчаньне (і ўсе праблемы, з гэтым зьвязаныя).

— Чаму ўсходняя і заходняя цывілізацыі не ўжываюцца мірна, без вайны?

— Цяпер пра цывілізацыйны канфлікт кажуць у сувязі з агрэсіяй ісламскіх радыкалаў супраць Заходняга сьвету. Прычына канфлікту ў дактрыне (і практыцы) глабалізацыі і ў сістэмным лева-лібэральным крызісе заходняй дэмакратыі. Прытым правакацыйным чыньнікам канфлікту выступае якраз лева-лібэральны Захад праз навязваньне Усходу сваіх антыкаштоўнасьцяў, якіх Усход ніколі ня прыме. Эканамічная аснова канфлікту цягнецца яшчэ з часоў каланіялізму.

Цяпер, спадзяюся, зразумела, «чаму яны не ўжываюцца мірна, без вайны». У аснове канфлікту ня толькі эканамічныя і геапалітычныя інтарэсы, але таксама розныя ідэалогіі з праекцыяй на будучыню чалавецтва. Гэтая камбінацыя самая небясьпечная, бо вядзе да глабальнай вайны, якая рэальна ўжо пачалася ў 2001 годзе і працягваецца ў тлеючай форме.

У так званай тлеючай «цывілізацыйнай вайне» Расея выступае на баку Усходу. Этнічна расейцы гэта ёсьць угра-фіны, якія карыстаюцца мадыфікаванай старабаўгарскай (рускай) мовай. Гэта значыць, што этнічна і расава (лапланоіды) яны ёсьць эўрапейцы (хоць і не славяне), але мэнтальна – гэта Усход.

Так склалася даўно, калі Масковія была часткай Мангольскай імпэрыі, але гістарычна выжыла да сёньняшняга дня. Мэнтальны чыньнік уплывае на характар паводзінаў.

Як археолаг і гісторык мастацтва (доктар навук) заўважу, што гэты этнагенэз расейцаў (рускіх) быў навукова распрацаваны яшчэ ў 70-х гадах ХХ стагоддзя (працы В. Сядова). У ХХІ стагоддзі генетычныя дасьледваньні пацьвердзілі высновы археалогіі, антрапалогіі, этнаграфіі, лінгвістыкі і іншых навук ХХ стагоддзя датычна да этнагенэзу расейцаў.

Новыя навуковыя дасягненьні кружылі ў сфэры навукі, практычна не трапляючы ў палітыку і ідэалогію. Але сьвет стаў метадычна даведвацца, хто ёсьць хто.

На сёньняшні дзень міфалагічная легенда імпэрскай гісторыі пасыпалася і загадала доўга жыць. Дастаткова было аднаго, што расейцы (рускія) гэта ня ёсьць славяне і ўсе казкі пра «трыадзіны рускі славянскі народ», «старэйшага брата» (а ён увогуле ня брат) ды «старажытнарускую дзяржаву» ператварыліся ў пусты міфалагічны хлам.

Лічу патрэбным заўважыць, што якраз цяпер Расея мэтанакіравана пачала падрыхтоўчую фазу гібрыднага захопу Беларусі ў прапагандзе і дэзінфармацыі. Сьпешна зьявілася нават «мастацкая літаратура» (Міхаіл Папоў), дзе беларусы груба паказаныя такімі недачалавекамі, прымітыўнымі і адсталымі, а беларуская дзяржава — непаразуменьнем.

Усё беларускае расейская прапаганда вульгарна ў хамскім стылі стала абзываць «нацыянал-фашызмам» (успомнім сэнтэнцыю Чэрчыля аб тым, як фашысты будуць называць антыфашыстаў «фашыстамі»). Цытата: «габрэйская журналістка і псэўдаліберальныя журналісты Беларусі няўстойлівай сэксуальнай арыентацыі (чытай — «піндосы») раскручваюць самыя нізкія формы нацыянал-фашызму» (журналіст У. Салаўёў).

Тым часам было абвешчана, што Мураўёў-Вешальнік Людаед — гэта «расейскі нацыянальны лідар», які «расстраляўшы восем каталіцкіх ксяндзоў, здзейсніў асабісты духоўны подзвіг» і г. д.

Неўзабаве беларусы таксама пачуюць, што іх і іхнюю мову прыдумала Аўстра-Венгрыя, дзяржаву стварылі «жыда-масоны», а беларускай нацыі і беларускай мовы «ваабшчэ не сушчэствует». Прытым 96 адсоткаў тэлевізійных гледачоў будуць у гэта асьцервянела верыць з пенай ў роце. Таму я і кажу пра нацыянальнае беларускае тэлебачанне.

— Якая галоўная пагроза сучаснага свету? Ісламізм? Геі? Трамп?

— Iмпэрыя. Iмпэрыя з рэліктавай агрэсіўнай мэнтальнасьцю і ядзерным арсэналам. Ды яшчэ і з агрэсіўнай ідэалогіяй.

— Вы пражылі ў Амэрыцы шмат часу. Чым гэтая краіна прынцыпова адрозніваецца ад Беларусі? Чаму беларусам можна павучыцца ў Амэрыкі?

— Амэрыка — краіна эмігрантаў. Эмігранты ёсьць асноўны найбольш танны і найбольш выдайны рэсурс і сродак вытворчасьці, аснова багацьця Амэрыкі. Амэрыканцы падпарадкоўваюцца законам, якія дзейнічаюць, дзякуючы збалансаванаму падзелу ўладаў.

Беларусь — унітарная монакультурная краіна. На сёньняшні дзень параўнаньне з Амэрыкай ня можа быць карэктным, таму што сапраўднае аблічча Беларусі схаванае.

У маральна-гуманітарным сэнсе, у чалавечым разьвіцьці, кемлівасьці і пазнаньні беларусы вышэйшыя за амэрыканцаў. Амэрыканцам у гэтым сэнсе шмат чаму можна было б павучыцца ў беларусаў, калі б яны не былі так задаволеныя сабой.

Што датычыць беларусаў, то галоўнае, чаму добра, каб яны навучыліся ў амэрыканцаў, — гэта цаніць свабоду і гонар краіны. Амэрыканцы, дарэчы, вялікія патрыёты Амэрыкі і зорна-паласатага сьцяга. Добра было б таксама пераняць культуру грамадзкага абыходжаньня амэрыканцаў (адсутнасьць грубасьці і хамства).

— За каго вы былі: за Хілары ці за Трампа?

— За амэрыканскі выбар.

— Як абранне Трампа зменіць жыццё Беларусі?

— Ніяк ня зьменіць. Можа толькі паспрыяць пераменам.

— У чым галоўныя недахопы амэрыканскага ладу жыцця?

— У адсутнасьці вольнага часу;

у аднабаковым пазнаньні і разьвіцьці асобы;

у абсурдным існаваньні абсурдных законаў (якіх процьма); у манаполіі адвакатаў;

у абсурднай паліткарэктнасьці і падпарадкаваньні грамадзтва маргінальным мяншыням;

у накіраванасьці працы на эксплуатацыю мазгоў і рабочай сілы (акрамя дзяржаўных служачых, практычна ніхто не працуе менш за 12 гадзін ў дзень, а то і больш, і без выхадных);

у масе сацыяльных паразітаў, якія жывуць за кошт бюджэту (па інфармацыі — 46 мільёнаў на «вэлвары», дзе шмат здаровых і маладых з асяроддзя тых жа мяншынь).

Дадам, што ў амэрыканскага ладу жыцьця ёсьць нашмат больш станоўчых якасьцяў, якіх няма ў Эўропе. А што датычыць эканамічнай, фінансавай і гандлёвай сфэры, то тут ўсё вышэйшае на цэлы парадак. З такімі краінамі, скажам, як Францыя, Польшча ці Чэхія, дык у гэтым сэнсе і параўноўваць не выпадае.

— Якія галоўныя кнігі, на ваш погляд, павінен прачытаць кожны беларус?

— Біблію і Эвангельле Госпада нашага Ісуса Хрыста.

— Наколькі цяжкім для вас было рашэнне не прыязджаць у Беларусь на пахаванне маці?

— Вельмі цяжкім, бо немагчыма было перайсьці праз лінію фронту.

— Цi плануеце вы вярнуцца?

— Вярнуся і ўсіх вас выратую — рыхтуйце гарэлку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)