Пазбавіцца ад Румаса. Што стаіць за мітусьнёй Лукашэнкі з урадам
Перадвыбарчы пэрыяд — гэта той рэдкі момант, калі роля намэнклятуры моцна ўзрастае, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
Паўстае далікатная сытуацыя, калі не чыноўнікі залежаць ад Лукашэнкі, а наадварот, палітычны лёс Лукашэнкі залежыць ад паводзінаў выканаўчай вэртыкалі на ўсіх узроўнях.
Вакол зьмены ўраду адбываецца дзіўная мітусьня. Глядзіце самі.
25 траўня Лукашэнка зьбірае нараду «па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаньнях». Прычым без удзелу чальцоў ураду. І там абвяшчае, што будзе мяняць яго склад. Пры гэтым дадаў: «Але павінен сказаць, што па вялікім рахунку я ня маю прэтэнзій да ніводнага з гэтых людзей».
Калі няма прэтэнзій, то ўзьнікае натуральнае пытаньне: навошта мяняць?
Прайшло дзевяць дзён. 3 чэрвеня Лукашэнка зьбірае чарговую нараду, дзе абмяркоўвае тое ж пытаньне. Аднак зноў кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што маштабны ператрус Савету Міністраў непажаданы, «чакаць, што тут рэвалюцыя адбудзецца пры зьмене ўраду, ня трэба». І дадаў:
«Рэзкі злом, замена ўсіх чальцоў ураду было б няправільным з пункту гледжаньня бягучага моманту. Дый неабходнасьці такой няма. Вырасла новае пакаленьне кіраўнікоў, якія сябе добра паказалі і працавалі нядрэнна ва ўрадзе. Навошта іх мяняць? Яны могуць працаваць».
Такім чынам, усе добра працуюць, але ўсё роўна мяняем. Заўсёды шукаць лёгіку ў выказваньнях Лукашэнкі — цяжкая справа. Здаецца, тут якраз тая сытуацыя, калі і хочацца, і колецца.
Чаму колецца? Хада выбарчай кампаніі паказала, што сытуацыя ў грамадзтве напружаная, узьнік відавочны крызіс даверу да ўлады і пэрсанальна да кіраўніка дзяржавы. Мянушка «Саша Тры Працэнты» набірае ўсё большую папулярнасьць у сацыяльных сетках.
Атрымоўваецца, што цяпер існы рэжым трымаецца толькі на падтрымцы намэнклятуры. А тут у выбарчай кампаніі заявіліся яе прадстаўнікі Віктар Бабарыка і Валер Цапкала. Што выклікае дадатковае напружаньне ў вярхах.
Да таго ж Віктар Бабарыка падліў алею ў агонь. Ён заявіў у нядаўнім інтэрвію БелаПАН, што станоўча ацэньвае працу ўраду Сяргея Румаса: «Я проста ведаю, што нават у сёньняшняй сытуацыі ва ўрадзе былі прапановы, зь якімі я на 80% гатовы пагадзіцца — у дачыненьні да таго, што нам рабіць цяпер. А тое, што іх не прынялі — гэта іншая гісторыя. Але яны ёсьць, значыць, людзі ведаюць, што трэба рабіць». Для Лукашэнкі, які ўсіх падазрае ў неляяльнасьці, такая ацэнка — гэта амаль прысуд.
Але, зь іншага боку, перадвыбарчы пэрыяд — гэта той рэдкі момант, калі роля намэнклятуры моцна ўзрастае. Зьяўляецца далікатная сытуацыя, калі не чыноўнікі залежаць ад Лукашэнкі, а наадварот, палітычны лёс Лукашэнкі залежыць ад паводзінаў выканаўчай вэртыкалі на ўсіх узроўнях.
І ў такіх умовах зьмена ўраду — пэўная рызыка. Тым больш што пасьля заявы Лукашэнкі пра пляны зьмяніць урад адзін Telegram-канал выказаў меркаваньне — маўляў, пасьля адстаўкі прэм’ер-міністар Сяргей Румас пяройдзе ў каманду Віктара Бабарыкі. Такія ўкіды нэрвуюць Лукашэнку.
Падаецца, што адзіны сэнс апэрацыі па зьмене ўраду палягае ў тым, каб пазбавіцца ад ягонага кіраўніка Сяргея Румаса. У Лукашэнкі чамусьці ня склаліся адносіны з прэм’ерам. Пра гэта можа сьведчыць той факт, што Румаса рэдка запрашалі на нарады ў кіраўніка дзяржавы. Прэм’ер амаль не суправаджаў Лукашэнку падчас ягоных паездак па краіне. Мяркую, найперш таму, што беларускі лідэр дзяржавы ня ўпэўнены ў ляяльнасьці кіраўніка ўраду. А нагадаю, што ў выпадку чаго, паводле Канстытуцыі, выконваць абавязкі прэзыдэнта павінен прэм’ер. Таму чалавеку, які займае гэтую пасаду, Лукашэнка павінен давяраць безумоўна. А тут якраз ня той выпадак.
Гэтым і тлумачыцца тое, што Лукашэнка супярэчыць сам сабе, мітусіцца, кажа камплімэнты ўраду, які тут жа мяняе. Што сьведчыць пра ягоную няўпэўненасьць, якую ён ня можа схаваць.
«Якобы новое вино вольют в старые мехи». Зачем Лукашенко отправил правительство в отставку
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное