Общество

Аліна Мікалаева

Павел Батуеў – пра тое, як стаў «агентам Бондам» у КДБ: «Супрацоўнік сказаў: «Я вас не буду прасіць стучаць на сяброў, гэта было б нізка»

Вядомы салігорскі актывіст, якога брутальна затрымалі ў лістападзе мінулага году, а пасля пратрымалі больш за месяц пад арыштам, з’ехаў з Беларусі. Цяпер Павел Батуеў у бяспецы. У інтэрв’ю «Салідарнасці» ён распавёў пра абставіны свайго затрымання і тое, як яго прымусілі падпісаць дамову аб супрацы з КДБ.

Зараз Павел у бяспецы, як і яго жонка і дзеці

— Праз дзень пасля таго, як выйшла інтэрв’ю з табой ў «Салідарнасці», цябе затрымалі. Пасля такіх гісторыяў некаторыя абвінавачваюць журналістаў, маўляў, не было б інтэрв’ю, чалавек быў бы на волі. Ты сам як мяркуеш?

— Я абсалютна далёкі ад такіх меркаванняў. Афіцыйная прычына майго затрымання — падробка дакументаў. Мушу ў гэтым прызнацца. У 2006 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў я сядзеў суткі і быў адлічаны з універсітэту з 5-га курса. У мяне з’явілася думка набыць у інтэрнэце дыплом. Ніколі так не рабіце, шаноўныя сябры! Дзякуючы фіктыўнаму дыплому, я 15 год працаваў па спецыяльнасці, па якой недавучыўся ва ўніверы.

У доме, дзе я жыў у Салігорску, мяне выбралі старшынём таварыства ўласнікаў. Мае дакументы ўзгаднілі. Але пры гэтым пачалі пад мяне капаць і высветлілі, што гэты дыплом усё ж несапраўдны. Гэта стала фармальнай нагодай для затрымання.

Але зразумела было, што не тое іх цікавіць, і пра гэта міліцыянты сказалі пазней. 380 артыкул – падробка дакументаў – не ўяўляе грамадскай небяспекі, па ім не затрымліваюць, па ім фактычна не пазбаўляюць волі. І адназначна, па такім артыкуле цябе не затрымлівае АМАП.

23 лістапада я збіраўся забіраць дачку з садка. Выйшаў і праз 10 секунд быў у кайданках закінуты ў аўтобус, дзе мяне пачалі малаціць.

Мяне бралі так прафесійна, што я нават не бачыў, колькі людзей было. Мне адразу нацягнулі шапку на галаву.

Калі мяне збівалі, адразу пачалі пытаць пра пароль да тэлефона, тэлеграма. Пагражалі, казалі: ты, напэўна, чытаў гэтыя гісторыі пра палку ў *опу  і выбітыя зубы, дык гэта гісторыя пра цябе, калі ты не ўзгадаеш пароль.

Гэта вельмі добра матывуе, і я ўзгадаў ўсе паролі.

Таксама яны ведалі, што на маю польскую сімку (Павел пэўны перыяд ездзіў у Польшчу на заробкі – С.) зарэгістраваны тэлеграм аднаго пабліка, прызнанага ўладамі экстрэмісцкім. Сам паблік знаходзіцца ВКонтакте, а гэты тэлеграм выкарыстоўваўся для сувязяў з чытачамі.

Сімка была ў мяне. Пачалі патрабаваць доступ да тэлеграма, а ў мяне яго не было. Я ім не карыстаўся — проста быў уласнікам сім-карты.

Праз 20 хвілін пасля затрымання мяне прывезлі ў Салігорскі РАУС. Мне адразу паставілі ўмовы, што я павінен знішчыць гэтую групу Вконтакте. Я сказаў, што не маю да яе дачынення і адпаведна не магу зрабіць.

Пачалі афармляць мяне па артыкуле 108 – непасрэдна ўзніклыя падазрэнні ў здзяйсненні правапарушэння. Маёр Драбудзька сказаў, што гэта не следчыя дзеянні, і я адмовіўся без адваката ў іх удзельнічаць. Ён нанёс некалькі ўдараў мне па галаве ў кабінеце, пасля чаго я вырашыў, што ўсё-ткі хачу даваць тлумачэнні.

Мяне затрымалі на трое сутак. Яны яшчэ не скончыліся, калі мне далі 15 сутак за тое, што быццам бы я аказваў супраціўленне пры затрыманні. Аказалася, што я такі Рэмба, рэжым берсерка актываваў з АМАПам.

На два дні перавялі ў адміністрацыйную «хату» (камера, дзе ўтрымліваюць арыштаваных за правапарушэнні паводле КоАП – С.). І там была такая дзіч, калі чалавек папрасіў таблетку – яму было кепска, а ў адказ мент адкрыў кармушку і напшыкаў нам пярцовы газ. На наступны дзень нам зноў прыляцела «перцу», калі мы папрасілі ручку, каб зачыніць вакно.

Пасля мяне перавялі ў крымінальную хату, дзе я прасядзеў 33 дні.

Хто з табой сядзеў? Крымінальнікі са стажам?

— Скажу табе шчыра, што сядзець з людзьмі, у якіх ёсць багаты крымінальны бэкграўнд, нашмат прыемней. Гэта людзі, якія падтрымліваюць парадак у камеры, з якімі можна размаўляць.

Людзі, якія дзяліліся са мной ежай, цыгарэтамі, якія аддавалі мне сваю вопратку, бо я сядзеў увесь тэрмін на жалезных нарах без матраса і вельмі моцна прастыў.

Гэтым людзям увесь час пагражалі, што ў іх адбяруць матрасы. Пры гэтым яны па-ранейшаму працягвалі дзяліцца са мной рэчамі.

Я сядзеў з людзьмі, якіх абвінавачвалі ў выкраданні чалавека, крадзяжы (самы папулярны артыкул у Беларусі), рабаванні, забойстве.

Калі мяне выводзілі з камеры, спачатку адкрывалі «кармушку», я высоўваў рукі, іх закоўвалі ў кайданкі. І людзі, каторыя адседзелі па 15-17 гадоў, пыталіся: «Што гэта за х*рня? Я па цяжкім артыкуле сяджу, а цябе закоўваюць».

Мяне прымушалі распрануцца ў пакоі допытаў, прамацвалі ўсе швы на вопратцы. Пасля допыту, калі сыходзілі следчы і адвакатка, мяне зноў прымушалі распрануцца і закоўвалі ў кайданкі.

Людзі, каторыя адседзелі па 15-17 гадоў, у мяне выклікаюць больш даверу, чым супрацоўнікі міліцыі, як бы гэта парадаксальна ні гучала. Яны маюць больш чалавечае стаўленне да цябе.

Пасля я атрымаў другія 15 сутак за тое, што ў мяне ў Інстаграме была фотка снегавіка з бел-чырвона-белым сцягам з неўстаноўленным мужчынам. Неўстаноўлены мужчына – гэта я. Нягледзячы на тое, што фотцы 11 месяцаў, то бок даўно мінуў тэрмін даўнасці па гэтай справе, я быў арыштаваны.

Тады да мяне прыйшоў высокапастаўлены функцыянер салігорскай міліцыі і пачаў абмалёўваць мае гаротныя перспектывы. Маўляў, мы цябе можам на сутках трымаць яшчэ месяц-два-тры толькі за твой Інстаграм, можам узбудзіць справу па 342 артыкуле, бо ты быў у Менску – акурат тады узбудзілі крымінальную справу па факце беспарадкаў. Казаў: у нас ёсць твая фотка там.

Дарэчы, яшчэ ў першы дзень міліцыянты казалі, што ледзьве не здраду радзіме мне прышыюць, сяду гадоў на 8, але ёсць іншая опцыя.

Спытаў функцыянера: якая?

Кажа: сустрэцца паразмаўляць з супрацоўнікам КДБ. Сказаў, што ён можа дапамагчы.

Прыйшоў дзядзечка. Прызнаўся, што назірае за мной з пачатку 2000-х. Сказаў, што можа мне дапамагчы, калі буду з ім супрацоўнічаць.

Спытаў: вы што, хацелі працаваць старшынём таварыства ўласнікаў? Запэўніў: вы будзеце ім працаваць, не праблема — фіктыўны дыплом, а яшчэ міліцыя пра вас забудзе.

Я пытаюся: «У іх здарыцца амнезія?»

Кажа: вы перастанеце сядзець на сутках, а калі не згодныя супрацоўнічаць са мной, то вам перспектывы абмалявалі.

Я не збіраўся супрацоўнічаць з гэбістамі, але трэба было выйсці на волю. Я быў вымушаны падпісаць паперу, згодна з якой абавязуюся супрацоўнічаць, захоўваць таямніцу.

Дайшлі да пункту «прошу назначить мне оперативный псевдоним». І тут я пачаў рагатаць. Недарэчна, камічна, гратэск нейкі. Ён кажа: да-да, как в кино.

Я кажу: «Калі як у кіно, то можа вы мне дадзіце Aston Martin, я бачыў ў Джэймса Бонда». Кажа: «Мы не настолькі багатыя. Калі вы ўзгадалі Бонда, пішыце псеўданім «Бонд»». Карочэ, я стаў агентам Бондам.

Пытаюся: «Дата? Подпіс?». Адказвае: толькі подпіс.

Думаю, што яны будуць спрабаваць гэта выкарыстоўваць, каб мяне дыскрэдытаваць, маўляў, я невядома з якіх часоў з’яўляюся стукачом. Па факце гэта было 22 снежня, а 26-га я павінен быў выйсці ці не – усё залежала ад таго, як скончыцца нашая размова.

Супрацоўнік КДБ сказаў: «Я вас не буду прасіць стучаць на сяброў, гэта было б нізка. Я вас папрашу пра паслугу».

Але я так і не дабіўся, што гэта за паслуга павінна быць. Ён пачаў расказваць, што вы публічная асоба ў Салігорску, медыйная персона, у вас сувязі за мяжой. Я кажу: «Хто – я? У каго – у мяне?».

Кажа, ледзьве вы не штаб Ціханоўскай. Ён пачаў апісваць, і я ахрэнеў, які я важны гусак. Думаю, ну да, такога грэх не затрымаць.

Кадэбіст сказаў: вам трэба адпачыць, бо вы прастылі, сустрэць Новы год з сям’ёй. І я для сябе вырашыў, што зраблю ўсё магчымае, каб з’ехаць.

Ні пра якое супрацоўніцтва гаворкі быць не можа. Я выйшаў, паставіў у курс шмат каго са сваіх сяброў, што я – «агент Бонд».

Я быў вымушаны падлячыцца пасля вызвалення, бо былі падазрэнні на запаленне лёгкіх.

Хачу адзначыць: калі я прадстаў перад публікай у іпастасі «агента Бонда», я нікога не здаў. Ніякіх кантактаў у мяне з гэбістамі больш не было. Так што зараз я ў аднастароннім парадку скасоўваю кантракт з КДБ і агентам Бондам быць адмаўляюся.

Я ўдзячны за кансультацыі Алесю Міхалевічу, а таксама за дапамогу з эвакуацыяй аднаму з фондаў і ўсім людзям, якія падтрымлівалі мяне і маю сям’ю на гэтым шляху. Калі б не прымус быць агентам, я б ніколі не з’язджаў з Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(37)

Читайте еще

Предновогодний Минск: красно-зеленая игрушка-танк и синий Дед Мороз без лица

Конвейер репрессий. Политзаключенного Плескацевича перевели с «химии» в Бобруйскую колонию. Силовики задержали 60-летнюю жительницу Фаниполя. Правозащитники: фиксируются факты применения пыток при расследовании политических дел

Памёр Вітаўт Кіпель

Белоруска из Гданьска: «Даже мысленно не подхожу к границе – ни на секунду не хочу испытывать всепоглощающее чувство страха»

Кнырович: «Трудно рассчитывать на адекватное отношение к самой бесправной категории населения — осужденным, если и к тем, кто «на свободе», оно не отличается гуманностью»

Конвейер репрессий. Зампрокурора собирается обжаловать приговор экс-политзаключенному Илье Миронову. Дело «рельсового партизана» Виталия Мельника, которому при задержании прострелили колени, рассмотрят в закрытом суде