Змiцер Панкавец, Наша Ніва
Павел Батуеў: «Калі працуеш легальна, то заробак расце на 10% у год»

Павел Батуеў з Салігорска ў Беларусі працаваў электрыкам. Ён сябра Партыі БНФ, а таксама ТБМ. У 2012 годзе Павел разам з жонкай пераехаў на Ямал.

Там у яго нарадзіліся дзеці — сын Казімір і дачка Ядвіга. Летам 2017 Батуеў вярнуўся ў Беларусь, «НН» пагутарыла з ім пра паўночны быт.

— Ці былі ў вас нейкія ўяўленні пра Поўнач перад паездкай і ці супалі яны з рэальнасцю?

— Калі я туды ехаў, то думаў, што там заўсёды холадна. Насамрэч жа, як кажа народная мудрасць, аказалася, што «не бывае вельмі холадна, бывае мала адпаведнай вопраткі». Таксама я думаў, як бы гэта больш мякка сказаць, што там не зусім цывілізацыя. Дык гэтыя чаканні апраўдаліся на ўсе сто працэнтаў.

У нашым пасёлку Саяхэ (адны мясцовыя казалі, што назвала значыць «рака, якая спявае», іншыя казалі проста «вусце») адсутнічала інфраструтура, нейкае культурнае жыццё, кепска працуе інтэрнэт (яшчэ ён вельмі дарагі), мабільная сувязь (працуе эпізадычна). З культурнага жыцця магу згадаць толькі «Што? Дзе? Калі?». Кожнае прадпрыемства, якое ёсць у сяле, гуляе ў «ШДзК», мае сваю каманду. Турніры праводзіліся дзесьці раз на два месяцы.

— Колькі людзей жыло ў вашым пасёлку?

— Разам з навучэнцамі школы-інтэрната — каля 2 тысяч. Моладзі даволі шмат. 80% насельніцтва — гэта ненцы, у іх вялікая нараджальнасць. Наколькі я заўважыў, людзі імкнуцца застацца на тым месцы, адкуль паходзяць. Я амаль не чуў гісторыі, каб маладыя перабіраліся ў Салехард ці сталіцу вобласці Цюмень. На вучобу — так, часам ездзяць, але потым вяртаюцца дахаты.

— Вялікае адрозненне паміж ненцамі і рускімі?

— Абсалютна вялікае. Яны вядуць розны лад жыцця. Калі казаць пра тых ненцаў, што жывуць у сяле, то многія з іх страцілі свае карані, многія зусім не ведаюць сваёй мовы ці ведаюць яе недастаткова добра. Калі ж казаць пра тых, хто жыве ў тундры, то гэтыя людзі, хутчэй, не ведаюць рускай мовы, ездзяць у самаробных нартах, ходзяць у самаробнай вопратцы.

Пры гэтым нават у тундры ёсць элементы цывілізацыі: яны маюць снегаходы, генератары, нават спадарожнікавае тэлебачанне ёсць у чумах. Я быў толькі ў такіх лубочных чумах, якія выстаўляць на Дзень аленевода, у сапраўдных бываць не даводзілася.

— А за кошт чаго выжываюць тыя ненцы, што жывуць у тундры?

— Гэта традыцыйныя промыслы: аленегадоўля, збор пантаў (рагоў) — яны досыць дорага каштуюць, каля 30 даляраў за кілаграм. Здаюць аленяў на мяса, вырабляюць шмат чаго са скуры аленя — боты, тапачкі. Скажам так, што гэта ўсё таксама не танныя тавары. Канечне, рыба, паляванне. Амаль кожны ненец мае стрэльбу — гэта не хобі, а неабходнасць.

Што тычыцца рыбы, то ненцы маюць пэўную квоту на яе лоўлю. Напрыклад, калі рыбу будзе лавіць звычайны пасялковы рускі, то гэта будзе лічыцца браканьерствам і ён можа атрымаць за гэта немалы штраф, то для ненца будзе дзейнічаць квота, бо гэта неабходна для падтрымання традыцыйнага ладу жыцця. Тыя людзі, што жывуць у тундры, атрымліваюць так званыя «качавыя», то бок дзяржава плаціць за тое, што яны жывуць у такіх неспрыяльных умовах. Наколькі я памятаю, гэта не дужа вялікія грошы — каля 2000 тысяч рублёў на чалавека ў месяц.

— Ці вывучаецца ў школах ненецкая мова?

— Так, вывучаецца. У пасёлка была школа-інтэрнат, бо бацькі дзяцей жывуць у тундры. Дзяцей напрыканцы жніўня збірае верталёт і адвозіць у школу. Фактычна бацькоў дзеці бачаць два-тры разы на год. У маі ж дзяцей разбіраюць, недзе самі бацькі прыязджаюць на снегаходзе, дзесьці зноў верталётам развозяць па родных чумах.

— Павел, ці ўдалося вам вывучыць хоць нешта на мясцовай мове?

— Натуральна, адразу па прыездзе вывучыў пару словаў, каб вітацца ці развітвацца. У мяне было багата супрацоўнікаў ненцаў, таму я вывучыў фразу: «Ідзі працуй». Калі я званіў на пошту, то мог папытацца па-ненецку, ці ёсць пасылкі для Батуева.

У рэальнасці мова вельмі складаная, таму нават сказаць, што я яе засвоіў, хай нават на побытавым узроўні, будзе перабольшваннем. Вывучыў толькі самыя неабходныя для мяне 20—30 словаў. Нельга сказаць, што ненцы поўныя братэрскай любові да тых, хто прыязджае да іх. Але ў адкрытую агрэсію гэта не перарастае. Бывалі некалькі разоў размовы, маўляў, вось ты сюды панаехаў, у цябе такая добрая праца. На гэта я адказваў проста: каб у вас была адпаведная адукацыя, то я б не прыехаў сюды і вакансіі такой бы не існавала.

— А ў чым заключалася ваша праца?

— Я быў начальнікам участка цеплазабеспячэння. У маім падпарадкаванні было чатыры кацельні, станцыя водаачысткі. Мая праца заключалася ў тым, каб па магчымасці гэта працавала без перабояў. Калі маразы даходзілі да мінус 50, то ўсе збоі ў цеплазабеспячэнні маглі б скончыцца вельмі кепска для пасёлка. У маёй працоўнай кніжцы нават ёсць падзяка за ліквідацыю наступстваў шторму.

У лютым 2013 года там была проста пякельная пурга. Парывы ветру даходзілі да 40 метраў за секунду, зрывала дахі, рвала драты энергазабеспячэння. Мы потым мелі з гэтым шмат клопату. Я памятаю, што сышоў на працу ў пятніцу а 6 раніцы і вярнуўся ў суботу а 7 вечара. Выйшлі ўсе, там рэальна вялася гаворка пра выжыванне.

— Бура ў нас і бура на Поўначы — гэта абсалютна розныя рэчы?

— Калі я чуў слова «пурга», то мне ўяўлялася такая завіруха, бяскрыўдная, міленькая, фоткі для інстаграма. Але на справе гэта зусім не так. Часам вятры даходзілі да такога, што мяне, чалавека, у якога больш за 100 кілаграмаў вагі, збівала з ног. Снегу ў пурзе столькі, што бачнасць можа змяншацца да 4—5 метраў. Калі ты выйдзеш у сяло, то можаш заблукаць, бо няма ніякіх арыенціраў, толькі снег-снег-снег. Дыхаць вельмі цяжка, снег балюча сячэ па твары. Адчуванне такое, што ты на хуткасці галаву з машыны высунуў.

Рэкордная пурга пры мне працягвалася 8 дзён. У каго праца звязаная з нейкай бесперапыннай вытворчасцю, як у мяне, вымушаныя былі хадзіць на працу пры любым надвор’і. У мяне былі рэальныя выпадкі, калі быў вымушаны паўзці на працу, бо не мог устаць.

— Людзі часта гінуць у такіх умовах?

— Фактычна кожную зіму нехта гінуў. Гэтай зімой загінуў адзін ненецкі хлопчык. Яму было 3 ці 3,5 гады. Ненцы звычайна прывязваюць сваіх дзяцей за пояс, каб яны не дабраліся да печкі і не вылезлі з чума. Маці адышла ад чума літаральна на 200 метраў у палонку па ваду, як пачалася пурга. Дзіцё было не прывязаным, таму згубілася. Знайсці кагосьці ў пургу амаль немагчыма, бо ўсё заглушае гэтае скавытанне пургі, крычы не крычы. Не маглі праз гэта выклікаць і верталёт. Нават у дарослага ў такіх умовах не было б шанцаў выжыць.

— Колькі доўжыцца там зіма?

— Снег у любой колькасці можа выпасці ў любы месяц. Пастаянны ж снег выпадае дзесьці ў другой палове верасня, бывала, што мы з дзецьмі 18 верасня ўжо ляпілі снегавікоў, а сыходзіць у сярэдзіне чэрвеня. У ліпені адмярзае заліў, Обская губа. Ацяпляльны сезон сканчваецца літаральна на месяц, месяц, калі можна правесці ўсе рамонтныя работы — гэта частка ліпеня і жніўня.

— Ці ўзнікалі ў вас праблемы праз палярную ноч?

— Не, ніякіх. Я раней думаў, што палярная ноч — гэта як выйсці ў Беларусі на вуліцы а другой ночы. Абсалютная цемень. Але гэта зусім не так. Палярная ноч азначае, што сонца не падымаецца над даляглядам. Першыя дні палярнай ночы нават можна бачыць сонечнае святло, але сам дыск не з’яўляецца. Абсалютнай цемры ўдзень няма, хутчэй шэрань. Мне гэта дыскамфорту не дастаўляла. А 12-й ты ідзеш на абед і вакол досыць светла, але ў 15—16 ужо сапраўдная ноч. Мне больш не падабаўся палярны дзень, калі сонца ўвесь час на даляглядзе. Сон парушаецца, трэба ўвесь час завешваць вокны. І доўжыцца такое больш за два месяцы.

Яшчэ ёсць так званыя белыя ночы, калі сонца спускаецца за далягляд на 20, 30 хвілін, на гадзіну. У мяне няма асаблівай метэазалежнасці, таму, наадварот, нават было цікава.

Бачыў паўночнае ззянне. Калі першы раз убачылі з жонкай гэтую з’яву, то было суцэльнае расчараванне. Гэта быў такі зялёны статычны туман паласой на небе. Абсалютна ўяўлялася па-іншаму. Мы яшчэ спыталі ў жанчыны, якая праходзіла міма: а што гэта такое? Яна паглядзела на нас як на дурняў і адказала, што гэта ззянне. А потым аказалася, што такія ззянні, як паказвае National Geographic, бываюць досыць рэдка. Каб быў нябесны фоташоп і неба пералівалася ў розных колерах, бывае два-тры разы на год. Зусім неабавязкова, што ты яго пабачыш. Яна з’яўляецца нечакана — раз і ўсё неба ў агні.

У мяне бывала, што я бачыў у фортку паўночнае ззянне, хапаўся за штатыў і фотаапарат, выбягаў на вуліцу, а фоткаць ужо не было чаго. А бывала такое, што вісела ў небе па шмат гадзін.

— Я чуў пра такую цікавую з’яву, як міражы на поўначы.

— Так, сутыкаўся і з такім. Калі пабачыў упершыню, то не паверыў. Вакол усе казалі, што гэта міраж. Я ішоў дахаты, гэта было пасля 9 вечара, бачу — нейкія агні, такое адчуванне, што гэта пасёлак ці машыны едуць, але машыны там ехаць не маглі. Прыйшоў дадому, загугліў, аказалася, што на Поўначы досыць распаўсюджаная з’ява ў сухі мароз, калі няма ветру, туману. Быў бачны пасёлак Сабета, дзе здабываюць газакандэнсат. Я бачыў нават факел, у якім згарае спадарожнікавы газ. Адлегласць жа да гэтага пасёлка 140 кіламетраў.

— Дзе вы там жылі?

— З жыллём усё цікава. Першы час, пакуль я быў на выпрабаваўчым тэрміне, я жыў у інтэрнаце. На аграмадны інтэрнат, можа, жыло 5 чалавек. Калі выпрабаваўчы тэрмін скончыўся, мне выдалі службовае жыллё — бочку. Гэта самае дзіўнае жыллё ў маім жыцці. Гэта такая цыстэрна, падзеленая на адсекі. Калі ў гаспадара рукі растуць адкуль трэба, то там ён робіць душ, прыбіральню, калі не, то на выгоды — на вуліцы.

У мяне бочка была з душам, я сам дарабіў там прыбіральню. Па зручнасці выкарыстання — гэта такая аднапакаёвая кватэра. Там было досыць цёпла, не мерзлі там ні разу. Адзінае, падчас пургі жыллё троху хістае, бо яно стаіць на палях, там усё жыллё на палях. І калі пурга вельмі моцная, то ўражанне, што едзеш у трактары па вясковай дарозе.

З маім кар’ерным ростам мне выдалі іншае жыллё, так званы палок. Гэта такая некапітальная пабудова з друзу, дошак, абабітая рубероідам. Знешне гэта выглядае не дужа прэзентабельна, але ўнутры — звычайная кватэра. Цёплая, з усімі выгодамі.

— А з ежай што?

— З ежай больш складана. Летам па Обскай губе прыязджаюць караблі, так званыя плывучыя крамы. Мы спачатку з жонкай рагаталі, бо гэта вельмі смешна, калі прыходзіць карабель і ўвесь народ ідзе на закупы. Там можна купіць усё — ад ежы да квадрацыклаў. Калі ў іх чагосьці няма, то дамаўляешся: хлопчыкі, прывязіце мне наступны раз канапу. Музыка там іграе, як у беларускіх маршрутках, усё гэта выглядае вельмі каларытна.

Калі зіма і воднага шляху няма, то прабіваюцца «зімнікі» — машыны з ежай. Бывае, што іх заспявае пурга і яны некалькі дзён стаяць у дарозе, ежа прыязджае перамарожаная. Шлях ад Салехарда да пасёлка яны могуць прайсці за два дні, а могуць за тыдзень. Ад гэтага залежыць якасць прадуктаў.

Калі ж няма ні караблёў, ні зімнікаў, то складана: няма ні гародніны, ні садавіны. У крамах у асноўным крупы, кансервы, тое, што не вельмі хочацца ўжываць. Вельмі добрая сітуацыя там з мясам. Аленіна — нармальнае мяса і каштуе няшмат. Але калі ты там сядзіш 10 месяцаў, то перад адпачынкам ужо глядзець на гэтую аленіну не можаш. Хочацца нармальнай свініны ці любога іншага мяса.

— А з рыбай што?

— Цудоўна ўсё. Да таго, як я паехаў на Поўнач, рыбу амаль не ўжываў. А праз год еў у любым выглядзе: вяленую, сушанаю, вэнджаную, сырую.

Рыба свежая, ёсць увесь час. Мне яшчэ пашанцавала, што было шмат супрацоўнікаў ненцаў. А ненцы не ядуць ніякай іншай рыбы, апроч той, што з серабрыстай лускай. Ёсць, напрыклад, такая рыба, як харыус, але ў яе чорная луска, таму павер’і забаранялі яе есці. Ненцы яе проста раздорвалі, таму я ўвесь час быў з рыбай.

— Беларускія тавары туды даходзяць?

— Так, ёсць беларуская гарэлка. Ёсць рагачоўская згушчонка. Я некалькі разоў бачыў, як тундравыя ненцы стаялі па яе ў чарзе. Гэта адзін з іх улюбёных прадуктаў. Адзін час там нават былі нейкія кумпякі Гродзенскага мясакамбіната, я не ўяўляю, як іх туды давозілі. Да беларускіх прадуктаў існуе вялікі сантымент. Беларускае — значыць якаснае.

— Ці шмат п’юць на Поўначы?

— Шмат. Магчыма, людзі проста не ўяўляюць, як можна бавіць час па-іншаму. За кніжкай ці неяк яшчэ. Шмат п’юць ненцы. Яны праз свае фізіялагічныя асаблівасці хутка співаюцца. Я б сказаў, што п’юць нашмат болей, чым у Беларусі. Можна сказаць, што ўся мая кар’ера на Поўначы будавалася праз алкаголь. Калі мяне ўзялі на працу, то начальнік участка быў у запоі — і мяне ўзялі майстрам, каб я пераймаў досвед.

Калі праз год я вяртаўся, то дырэктар мяне віншаваў проста на верталётнай пляцоўцы з тым, што я новы начальнік участка. Бо былы зноў сышоў у запой. Яшчэ праз год я выконваў функцыі галоўнага інжынера, і там не абышлося без алкаголю.

— А што там з бальніцамі, дактарамі?

— Там ёсць бальніца. Апошнія гады там быў педыятр. Да гэтага быў толькі галоўны доктар — хірург. Я быў у бальніцы, мне аказалі там нармальную дапамогу. А сёлета там ляжалі мае дзеці — у іх была высокая тэмпература. У Расіі абавязковае медычнае страхаванне, у мяне гэтага дакумента не было.

Адпаведна бальніца мне выкаціла круглую суму за пяць дзён, што сын і дачка правялі ў бальніцы, — 50 тысяч рублёў (1500 рублёў). За пяць дзён у вясковай бальніцы — гэта неяк замнога. Калі здараецца нешта экстрэмальнае, то існуе санітарная авіяцыя, якая транспартуе людзей у Салехард альбо ў раённы цэнтр Ярсале.

— Ці ўдалося ў выніку дасягнуць сваёй мэты — зарабіць грошай?

— У мяне галоўнай мэтай былі нават не грошы. Пацягнула на Ямал праз прагу прыгодаў, грошы былі другаснымі. Аднак і першай мэты, і другой удалося дасягнуць.

— Што б параіў беларусам, якія хочуць ехаць на Поўнач?

— Складанае пытанне. Калі б я ведаў усе бюракратычныя моманты, то мог бы не паехаць. Туды няма сэнсу ехаць на кароткі тэрмін. Калі ты працуеш легальна, то заробак расце ў цябе на 10% у год. Мне трапляліся беларусы, якіх падманулі на Поўначы, яны судзіліся нават. Праца мусіць быць легальнай. Першы год грошай хапае толькі на харчаванне і вопратку. Наўрад ці можна знайсці працу, дзе грошы ўдасца зарабіць ужо ў першы год.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)