Беседка

Павал Севярынец: “Я маляваў партрэты за абед”

На сайце радыё Свабода адбылася онлайн-канфэрэнцыя з палітзьняволеным Паўлам Севярынцам, які гэтым часам знаходзіцца на папраўчых работах у вёсцы Малое Сітна. Прапануем вашае увазе найбольш уцікавыя пытанні і адказы.

— Вітаю Павал, Які найбольш пазытыўны досьвед ты атрымаў за часы адсідкі ў Сітне?

— Найбольш каштоўны пазытыўны досьвед — досьвед беларускае салідарнасьці. 311 наведнікаў і 623 лісты (на гэты момант) — для мяне цэлы інтэрактыўны ўнівэрсытэт. Падлічыў, што на волі маё кола звычайна абмяжоўвалася некалькімі дзясяткамі сталых (і ў асноўным тэлефонных) суразмоўнікаў, а тут — сотні жывых людзей і найцікавейшых допісаў! Вельмі ўдзячны ўсім, хто піша і прыяжджае.

— Павал, ты рэгулярна пішаш, а ці ёсьць час самому чытаць? Якія кнігі прачытаў апошнім часам? Што параіш іншым?

— Апошнія тыдні чытаў “Старажытную беларускую літаратуру”, “Усяленскія саборы” Карташова, “Пераступіць парог надзеі” Яна Паўла ІІ, новыя дасьледаваньні Андрэя Катлярчука, “Сем гадоў Адраджэньня” Сяргея Навумчыка, выбарчы кодэкс і хрысьціянска-дэмакратычны нумар “Спадчыны”. Што параю? Дарагія беларусы, чытайце Біблію на роднай мове! Гэта самае глыбокае вымярэньне беларускай нацыянальнай ідэі. Раю паболей чытаць гістарычнай і духовай літаратуры — ад Тураўскага, Скарыны, Воляна да Быкава, Арлова і Пазьняка. Беларусы маюць быць знаўцамі Міцкевіча, Дастаеўскага, Сянкевіча, Мілаша. З замежных раю “Сын Чалавечы” Аляксандра Меня, “Малітвы на возеры” Мікалая Себскага (праваслаўныя), “З Богам у Расеі” вязьня ГУЛАГа, езуіта Вальтара Цішэка, “Любоў і адказнасьць” Яна Паўла ІІ (каталіцкія), “Настаўленьні ў хрысьціянскай веры” Жана Кальвіна й “Разважаньні над Эвангельлямі” Джона Райла (пратэстанцкія), айцоў царквы, перадусім Аўрэлія Аўгусьціна.

— Які, на Вашае меркаваньне будзе прысуд Вашаму сябру й паплечніку Зьмітру Дашкевічу? Ці ў Сітне з людзьмі вы абмяркоўваеце гэтае пытаньне і як да гэтага ставяцца людзі ў Сітне? Якімі справамі Вы зараз заняты, як ваша літаратураная праца?

— Які б прысуд не абвясьцілі Зьміцеру Дашкевічу, я перакананы: ён вытрымае, а "Малады Фронт" на хвалі салідарнасьці толькі ўзмацніцца. У Сітне людзі ведаюць пра гэты суд, абураюцца (бо і незарэгістраваны школьны бацькоўскі камітэт, і зьбіральнікі брусьніцаў падпадаюць пад 193-ці артыкул Крымінальнага кодэксу)... Што раблю? Працую, пішу, адукоўваюся, малюся.

— Павал, як Вы ставіцеся да сёньняшняга становішча ў аб'яднаных дэмакратычных сілах. Што трэба, на Ваш погляд рабіць, каб перамагчы? Ці верыце вы ў перамогу? Павал, калі вы вызваліцеся, ці будзеце працягваць літаратурную працу(эсэ, атрыкулы)?

— Становішча ў аб'яднаных дэмакратычных сілах складанае. Веры, волі, духу вобмаль. Трэба гуртаваць моладзь, прадпрымальнікаў, хрысьціянаў, укараняць нацыянальны рух у самай народнай гушчыні і працаваць, працаваць, працаваць. Не перажоўваць соты раз на сэмінарах адных і тых самых актывістаў, а штодня пашырацца за кошт новых людзей, самакіроўных ініцыятываў і кампаніяў нацыянальнага маштабу. Калі з рэжымам змагаецца толькі апазыцыя — яна асуджаная на паразу. Калі пачынае змагацца н а р о д — асуджаны рэжым.Таму ў перамогу трэба верыць. Мы пераможам рана ці позна — але ж ня хочацца губляць час.

Літаратурнай працай пляную займацца сур'ёзна. Рыхтую да выданьня зборнік артыкулаў 1998-2003 гадоў (“Брату”, каля 250 старонак) Прапанавалі надрукаваць асобнай кніжкай “Лісты зь лесу”, перавыдаць “Нацыянальную ідэю” (хутчэй за ўсё пад новай назвай “Люблю Беларусь”) Пакуль што ўсё гэта можна знайсьці на www.sieviarynets.net. І, самае галоўнае, пішу раман.

— Маю некалькі пытаньняў 1.Як Вы лічыце, ці шват зараз робіцца дэмакратамі, ў тым ліку і Маладым Фронтам, для перамогі. 2.Вашае меркаваньне аб палітычным стане ўва Ўкраіне, дзе да ўлады прыйшоў Януковіч. 3.Як Вы лічыце, якімі павінны быць адносіны Беларусі і Расеі у будучыні. Ці розняцца Вашыя меркаваньні аб расейскай ўладзе і простых расейцах? 4.Ці вы лічыце, што Мілінкевіч павінен заставацца лідэрам Аб'яднаных дмакратычных сіл?

— 1. Для перамогі зараз робіцца яўна не дастаткова. Разам з тым Малады Фронт і хрысьціяне вераць і перамогу і змагаюцца, а многія апазыцыйныя структуры самазахоўваюцца ды “адбываюць нумар”. 2. Гістарычны і нацыятворчы фэномэн Майдану канчаткова зрабіў Украіну Ўкраінай. Прэм”ер Януковіч — непазьбежная карэкцыя пасьля аранжавага геапалітычнага рыўка (інэрцыю яшчэ ніхто не адмяняў). Дэмакраты расчаравалі, але будучыня Ўкраіны — за асобамі кшталту Юліі Цімашэнкі. 3. Дачыненьні Беларусі і Расеі мне даводзілася падрабязна асьвятляць у кнізе “Нацыянальная ідэя. Фэнаменалёгія Беларусі” (www.sieviarynets.net або www.mfront.net), у артыкуле “Беларуская пэрспэктыва” (выйдзе ў зборніку “Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 1994-2006 гг”.). Калі каротка, сэнс у тым, што ўсе тысячы гадоў сваёй гісторыі Беларусь спрабавала зьмяніць, падкрэсьліваю, з ь м я н і ц ь Усход, уплываць на яго духова, культурна і палітычна, ажыцьцяўляць тут асьвету, эвангелізацыю і дэмакратызацыю. Таму і будучая беларуская усходняя палітыка бачыцца мне не як “жалезная заслона”, а як шырокая экспансія з мэтаю збавіць народы Расеі ад імпэрскіх комплексаў і цемрашальства. А расейскую ўладу і жыхароў Расеі, вядома, адрозьніваю — гэтак жа, як і беларускі рэжым і ўласна беларусаў. 4. Лідэрам беларускай ідэі дагэтуль застаецца Зянон Пазьняк (Мілінкевіч насьледуе яму), а лідэрам беларускай дэмакратыі ёсьць Аляксандар Мілінкевіч (Пазьняк адасобіўся ад аб'яднаных дэмакратычных сілаў). Нацыянальны рух мусіць пераадолець гэтую супярэчнасьць узаемадапаўненьнем ды ўзаемападтрымкай — тады аб'яднаныя дэмакратычныя сілы здолеюць зрабіцца моцным грунтам для незалежніцкай эўрапейскай беларускай палітыкі.

— Якое зараз становішча ў Сітне? Ці шмат сяброў Ты маешь? Ці носішь значок ''За свабоду''? Зычу цябе трымацца, негледзячы ні на што, быць заўжды пасьлядоўным. Мы ў цябе верым! Жыве Беларусь!

— Дзякуй. Грамадзка-палітычнае становішча ў Сітне імкнемся разам з вяскоўцамі палепшыць. Зьявілася цьвёрдае кола прыхільнікаў пераменаў, суполка ТБМ, Малады Фронт, падпісчыкі і чытачы незалежнай прэсы; многія носяць значкі “За Свабоду!” і зьбіраюцца мяняць кіраўніцтва сельсавету. Але ў асобна ўзятай вёсцы Новую Беларусь не пабудуеш — трэба працаваць па ўсёй краіне. А сам значку нашу, як жа інакш!

— Паша, на адным з фотаздымкаў, якія зьмешчаны на Вашым сайце, можна ўбачыць даволі прыгожыя акварэлі, напісаныя Вамі яшчэ ў юнацтве. Скажыце калі ласка, а зараз Вы пішаце карціны? (Калі не, то чаму?)

— Па сканчэньні мастацкае школы ў 1994-м годзе маляваў яшчэ некалькі гадоў. Праўда, не акварэлі, а адмысловую графіку (каляровая крэйда з чорнай шарыкавай асадкай). У пару галоднага студэнцтва ў сярэдзіне 1990-х набытая спэцыяльнасьць мяне ў прамым сэнсе карміла: адзін хлопец з нашага курсу як мэнэджэр дамаўляўся за добры абед зрабіць партрэт жыхара ці жыхаркі інтэрнату, я маляваў, і кармілі абодвух. Потым рабіў натурморты, краявіды, плякаты Маладога Фронту... Пару разоў выстаўляўся на Варвашэні, 8. Зараз не стае часу — хаця, бывае, і цягне: такое хараство вакол!

— Калі сканчаецца тэрмін твайго "пакараньня"?

— Тэрмін майго пакараньня сканчаецца 15 жніўня наступнага году.

Уражаны моцнай падтрымкай наведнікаў канфэрэнцыі. Дарагія беларусы, дзякуй вам. Будзьце разам, будзьце гэтак жа салідарныя ў любым моманце беларускай прасторы і часу. Сам буду імкнуцца з Божай дапамогай апраўдаць вашыя спадзяваньні і зрабіць усё, каб Беларусь урэшце сталася вольнай, незалежнай, дэмакратычнай і хрысьціянскай краінай.

***

Павал Севярынец нарадзіўся 30 сьнежня 1976 году ў Воршы, у сям'і журналіста Канстанціна Севярынца й школьнай настаўніцы Тацяны Севярынец. У 1994 годзе скончыў СШ № 25 Віцебска ў мастацка-архітэктурнай клясе, у 2000 годзе — геаграфічны факультэт БДУ, атрымаўшы прафэсію інжынэра-геоляга па спэцыяльнасьці “Разьведка карысных выкапняў".

У 1994-1999 гадох працаваў рэпарцёрам у шэрагу дзяржаўных і камэрцыйных выданьняў. З 1998 году пачаў друкавацца ў незалежнай прэсе як публіцыст.

У кастрычніку 1995 году ўступіў у БНФ "Адраджэньне". У лютым 1997 году узначаліў Менскую маладзёвую фракцыю БНФ. У верасьні 1997 году на Устаноўчым сойме быў абраны сустаршынём Маладога фронту.

2 красавіка 1998 г. арыштаваны падчас апазыцыйнае маніфэстацыі ў Менску і за "зрыў канцэрту, прысьвечанага аб'яднаньню Расеі й Беларусі", зьмешчаны ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Праз два месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадзкасьці вызвалены й адпраўлены пад падпіску аб нявыезьдзе ў Віцебск. Крымінальная справа закрытая ў лістападзе 1998 годзе без тлумачэньняў і прабачэньняў.

Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі ў 1997-2004 гадох, больш за 40 разоў затрымліваўся міліцыяй і КДБ; агулам правёў пад арыштам больш за 7 месяцаў і атрымаў 3,5 тысячы даляраў штрафу.

Заснавальнік асьветніцкага праекту "Шоў Беларушчыны", курсаў "Ды-джэяў Адраджэньня", ініцыятар стварэньня кааліцыі беларускіх дэмакратычных маладзёвых арганізацыяў "Пераменаў!", а таксама міжканфэсійнае супольнасьці "Хрысьціянская ініцыятыва". У 1999-2003 гадох — намесьнік старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 — старшыня Маладога фронту.

Адзін з арганізатараў І Кангрэсу Беларускай Моладзі (ліпень 2001 г.), абароны Курапатаў (верасень 2001 г. — чэрвень 2002 г.), нацыянальнай кампаніі "Беларусь у Эўропу!" (вясна 2002 г.), перадвыбарчага блёку "Маладая Беларусь" (2004 г.).

Аўтар трох кнігаў: "Ды-джэй Адраджэньня" (1998 г.), "Пакаленьне Маладога Фронту" (2002 г.), "Нацыянальная ідэя" (2005 г.).

Хрысьціянін.

28 чэрвеня 2005 году Менскі гарадзкі суд разгледзеў скаргу Паўла Севярынца на рашэньне Цэнтральнага суду, паводле якога адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч і актывіст “Маладога фронту” Павал Севярынец пакараныя трыма гадамі абмежаваньня волі. Суд Цэнтральнага раёну Менску 31 траўня прызнаў палітыкаў вінаватымі ў арганізацыі вулічных пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў леташніх выбараў і рэфэрэндуму. У часе сьледзтва была абвешчаная амністыя. Таму Мікола Статкевіч і Павал Севярынец маюць адбываць пакараньне два гады. Старшыня паседжаньня Менскага гарадзкога суду Валеры Камісараў пакінуў прыгавор раённага суду бязь зьменаў. Павал адбывае пакараньне ў Малым Сітне на поўначы Віцебшчыны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)