Паўтара мільёна штрафу за нязьнішчаных сьвіней

На Магілеўшчыне пачалі караць прыватныя гаспадаркі, якія не пазбавіліся ад сьвіней.

30 жніўня адміністрацыйная камісія пры Магілеўскім райвыканкаме аштрафавала жыхарку вескі Палы́кавічы Сьвятлану Ліпецкую на паўтара мільена рублеў. Ейная гаспадарка, паводле камісіі, стварае небясьпеку для сьвінакомплексу «Палыкавічы», што ў Магілеўскім раене.

На Сьвятлану Ліпецкую 14 жніўня склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. У ім зазначаецца, што ў яе гаспадарцы ўтрымліваюцца шэсьць дзясяткаў сьвіней, а гаспадарка месьціцца менш як за пяць кілямэтраў ад сьвінакомплексу «Палыкавічы». З пратакольнай фармулеўкі вынікае, што гэта парушае санітарна-вэтэрынарныя правілы, зацьверджаныя 6 траўня 2013 году пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня.

На разглядзе справы супраць Сьвятланы Ліпецкай, які праходзіў у кабінэце кіраўніка спраў Магілеўскага райвыканкаму Аляксандра Алексы, журналістам не далі прысутнічаць. Спаслаліся на адсутнасьць у іх акрэдытацыі. Разгляд справы доўжыўся каля гадзіны, паведаміла пазьней Сьвятлана Ліпецкая.

«Парушылі пяцікілямэтровую зону. Паўтара мільена штрафу. А наступны раз дадуць два мільены. „Вы зьяўляецеся крыніцай небясьпекі і заражэньня. Вы небясьпечныя для сьвінакомплексу. Можа легчы праз вас усе пагалоўе сьвінакомплексу“, — так казалі на камісіі. Будзем плаціць штраф. І, вядома ж, будзем пагалоўе скарачаць. Вінаватай я сябе не лічу, але ў нас правы той, у каго больш правоў».

Паводле Сьвятланы Ліпецкай, ейная цяперашняя гаспадарка — плен дваццаці гадоў працы.

«Нарошчвалі пагалоўе з году ў год. Кароў трымалі. І сьвінаматак трымалі. А цяпер нам прапануюць: „Можаце ўзяць птушку, курку, качак“. Мы зьвярталіся на мясакамбінат. Там сказалі, што ў нас сыравіны сваей хапае. А прадпрымальнік, які набывае сьвініну ў насельніцтва, прапануе 15 тысяч за кіляграм. Гэта значыць аддаць дарма».

Магілеўскі райвыканкам

Сын спадарыні Сьвятланы Андрэй, які разам з маці бараніў на камісіі сьвіней ад заўчаснага зьнішчэньня, дадае:

«На адміністрацыйнай камісіі нам прапаноўвалі вывесьці сьвіней за пяцікілямэтровую зону. А заўтра прымуць, што дзесяць кілямэтраў зона. Гэта настолькі бесталковыя і драконаўскія захады, што яны ня лезуць ні ў якія вароты».

Сьвінакомплекс «Палыкавічы» знаходзіцца на ўскрайку аднайменнай вескі. Ня ўсе ейныя жыхары пазбыліся сьвіней.

«Сказалі пазабіваць вялікіх, я забіла вялікіх. А вось засталіся малыя, якіх я ўвесну брала. Яны цяпер кіляграмаў па сорак. Куды іх? Стаяць у сьвінуху. Ен жа зачынены. Ізаляваны. Калі ўжо прыйдуць і скажуць канкрэтна забіраць ці штрафаваць, то тады ўжо давядзецца некуды дзяваць. Так ува ўсіх людзей. Далі б ужо дагадаваць які месяц-два», — кажа жыхарка вескі Палыкавічы.

Сям’і Ліпецкіх суразмоўніца спагадае:

«Каб ужо тут быў ачаг які, а тут нічога ніякага. Накінуліся спантанна на людзей. А людзі ж з гэтага жывуць, з гэтых капеек. Увесь жа час кажуць, што разьвівай прыватныя гаспадаркі. А як тут будзеш разьвіваць, калі кажуць — зьнішчай уласнаруч».

У гэтак званую пяцікілямэтровую зону бясьпекі вакол сьвінакомплексаў, якія належаць сельгаспрадпрыемствам «Палыкавічы», «Зара» ды «Ўсход», трапіла 31 паселішча. У прыватных гаспадарках гэтай зоны не павінна заставацца сьвіней. Пэрспэктывы для аднаўленьня прыватнай сьвінагадоўлі тут, як заяўляюць спэцыялісты, няма. Лічыцца, што пяцікілямэтровая зона бясьпекі засьцеражэ дзяржаўныя жывелагадоўчыя комплексы ад вірусу афрыканскай чумы сьвіней. На Магілеўшчыне, паводле афіцыйнай інфармацыі, ачагоў хваробы ня выяўлена.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)