Общество
Анастасія Зелянкова

Паўлу Латушка прыйшлося адказваць перад беларусамі свету (абноўленае)

V з'езд беларусаў свету сабраў больш за дзвесце дэлегатаў з 17 краін. Акрамя замежных дыпламатаў, на мерапрыемстве 18 ліпеня прысутнічалі і прадстаўнікі беларускай улады: упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, прадстаўнікі МЗС, парламента Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і міністр культуры Павел Латушка. Апошняму прыйшлося адказваць за ўсё "грахі" беларускага кіраўніцтва. Таксама на з’ездзе было абрана новае кіраўніцтва. Узначаліла Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”» Алена Макоўская.

Пяты з'езд беларусаў свету распачаў сваю працу ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры. Галоўнай інтрыгай мерапрыемства стаў візіт беларускіх афіцыйных асоб, якія звычайна ігнаравалі дадзенае мерапрыемства.

— Важна, што мы разумеем, што павінны працаваць разам на захаванне беларускай культуры і дзяржаўнасці, — звярнуся да прысутных Павел Латушка. — Нам часта даводзіцца чуць, што мы тут, на Беларусі, мала што робім для гэтага. Але насамрэч шмат што робіцца, хаця, магчыма, магло б быць і больш.

Далей міністр прывёў падрабязны спіс дасягненняў дзяржавы ў галіне адраджэння нацыянальнай культуры. Адпаведную справаздачу на паўгадзіны зрабіў і ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка.

— Такія пазітыўныя даклады, што я ў разгубленасці, ці варта мне ўвогуле гаварыць, — падсумаваў папярэдніх выступоўцаў кіраўнік Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”» Аляксей Марачкін. — У мяне чамусьці ўсё гэта гучыць з іншага боку. Сённяшняя палітыка дзяржавы вядзе да страты беларускай культуры і суверэнітэту. Русіфікацыя нашага краю дасягнула найвышэйшага ўзроўню. Па-беларуску абвяшчаюць хіба што толькі прыпынкі ў транспарце. Наша мова стала нейкім сувенірам. Мы бачым, што сённяшняя моўная палітыка вядзе да этнацыду. Каб гэтага не адбылося, трэба вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай.

Сядзець спакойна ў гэты дзень міністру культуры не прыйшлося. Шмат хто з выступоўцаў звяртаўся да яго ў сваіх прамовах — хто з канкрэтнымі прапановамі, хто з абвінавачваннямі.

— Калі наш міністр гаварыў пра вялікія дасягненні дзяржавы ў галіне беларускай культуры і ў гэты час на экране з’явілася нацыянальная бібліятэка, мне стала крыўдна, — звярнулася да яго пісьменніца Вольга Іпатава. — Так, бібліятэку пабудавалі, але для беларускіх пісьменнікаў дзверы туды зачыненыя. Нам, літаратарам з Саюза беларускіх пісьменнікаў, там выступаць забаронена. У адрозненне ад членаў праўладнага саюза. Спадзяюся, што вы зможаце ўрэшце выправіць гэтую сітуацыю.

Свае спадзяванні на новага міністра культуры выказаў і былы старшыня Вярхоўнага савета Станіслаў Шушкевіч

— Трэба, каб беларуская дзяржава, якая беларуская па назве, стала беларускай і па сутнасці, — заклікаў палітык.

У другой палове дня ўдзельнікі з’езду працавалі па секцыях. Наступны дзень працы быў не менш напружаным. Дэлегаты выступілі з шэрагам прапаноў да беларускіх улад, сярод якіх стварыць пасведчанне беларуса замежжа па аналогіі з картай паляка. Гэтая і іншыя ініцыятывы былі прапанаваны у праект закона "Аб беларусах замежжа", які цяпер разглядаецца ў адпаведных ведамствах, паведамляе «БелаПАН». Дадзенае пасведчанне павінна дапамагчы этнічным беларусам пры наведванні імі гістарычнай радзімы, у прыватнасці, атрымліваць шматразовую беларускую візу на палегчаных умовах, не рэгістравацца па прыбыцці ў Беларусь, мець роўны з грамадзянамі Беларусі доступ да адукацыі і медыцынскай дапамогі і інш.

Таксама на з’ездзе было абрана новае кіраўніцтва. Узначаліла Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”» Алена Макоўская. На гэтай пасадзе яна змяніла мастака Аляксея Марачкіна.

Адначасова была абраны Вялікая рада аб'яднання, куды ўвайшлі 53 прадстаўніка беларусаў замежжа і 47 прадстаўнікоў Беларусі. З апошніх была сфармавана Малая рада.

Акрамя таго, з'езд прыняў звароты да розных дзяржаўных органаў аб стварэнні ўстаноў па справах беларускай дыяспары, ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў, падтрымцы беларускамоўных СМІ, тэле- і радыёпраграм за межамі Беларусі, захаванні і падтрымцы Беларускага дома — культурна-асветніцкага цэнтра Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына"».

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)