Общество
Таццяна Гусева

«Пасля смаргонскай турмы я паехаў у музей, а не да жоначкі»

Пасля адбыцця пакарання ў смаргонскім ізалятары мастак пакуль не даехаў дадому. Як Алесь Пушкін выходзіў з галадоўкі, і якія ягоныя жаданні за кратамі ўвасобіліся ў турэмным альбоме, мастак распавёў «Салідарнасці».

— Сам факт, што на мастака надзелі наручнікі — такога няма нідзе ў свеце! – абураецца Алесь Пушкін.

Нагадаем, Смаргонскі раённы суд асудзіў мастака на 10 сутак арышту за арганізацыю акцыі памяці кіраўніка антыкамуністычнага падполля ў пасляваенныя гады Расціслава Лапіцкага, за ўдзел у гэтай акцыі, а таксама за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

У ізалятары Пушкін трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць несправядлівага прысуду.

— За кратамі мне далі школьны альбом для малявання, дзіцячыя алоўкі і фламастэры. Малюй сабе голых баб і цешся! Вось яно, стаўленне да мастацтва ў нашай краіне.

Усе 32 старонкі альбома, які Пушкін заве турэмным, ён размаляваў з двух бакоў. Толькі адзін ліст вырваў прапаршчык.

— На восьмы дзень маёй галадоўкі ахоўнік смажыў цыбулю з каўбасой. Пах быў на ўсю турму! Са злосці я намаляваў яго партрэт. І хоць я хаваў альбом пад кашуляй, ён забраў той ліст. Я кажу: «Гэта інтэлектуальная ўласнасць!». Але ён пакінуў сабе партрэт на памяць.

У турэмным альбоме Алеся Пушкіна ўвасобіліся ўсе жаданні мастака за кратамі: аголеныя жанычыны, ежа, дзеці і ўлюбёныя краявіды.

— Я адсканірую гэты альбом і зраблю выставу, — вырашыў ён.

Прыехаўшы са Смаргоні ў Мінск, Пушкін адправіўся ў Нацыянальны мастацкі музей на выставу беларускіх мастакоў парыжскай школы.Кажа, атрымаў асалоду. Потым накіраваўся на выставу сябра Уладзіміра Крукоўскага. Пасля — яшчэ на адну выставу ў бібліятэку Пушкіна.

— Мой дзень на волі завяршыўся ў рэстарацыі, — дзеліцца Алесь. — Я піў і еў с падзельнікамі — мастакамі, з якімі ладзілі акцыю ў Смаргоні. Сёння паеду да жоначкі. Не бачыў яе 11 дзён!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)