Общество
Алена Якжык

Пасля адсідкі ў мінскім ізалятары звольнена з працы маці журналіста Зміцера Панкаўца

Рэдактар аддзелу палітыкі газеты «Наша Ніва» Зміцер Панкавец працаваў пасля 19 снежня і нават задаваў пытанне Аляксандру Лукашэнке на прэс-канферэнцыі у абставінах, калі яго маці з сястрой былі затрыманыя на Плошчы і асуджаныя на 10 сутак. Пасля адсідкі маці журналіста, якая жыве і працуе ў Барысаве, была звольненая.

Але як і сам Зміцер, так і яго маці Ірына, па словах калегі, не страчваюць надзею.

– Маму звольнілі з працы. Яна была галоўным поварам ў школе. Зараз яна шукае новае месца. Дзве спробы ўжо аказаліся дарэмнымі. З ёй размаўляюць, а пасля гавораць – “можаце да нас не прыязджаць, самі ведаеце, па якой прычыне”. Мама пакуль не расчараваная, трымаецца. Так што, нармальна ўсё, – кажа Зміцер.

Родных жанчын Зміцера затрымалі ўвечары 19 снежня. Самога рэпарцёра не было разам з імі – працаваў у іншым месцы.

– Атрымаў SMS, калі пачаўся разгон на плошчы Незалежнасці: «Нас узялі», – удакладняе суразмоўца. – Мы стэлефанаваліся, але ж было ясна, што іх ніхто не выпусціць. Паведамілі, што калі пачаўся разгон, яны пабаяліся ўцякаць, бо можна было разбіць галаву аб бардзюр – было слізка. Працэсы адбываліся ў Маскоўскім судзе. Сястра віну не прызнала, сказала, што яе не адчувае. А мама прызнала, што прымала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (гучала, што магчымыя змякчальныя абставіны). Але ў выніку тэрмін атрымалі аднолькавы – па дзесяць сутак.

Даведаўшыся пра мацу і сястру Зміцера, якія адбывалі тэрмін у ізалятары Мінскага раёна, аўтар гэтых радкоў адзначыла, што сам ён амаль нікому не распавядаў пра гэта. На што Панкавец кажа: “Калегі давалі інфармацыю. Але ж менавіта мне крычаць, што мае мама і сястра апынуліся ў гэтым спіску, калі ў ім было больш за 600 чалавек… Не, не лічу, што павінен быў падымаць нейкі шум вакол іх дзвюх”.

Увогуле, адзначае Зміцер, у гэты час было вельмі цяжка: ці працаваць, ці шукаць сваіх жанчын па ізалятарах, ці бегчы з перадачамі... А 20 снежня ён яшчэ прысутнічаў на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі і нават задаваў яму пытанне.

– Не было жадання пракрычаць пра затрыманне сваякоў?

– Шчыра кажучы, былі думкі задаць пытанне: “За што пасадзілі маю маму і сястру?”. Але ўсё ж такі вырашыў агучыць іншае – пра “рэйхстаг”, палічыўшы, што яно будзе больш важнае, чым маё прыватнае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)