Пашкевіч: «Такое арганізаванае зверху па адных і тых жа лекалах ушанаванне непазбежна прыводзіла да руцінізацыі памяці»

Гісторык узгадвае, як адзначалі 9 мая у канцы 1980-х.  

— Агульны рытуал адзначэння Дня Перамогі ў Беларусі – не прыдумка лукашэнкаўскага рэжыму, — піша Аляксандр Пашкевіч. — Аснова яго закладзеная яшчэ ў савецкія часы, і з той пары калі мянялася, то толькі ў нейкіх дэталях, але не па сутнасці.

Аляксандр Пашкевіч

Па ўсёй краіне ў гэты дзень ці напярэдадні яго працоўныя і вучэбныя калектывы ўскладаюць вянкі ды кветкі да помнікаў савецкім вайскоўцам ці іншых звязаных з вайной аб’ектаў, якія знаходзяцца ў іх мясцовасці, суправаджаючы ўсё гэта дзеянне пафаснымі прамовамі, найчасцей падрыхтаванымі па адной метадычцы.

І так было заўсёды, прынамсі пачынаючы з таго часу, які я сам памятаю. А памятаю я з 1980-х гадоў, на якія прыпаў мой перыяд малодшага школьніцтва.

У нашых Юркавічах на Лагойшчыне месцам афіцыйнага ўшанавання на Дзень Перамогі заўсёды была брацкая магіла савецкіх вайскоўцаў, якія загінулі ў гэтых ваколіцах падчас правядзення аперацыі «Баграціён» у 1944 годзе і былі пахаваныя на гары, дзе раней, да знішчэння ў 1930-х гадах, стаяла драўляная каталіцкая капліца.

Вакол капліцы, пакуль яна існавала, былі і могілкі, на якіх знаходзілі вечны спачын цэлыя пакаленні жыхароў васьмі мясцовых вёсак, якія складалі спачатку частку Кораньскай, а пасля і асобную Ганявіцкую рыма-каталіцкую парафію.

На маёй памяці, праўда, іншых пазначаных крыжамі ці помнікамі магіл на гэтай гары ўжо амаль не было, цудам захаваўся толькі адзін каменны помнік сярэдзіны XIX стагоддзя. Дзейныя могілкі знаходзяцца хоць і ў непасрэднай блізкасці, але ўжо па-за межамі касцельнай гары. Савецкая ж брацкая магіла ва ўмовах, калі ад капліцы застаўся толькі падмурак, стала на гары дамінантай, і менавіта да яе вучні нашай школы на чале з педагогамі штогод перад 9 Мая ладзілі ўрачыстыя шэсці.

Да канца 1980-х яны, праўда, былі зусім кароткімі, бо школа месцілася акурат насупраць гэтай гары, толькі перайсці дарогу. Пасля, аднак, для школы збудавалі будынак далей, геаграфічна нават і ў іншай вёсцы, адпаведна і шэсці сталі даўжэйшымі.

Быў, аднак, у тыя часы адзін неадменны элемент адзначэння чарговых гадавін, які цяпер немагчымы па цалкам натуральных прычынах — абавязковая наяўнасць і выступленне на гэтых мерапрыемствах жывога ветэрана вайны. Не «ражанага», як гэта часта робіцца цяпер, а самага сапраўднага. Бо ветэранаў у нашай ваколіцы тады яшчэ, як і па ўсёй Беларусі, было дастаткова шмат.

Ад вайны ж тады прайшло «толькі» 40 гадоў, таму многія яе ветэраны і проста ўдзельнікі акурат тады толькі выходзілі на пенсію і былі хоць ужо і пажылымі, але часта яшчэ вельмі бадзёрымі. Праўда, на школьныя мерапрыемствы прыходзілі на маёй памяці за ўвесь час літаральна некалькі чалавек, кожны год адныя і тыя ж, таму адпаведна і прынагодныя расповеды перад натоўпам школьнікам штогод паўтараліся. Што несумненна аказвала ўплыў на іх успрыманне.

Некалі я чытаў успаміны архітэктара Леаніда Левіна, як у той час, калі толькі планавалася стварэнне мемарыяльнага комплексу ў Хатыні, яго ўпершыню туды завезлі і пазнаёмілі з пасля знакамітым на ўвесь СССР Язэпам Камінскім, які адзіны з дарослых жыхароў гэтай вёскі здолеў уратавацца з агню.

Левіна тады моцна ўразіў расказ гэтага чалавека, які яшчэ не прызвычаіўся да выступаў перад аўдыторыяй і адпаведна гаварыў тое, што сам хацеў, а не тое, што «трэба». Пасля ж, згадваў Левін, яму не раз даводзілася слухаць Камінскага пры ўсім урачыстым антуражы ўжо ў гатовым мемарыяльным комплексе, і гэта было ўжо зусім не тое. Бо калі Камінскі стаў штатным расказчыкам, ён «абчасаўся», навучыўся гаварыць «правільнай» мовай «правільныя» рэчы, у выніку чаго ягоныя расповеды страцілі жывасць і непасрэднасць.

Тое ж самае можна сказаць і пра нашых штатных выступоўцаў-ветэранаў. Адзін з іх, былы школьны настаўнік, з году ў год расказваў адну і тую ж гісторыю пра тое, як у самым пачатку вайны каля ягонай роднай вёскі Ляды — яна таксама месціцца ў нашым, скажам так, мікрарэгіёне, — упаў збіты савецкі самалёт, а пасля тое-сёе пра свае ваенныя дарогі ў строга вытрыманым у адпаведнасці з савецкай прапагандысцкай канцэпцыяй духу.

Іншы ж, хоць сам і не інтэлігент, але муж адной з настаўніц, увогуле прысвячаў свае выступы перадусім пафасным славаслоўям на адрас камуністычнай партыі, дзякуючы мудраму кіраўніцтву якой толькі і ўдалося, маўляў, дабіцца вялікай перамогі.

У цэлым жа, канешне, гэта ўсё было ўжо тады, па вялікім рахунку, збольшага толькі рытуалам і адбываннем нумару. Такое арганізаванае зверху і штогод паўтаранае па адных і тых жа лекалах ушанаванне непазбежна прыводзіла да руцінізацыі памяці і рабіла яе чыста казённай.

Сапраўдная ж жывая памяць бачная на могілках побач, дзе сярод іншых магіл ёсць і пахаванні мясцовых жыхароў, што загінулі падчас нацысцкіх карных акцый. Нехта гэтыя магілы дагэтуль даглядае, прыносіць да іх кветкі, а на дзіцячых магілках штогод можна знайсці свежыя цукеркі. Але да гэтых магіл школьнікаў не вадзілі, і пра само іх існаванне я даведаўся нашмат пазней, ужо ў дарослым веку.

У дзяцінстве ж, калі я вучыўся яшчэ ў пачатковых класах, у нас, акрамя арганізаванага ўскладання напярэдадні свята кветак каля брацкай магілы, была спецыфічная мясцовая традыцыя – наведваць на 9 Мая Хатынь. Склалася яна, праўда, не з-за нейкай нашай высокай ідэйнасці, а дзеля адноснай геаграфічнай блізкасці мемарыяла.

Хатынь з намі, можна сказаць, суседняя вёска. Менавіта таму ва ўсіх афіцыйных спісах загінулых у той трагічны дзень 22 сакавіка 1943-га разам з хатынцамі фігуруе і жыхар Юркавіч Антон Кункевіч, якому якраз у гэты дзень чамусьці собіла прыехаць да таго самага знакамітага каваля Язэпа Камінскага, каб направіць штосьці з сялянскага інвентара.

Але ў той жа час фізічная адлегласць ад нас да Хатыні не такая ўжо і малая – кіламетраў з 8—10. А паміж ёй і намі – суцэльны лясны масіў, які і афіцыйна, і па-народнаму цяпер завецца Хатынскім лесам, а ў старадаўніх дакументах праходзіць як Хатынская пушча ці Графшчына (бо належаў лагойскім графам Тышкевічам).

Хоць цяпер і гэты лес актыўна распрацоўваюць леспрамгасы, ён усё ж застаецца даволі глухаватым, у яго нетрах людзі сустракаліся і з мядзведзямі. А больш за 30 гадоў таму, у перыяд, пра які я згадваю, ён куды больш адпавядаў азначэнню «цуд некранутай прыроды».

Не ведаю, ці былі пешыя паходы ў Хатынь «абязалаўкай», ці прымушалі каго ў іх хадзіць без уласнай на тое ахвоты. Магчыма, настаўнікі і выконвалі нейкую павіннасць. Удзел жа дзяцей быў, відаць, усё ж добраахвотным: прынамсі што да мяне, то не памятаю, каб мне самому ісці туды не хацелася, ды мусіў. Насамрэч гэта была цікавая прыгода, улічваючы тое, што ў тыя часы нейкія вандроўкі за межы сваёй ваколіцы не былі для нас надта частыя.

Паколькі ісці было, асабліва для малых дзяцей, далёка, то выходзілі мы з дому вельмі рана. Маладыя настаўніцы, якія былі не мясцовыя і адбывалі ў нашай школе размеркаванне, у канцы вёскі распытвалі бабуль пра тое, як правільна ісці і дзе павярнуць, тыя тлумачылі. Гэта сапраўды мела сэнс, бо заблукаць у гэтым лесе, пайшоўшы не той дарогай, было вельмі проста, а паколькі дарогі былі толькі лясныя, без ніякіх паказальнікаў, то можна было, памыліўшыся, прайсці шмат кіламетраў і не здагадацца, што ідзеш не туды.

Я не памятаю, праўда, каб мы калі сур’ёзна недзе збіліся, але сумневы ў нашых правадыроў часта ўзнікалі, калі доўга ідзеш-ідзеш, вакол увесь час адзін толькі лес, а нейкая дарожка не-не ды кудысьці і збочыць. Магчымасць жа неяк спраўдзіць курс і распытаць людзей паўторна з’яўлялася толькі дайшоўшы да Марозаўкі — адзінай зусім невялічкай лясной вёскі, якая сустракалася па шляху недзе на паўдарозе. Яна да таго часу ўжо амаль вымерла, у ёй заставаліся жыць толькі некалькі чалавек.

Што і не дзіўна — вёска з-за свайго размяшчэння знаходзілася на ўзбочыне цывілізацыі, туды не хадзіў ніякі транспарт, а з Юркавіч вяла толькі вузкая лясная дарога, дзе не ўсюды можна было нават двум вазам размінуцца. Гэтай дарогай, то цупкай, то пясчанай, мы і ішлі, то падымаючыся на горкі, то з іх спускаючыся.

Мясцовасць у нас, як і мае быць у «беларускай Швейцарыі», «перасечаная». Дзеля таго, дарэчы, мясцовыя лясы на пагорках – сапраўдная Мека для айчынных — ды і не толькі, — аматараў спартыўнага арыентавання: у 1988 годзе у гэтых лясах праходзіла нават частка чэмпіянату ўсяго СССР. Цяпер жа тут рэгулярна праходзяць чэмпіянаты і Кубкі Беларусі.

За Марозаўкай мясцовасць пачыналася яшчэ больш глухая, бо калі ў Юркавічы людзі адтуль хоць калі ездзілі, падтрымліваючы праз іх сувязь з вялікім светам, то ездзіць у Хатынь ніякай патрэбы мясцовым старым не было. Ды і начальства і іншыя службы да іх заязджалі пры патрэбе з нашага боку, бо і да калгаса, і да сельсавета яны належалі да нашага. Таму, мінуўшы Марозаўку, дарога рабілася зусім утравелай.

Але неўзабаве, набліжаючыся да Хатыні, мы пачыналі ўжо ў лесе, яшчэ не бачачы самога мемарыяла, чуць гукі хатынскіх званоў. Значыць, ужо блізка, і гэта надавала сілаў. Мне даводзілася часам чуць, што нібыта як толькі пабудавалі мемарыял, гук ад званоў быў чуваць нават і ў Марозаўцы, а пасля яго сцішылі з увагі на скаргі людзей. Але, шчыра кажучы, не надта верыцца, што гукі маглі так далёка пранікаць не па раўніне, а праз пагоркі і лясы. Усё ж такі і Марозаўка не сказаць, каб у Хатыні зусім пад бокам.

З лесу наша дзіцячая грамада вынырвала з усходняга боку мемарыялу, і першай адметнасцю на нашым шляху, не лічачы некалькіх стандартных хат-комінаў, быў, як цяпер памятаю, калодзеж, у ваду якога людзі кідалі манеты. Манет у вадзе было вельмі шмат, гэта ўражвала. І мы, памятаю, на поўным сур’ёзе абмяркоўвалі, падведзены туды ток, каб біць па патэнцыйных злодзеях, ці за зламыснікамі сочаць неяк інакш. Проста ў людское сумленне неяк не верылася.

У Хатыні, надзвычай у гэты дзень шматлюднай, мы праводзілі пару гадзін. Паспявалі абысці ўвесь мемарыял, агледзець у ім усё, што было там цікавага. І, вядома, не абыходзілася без таго, каб папіць газіроўкі з аўтаматаў і з’есці па пачку-два, а то і болей марозіва, каму як фінансавыя магчымасці дазвалялі.

Марозіва для вясковых дзяцей нават у самым канцы існавання СССР было ласункам не штодзённым: у краме нашай яго ніколі не бывала, і толькі ў школьную сталоўку часам прывозілі, калі на двары быў вялікі мароз. Бацькі, бываючы па справах у Лагойску, часам прывозілі нам ужо расталы салодкі прадукт у слоіку і мы яго тады елі, чэрпаючы лыжкамі. Калі ж дарываліся да магчымасці паспытаць яго ў «натуральным» выглядзе, то ўжо не прапускалі яе, дзе б яна ні надаралася.

Дарога назад ужо была цяжэйшай – і фізічна, і маральна. І стомленасць назапашвалася, і эмацыйны імпэт згасаў. Цягнуліся ўжо так, каб абы да вечара дахаты давалачыся. Усё ж такі для вучня пачатковых класаў, якім я тады быў, пройдзеныя 15-20 кіламетраў за дзень, не лічачы хады па самой Хатыні – нагрузка немалая. Цікава, што аднойчы пасля такога паходу з недапітага малака на дне бутэлькі, якую маці дала разам з іншым « полуднем» у дарогу, збіўся за час дарогі камячок масла.

Так я яшчэ ў даволі раннім маленстве схадзіў пехатой праз лес у Хатынь два ці тры разы. А пасля традыцыя неяк сама сабой заняпала і згасла. Ці то настаўнікі-энтузіясты звяліся, ці то самім вучням надакучыла штогод рабіць адно і тое ж падарожжа — але будучы ў сярэдніх і старэйшых класах я ўжо Хатынь не наведваў. А на памяць ад тых ранніх падарожжаў засталіся два вялікія сувенірныя медалі: адзін з цёмнага металу з выявай славутага помніка Камінскаму з сынам на руках, а другі – са светлага з выявай хатынскага вечнага агню.

Пасля яны, праўда, недзе пагубіліся, але, відаць, пры рэвізіі хатніх завалаў рознага друзу могуць некалі і знайсціся.

А вось ніводнай фотакарткі з тых паходаў у мяне не засталося. Ці то іх у прыродзе не існавала, бо фотаапараты тады былі далёка не ў кожнага, ці нехта з настаўнікаў фоткі і рабіў, але толькі для сябе. Адзіныя хатынскія фота, якія з таго часу захаваліся ў нашым сямейным архіве, зробленыя ўлетку 1986 года, калі да нас перабыць лета прывезлі дзяцей з бацькавай радзімы на Палессі, якую закранула чарнобыльская хмара.

Але той раз мы не хадзілі туды пешкі, а ездзілі на аўтобусе, які ездзіў тады з Мінска праз Лагойск. І гэта быў, дарэчы, пакуль што адзіны раз у жыцці, калі я асабіста быў у Хатыні, не дабіраючыся да яе праз глухі лес з усходняга боку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(6)