Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: «Цывільная наменклатура рабамі свайго гаспадара так і засталася»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч абмеркаваў з Филином стварэнне партыі ўлады, здольнасць чынавенства да самастойнай гульні і вяртанне Зянона Пазняка ў палітыку.

— Чаму менавіта зараз спатрэбілася ствараць праўладную партыю пасля амаль 30 гадоў фактычнага аднаўладдзя Лукашэнкі?

— Гэта можа быць звязана з тым, што адбываецца разгром (ці ўжо адбыўся) грамадзянскай супольнасці, у рамках якой існавалі і беларускія апазіцыйныя партыі.

Яны стваралі пэўны фасад партыйнага жыцця, пры гэтым не ўяўлялі для ўладаў вялікай небяспекі, бо іх можна было кантраляваць і не даваць ім асабліва распаўсюджвацца.

Цяпер жа ў рамках разгрому грамадзянскай супольнасці пад пагрозай апынуліся і апазіцыйныя партыі. Міністэрства юстыцыі ўжо афіцыйна абвесціла пра перарэгістрацыю.

У партый, што рэальна з’яўляліся апанентамі Лукашэнкі, няма шанцаў перарэгістравацца, яны будуць ліквідаваныя.

А каб іх нечым замяніць, было прынятае рашэнне стварыць бутафорскую партыйную сістэму цалкам са сваіх праўладных персанажаў.

Я думаю, што ў гэтым ракурсе ўсё гэта і варта разглядаць. Не таму, што тут хочуць стварыць рэальныя партыі, а менавіта такія імітацыйныя і кардонныя.

Ці падзяляеце вы меркаванне, што гэта можа быць следствам адпаведнага запыту з боку наменклатуры? І ці могуць у перспектыве гэтыя партыі несці пагрозу для Лукашэнкі?

— Я не бачу прыкметаў таго, што гэта робіцца на пэўны запыт наменклатуры. Хоць бы дзеля таго, што за апошнія два з лішнім гады, што прайшлі з моманту пратэстаў, мы не бачым праяваў таго, што Лукашэнка ідзе на нейкія саступкі чынавенству.

Гэта так спачатку здавалася, калі ў 2020 годзе ён патрапіў у залежнасць ад паводзін сілавікоў, ад паводзін ягонай вертыкалі, якая яго тады не здала і падтрымала.

І тады сапраўды здавалася, што як раней ужо не будзе, што Лукашэнка мусіць падзяліцца ўладай з сіламі, што яго ўратавалі. І што наменклатура стане сур’ёзным гульцом.

І сапраўды недзе з год Лукашэнка праводзіў селектарныя нарады і сустрэчы з чынавенствам больш лагодна, нікога не прыніжаў, як ён гэта робіць звычайна.

Але цягам апошняга года ўсё змянілася, мы бачым ізноў таго самага Лукашэнку, які ізноў ставіць па стойцы смірна вертыкальшчыкаў і міністраў, паказвае ім на іхняе месца.

То бок, сістэма ніякім чынам не змянілася. Яна як была персаналісцкай, такой і цяпер застаецца. Прынамсі цывільная наменклатура рабамі свайго гаспадара так і засталася. У сілавікоў свая спецыфіка, але яўна не яны гэтыя партыі лабіруюць.

Я не бачу тут нейкіх магчымасцяў у наменклатуры, каб яна магла праводзіць свае інтарэсы праз гэтыя партыі. Наадварот, думаю, што Лукашэнка баіцца, каб яны сталі самастойнай сілай. Ён хоча ўсё трымаць у сваім кулаку.

Таму не бачу тут ні запыту, ні прыкмет таго, што гэтыя партыі не будуць нечым бутафорскім і пасля змогуць у нешта разгарнуцца. Усё будзе надзвычай заціснута і фармальна, усё будзе прызначацца без усякай унутранай дэмакратыі хаця б у рамках гэтай партыі.

Я вельмі скептычна стаўлюся да таго, што ва ўмовах цяперашняга рэжыму нешта такое можа набыць сапраўды сур’ёзнае значэнне.

— Чым можна патлумачыць актыўнасць Зянона Пазняка праз столькі гадоў?

— Я скептычна стаўлюся да палітычных перспектыў Зянона Пазняка. Не таму, што ён чалавек сталага веку і шмат гадоў не быў у актыўнай палітыцы.

Думаю, у яго няма палітычнага патэнцыялу дзейнічаць у сённяшніх умовах. Ён занадта кансерватыўны і несучасны для таго, каб прывабіць на свой бок цяперашняе беларускае грамадства.

Таму ягоны палітычны ўплыў застанецца на тым самым узроўні, што і цяпер: невялікая купка зацятых прыхільнікаў і вялікая маса тых, хто да яго ставіцца скептычна.

Пазняк застаецца палітыкам 90-х, з вялікім негатыўным рэйтынгам. Што моцна б’е па ягоных палітычных перспектывах. Іншая справа, што ёсць пэўныя людзі і сілы, якія з-за адсутнасці альтэрнатывы вымушаныя выкарыстоўваць у сваіх палітычных мэтах Пазняка.

Таму я ацэньваю ягоную паездку ва Украіну не як тое, што ён вяртаецца ў палітыку, а што яго вяртаюць. Натуральна, тут не скажаш, што ён сам не хоча гэтага, але ён тут хутчэй не суб’ект палітычнага жыцця, а інструмент для пэўных маніпуляцый.

Я не бачу тут патэнцыяла, бо ён не мае свежых і сучасных ідэй, але мае пры гэтым высокі негатыўны рэйтынг. Гэты негатыў увогуле вельмі цяжка пераламаць, можна штосьці зрабіць, калі ты сам гатовы мяняцца. А Пазняк мяняцца не гатовы. І такога, як ён ёсць цяпер, большасць сучасных беларусаў не прыме ў якасці свайго лідара.

— А ці можаце прывесці прыклады з гісторыі, калі колішні палітычны лідар вяртаўся праз дзесяцігоддзі ў вялікую палітыку?

— Калі чалавек доўгі час знаходзіцца за мяжой і праводзіць адтуль палітыку, не азначае, што ён зусім не мае нейкіх палітычных перспектыў.

З навейшай гісторыі нам знаёмы прыклад Уладзіміра Леніна, які амаль два дзесяцігоддзі правёў у эміграцыі. І тым не менш у 1917-м вярнуўся, вылучыўся на першыя ролі і прыйшоў да кіравання краінай, прывёўшы ва ўладу сваю палітычную сілу.

Пытанне не ў тым, дзе ты знаходзішся. Важна тое, наколькі адэкватна ты сябе ацэньваеш, колькі маеш прыхільнікаў. І наколькі твае паплечнікі гатовыя працаваць на ўвасабленне сваіх ідэй на практыцы.

Ленін дваццаць гадоў жыў за мяжой, не з’яўляўся ў Расіі, але ён быў лідарам, ідэолагам. І ў яго было кола паплечнікаў, якіх ён натхняў, і якія потым заснавалі ўласную партыю на месцах.

Так ці іначай, там заўсёды былі актывісты, была агітацыя, дастаўлялася літаратура. І хаця гэтая партыя не была вельмі масавая, хутчэй такі ордэн мечаносцаў, але яна прысутнічала ў палітычным жыцці, як дастаткова сур’ёзная сіла, з ёй мусілі змагацца.

Зянон Пазняк не Ленін. Ён рэгулярна выступаў з прамовамі, адозвамі, публікаваў свае працы. Але ўсё гэта проста расцякалася ў паветры, бо ў яго не было створана эфектыўных структур унутры Беларусі.

Ягоная партыя была слабая, не здольная да рэальных дзеянняў. І па вялікім рахунку атрымлівалася, што ёсць адзін Зянон Пазняк і малаколькасная група ягоных прыхільнікаў, якія змагаюцца ў асноўным на інтэрнэт-форумах з ягонымі апанентамі.

І калі ў яго няма такіх структур, то няма і магчымасці праводзіць нейкую палітыку. Магчыма, што полк К*ліноўскага стане такой структурай. Але я не думаю, што ён жыве ідэямі Зянона Пазняка. Гэта хутчэй асоба, якую выкарыстоўваюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(12)