Политика

Партыя БНФ заклікала ўвесьці падаткавыя ды крэдытныя вакацыі

На першым у гісторыі кібэр-Сойме Партыі БНФ агучаныя захады, неабходныя дзеля падтрымкі беларускіх хатніх гаспадарак ды бізнэсу ва ўмовах пандэміі.

Гэтая партыя прадбачліва ўнесла ў свой Статут зьмены, якія дазваляюць праводзіць пасяджэньні кіруючых ворганаў онлайн. Гэтая опцыя спатрэбілася падчас шэсьця каранавірусу па сьвеце.

Старшыня партыі Рыгор Кастусёў выказаў надзвычайную заклапочанасць дзеяннямі і рыторыкай уладаў Беларусі з нагоды пагрозы эпідэміі і правёў паралелі з падзеямі больш чым трыццацігадовай даўніны.

Хто памятае дзеянні камуністычных уладаў пасля катастрофы на ЧАЭС – не можа не заўважыць падабенства падыходаў спадкаемцаў тагачаснай намэнклатуры ў цяперашняй сытуацыі, іх яднае памкненне схаваць ад людзей праўду.

Рыгор Кастусёў

Праект заявы Сойму прэзэнтаваў намеснік старшыні Партыі БНФ, лекар Зьміцер Салошкін. Пасьля абмеркаваньня дакумент зацьвердзілі. У ім ўтрымліваецца заклік да Савету Міністраў Беларусі прыняць наступныя рашэньні.

«Дзеля прадухіленьня пашырэньня каранавірусу ў Беларусі ды належнага інфармаваньня грамадзянаў пра сапраўдны стан рэчаў:

- Зняць усе абмежаваньні на камунікацыю мэдыкаў усіх узроўняў з журналістамі, абавязаць іх прадастаўлюць вычарпальную інфармацыю адносна сітуацыі з каранавірусам журналістам усіх належным чынам зарэгістраваных у Беларусі СМІ, а таксама акрэдытаваным пры МЗС журналістам замежных СМІ. Народ Беларусі мае права і павінны ведаць праўду;

- Забясьпечыць установы аховы здароўя Беларусі належнымі сродкамі абароны персаналу, у прыватнасьці рэспіратарамі FFP3;

- Адмяніць загад, па якім медыкі, якія з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню, павінны далей працаваць на сваім працоўным месцы;

- Абвесьціць карантын у навучальных установах, спыніць працу забаўляльных аб’ектаў, пачаць шырокую інфармацыйную кампанію па тлумачэньні неабходнасьці выкананьня грамадзянамі супроцьэпідэмічных захадаў. Сойм БНФ таксама заклікае работнікаў сістэмы адукацыі актыўна выкарыстоўваць магчымасьці дыстанцыйнага навучаньня з дапамогай анлайн-сэрвісаў;

- Забараніць правядзеньне ўсіх масавых мерапрыемстваў з удзелам больш за 30 чалавек да 10 красавіка з магчымасьцю працягу такой забароны;

- Адмяніць правядзеньне параду 9 траўня, зэканомленыя сродкі накіраваць на падтрымку людзей, якія пацярпелі падчас вайны;

Дзеля падтрымкі беларускага бізнэсу ды хатніх гаспадарак беларусаў:

- Увесьці «падаткавыя вакацыі» — адтэрміноўкі аплаты падаткаў на 6 месяцаў для малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама ІП;

- Увесьці «крэдытныя вакацыі» — адтэрміноўкі выплатаў па банкаўскіх крэдытах для фізычных асобаў на 6 месяцаў;

- Увесьці мараторый на праверкі ды маніторынгі бізнэсу да канца 2020 году;

- Скасаваць штрафы ды пені за несвоечасовую выплату налогаў ды страхавых плацяжоў на 6 месяцаў;

- Увесьці адтэрміноўку на выплаты ў ФСАН на 4 месяцы і растэрміноўку такіх плацяжоў;

- Прадаставіць банкам адмысловыя умовы для працы дзеля стварэньня магчымасьцяў для іх для ільготнага крэдытаваньня бізнэсу на выплаты заработнай платы;

- Скасаваць на 4 месяцы аплату арэнды вытворчых, гандлёвых ды адміністратыўных памяшканьняў дзяржаўнай і камунальнай уласнасці для ўсіх катэгорый арандатараў, адначасова прывязаўшы памер гэтай аплаты да беларускага рубля (замест прывязкі да валюты альбо плаваючай базавай арэнднай велічыні); замарозіць памеры арэнднай платы за нежылыя памяшканні ўсіх формаў уласнасці, устанавіўшы растэрміноўку гэткай аплаты (і аплаты камунальных паслугаў) на тэрмін да 6 месяцаў без налічвання пені; на 4 месяцы скасаваць выплату падаткаў для арэндадаўцаў усіх формаў уласнасьці;

- Прадаставіць магчымасьць кампаніям не налічваць амартызацыю ў 2020 годзе;

- Прадаставіць малому ды сярэдняму бізнэсу, а таксама ІП магчымасьць атрыманьня ільготных крэдытаў на падтрыманьне бізнэсу ва ўмовах пандэміі;

- Распрацаваць сістэму выдачы дзяржаўных грантаў на адкрыцьцё малога ды сацыяльнага бізнэсу;

- Устанавіць адтэрміноўку выплаты падаходнага падатку з фізычных асобаў за 2019 год, вызначыўшы скрайнім тэрмінам сплаты падатку 1 кастрычніка 2020 году;

- Зняць бюракратычныя і адміністратыўныя бар’еры, якія перашкаджаюць беларускаму бізнэсу аказваць фінансавую падтрымку сацыяльнай, дабрачыннай і медычнай дапамозе ў зьвязку з пандэміяй, дзеля чаго неабходна тэрмінова скасаваць указ №300 «Аб бязвыплатнай (спонсарскай) дапамозе».

Сойм Партыі БНФ зьвярнуўся таксама з заклікам да ўсіх беларусаў захоўваць належную сацыяльную дыстанцыю ды выконваць рэкамэндацыі САЗ дзеля абмежаваньня распаўсюду каранавірусу, захоўваць спакой ды пазьбягаць панікі, не распаўсюджваць неправераную інфармацыю скандальнага або сэнсацыйнага характару, купляць беларускія тавары ды па магчымасьці падтрымліваць беларускі бізнэс.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)