Памёр Валянцін Тарас

13 лютага памёр пісьменнік Валянцін Тарас. За чатыры дні да гэтага Валянцін Яфімавіч адсвяткаваў свой 79‑ы дзень нараджэння.

Былы партызан, ветэран беларускай культуры, Валянцін Тарас змагаўся за незалежнасць і дэмакратыю. Блізкі сябар Васіля Быкава, ён апекаваўся ягонай спадчынай.

Ён да апошніх заставаўся аўтарам "Нашай Нівы". У 2007 годзе ў кнігарні "НН" выйшла кніга ягоных мемуараў "На выспе ўспамінаў".

 

Грамадзянская паніхіда адбудзецца ў нядзелю. Інфармацыя пра месца і час пахавання з'явяцца пазней.

”Радыё Свабода”: Ён сказаў, што не пабачыць ужо вольнай, заможнай і вясёлай Беларусі

9 лютага ён адсьвяткаваў свой 79 год нараджэньня. Нібы прадчуваючы свой хуткі адыход, ён сказаў тады ў інтэрвію нашаму радыё, што баіцца, што не пабачыць ужо вольнай, заможнай і вясёлай Беларусі.

“Я ўжо ў такім узросьце, калі не пра сябе думаю і не сваімі марамі і жаданьнямі заклапочаны, а сваіх дзяцей, свайго ўнука, каб іхнія мары зьдзейсьніліся. І перадусім, каб яны дажылі да той Беларусі, пра якую я заўсёды марыў і сёньня, вядома, мару, але баюся, што я ўжо па-сапраўднаму такімі здаровымі маладымі вачыма яе ня ўбачу. Той Беларусі, пра якую мы марым, Беларусі заможнай, вясёлай не пахмурнай краіны, Беларусі, дзе запануе нарэшце ва ўсіх куточках наша мова, расквітнее па-сапраўднаму наша культура”.

Валянцін Тарас нарадзіўся ў 1930 годзе ў Менску ў сям’і мастака. У гады вайны трынаццацігадовым хлопчыкам пайшоў у партызаны. Па вайне скончыў факультэт журналістыкі БДУ. З 1955 да 1962 працаваў у рэдакцыі газэты “Звязда”, з 1964 да 1967 - рэдактарам аддзелу прозы часопісу “Нёман”, з жніўні 1968 г. - на “вольным хлебе”.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Аўтар кніг паэзіі (“Две тетради”, “Пазыцыя”, “Колеры” і інш.), прозы (“Прощальные костры”, “Дань времени”), мэмуараў (“На высьпе ўспамінаў”), разам з Карласам Шэрманам пераклаў на расейскую мову раман “Восень патрыярха” Габрыэля Гарсія Маркеса. Менавіта Валянціну Тарасу Васіль Быкаў даверыў перакласьці на расейскую мову сваю апошнюю кнігу “Доўгая дарога дадому”.

Паэт Уладзімер Някляеў узгадвае пра Валянціна Тараса:

“Сьмерць — такая рэч, што чакай ты яе, не чакай, яна прыходзіць раптоўна. Так сталася і з Валянцінам Тарасам. У панядзелак я віншаваў яго з чарговым, ужо не маленькім днём народзінаў. Дамаўляліся сустрэцца. Але вось ужо гэта сустрэча не адбудзецца, на жаль, ніколі…

Я любіў яго. Яго многія любілі. Яго было за што любіць. Гэта быў няўрымсьлівы, шчыры ў сваіх сумненьнях, у сваіх пошуках. Ён ня быў цьвердалобым, ён мог з маладымі раіцца, яго заўсёды можна было пераканаць, калі гэта нешта слушнае. Ну і ён быў вельмі таленавіты літаратар. За ім цэлая школа, асяродак быў своеасаблівы, куды ўваходзілі людзі інтэлектуальныя. Вельмі шкада, што яго ня стала, старэйшыны нашага літаратурнага цэху. Чалавека, які так шмат зрабіў. Чалавека, які ня так мала і пажыў, але здаецца, што мог яшчэ жыць і жыць“.

Бураўкін: “У Тараса быў высокі чалавечы аўтарытэт”

Пра паэта, празаіка, публіцыста і перакладчыка Валянціна Тараса, які памёр у пятніцу, гаворыць яго сябра паэт Генадзь Бураўкін.

"Многія дзесяцігодзьдзі жыло адчуваньне, што сярод людзей, якія цябе разумеюць, зь якімі лёгка разам за прынцыпы ваяваць, абавязкова ёсьць Валянцін Тарас.

Адчуваньне таго, што ён побач, што ён твой сябра, у мяне было яшчэ з даўніх унівэрсытэцкіх часоў. Валянцін, праўда, быў на некалькі курсаў старэйшы, але і ў яго ўжо былі літаратурныя зацікаўленьні, і ў нас - у мяне, у Рыгора Барадуліна… І з таго часу Валянцін Тарас для нас калега, а пасьля й сябра.

Асабліва блізка мы зь ім сышліся ў апошнія дзесяцігодзьдзі - тады, калі пачаліся працэсы дэмакратызацыі, калі пачалася сапраўдная барацьба за незалежнасьць Беларусі, за прынцыпы нацыянальнага адраджэньня. Валянцін тады аказаўся яшчэ больш блізкі да нас і да мяне.

Быкаў пісаў праўду пра франтавую вайну, а Валянцін - пра партызанскую

Я высока заўсёды цаніў яго літаратурны талент, цаніў вершы яго, якія ён даўно пісаў. А потым для мяне нечакана трохі ён пачаў пісаць прозу, і проза была вельмі цікавая, праўдзівая, партызанская, бо Валянцін яшчэ, акрамя таго, што ён быў цікавы, таленавіты пісьменьнік, быў яшчэ вельмі цікавы чалавек. Ён хлапчуком пайшоў у партызаны і (ён пра гэта амаль ніколі не гаварыў) быў адзін з тых, хто заслужана насіў мэдаль партызана Вялікай Айчыннай вайны.

Ягоныя партызанскія апавяданьні (іх друкаваў часопіс “Юность”, які ў той час меў шмат мільёнаў чытачоў) вельмі праўдзівыя, вельмі цікавыя. Дарэчы, якраз пасьля тых публікацый яны асабліва блізка сышліся з Васілём Быкавым, які пісаў праўду пра франтавую вайну, а Валянцін пісаў праўду пра партызанскую вайну.

Ён быў, акрамя ўсяго іншага, вельмі добрым перакладчыкам беларускай перш за ўсё паэзіі. Я магу засьведчыць, што адны з найлепшых перакладаў маіх вершаў на рускую мову - гэта пераклады Валянціна. Бо ў нас была, відаць, сугучнасьць і душ нашых, і лірыкі нашай. Я ўжо не кажу пра тое, што ягоны пераклад Маркеса “Восень патрыярха” - гэта была зьява ня толькі беларускага духоўнага жыцьця, а зьява ўсесаюзная, калі часопіс “Нёман” з гэтым перакладам шукалі і зачытвалі да дзірак.

Ягоная пазыцыя была пацьверджаная ўсім ягоным жыцьцём

Але, акрамя аўтарытэту літаратурнага, у Валянціна быў высокі аўтарытэт чалавечы. Ён быў чалавекам прынцыповым, ён не баяўся адстойваць свае пазыцыі, рабіў гэта горача, часам можа залішне горача, але заўсёды сумленна і заўсёды доказна, чаго ў наш бурны той час перамен, можа быць, таму-сяму не хапала. А ў Валянціна гэтая пазыцыя была ня проста заяўленая - яна была пацьверджаная ўсім ягоным жыцьцём, усёй ягонай творчасьцю, усёй ягонай дзейнасьцю.

Зусім нядаўна мы зь ім былі ў хаце Алеся Адамовіча з Адамовічавымі жонкай, з дачкой, бо ў той дзень споўнілася 15 гадоў з дня сьмерці Алеся Адамовіча. Мы зь ім сядзелі, успаміналі Алеся, і, хаця быў ён ужо, відавочна, слабы, але ён быў аптымістам, ён успамінаў сваіх сяброў: і Алеся Адамовіча, і Васіля Быкава, і Навума Кісьліка, і Рыгора Бярозкіна, і Аляксандра Дракахруста, - і ня верылася, што тыя ўспаміны горкія, што яны былі быццам нейкім падыходам да разьвітаньня.

Заўсёды я знаў, што побач стаіць Валянцін

Мне вельмі сёньня ўдарыла па сэрцы, па душы гэтая навіна страшная, што Валянціна няма. Гэта горка, бо ён быў вельмі прыкметнай фігурай у нашым Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, у нашым ПЭН-цэнтры. На яго азіраліся маладзейшыя, да яго ацэнак, да яго парад прыслухоўваліся… Мне горка: заўсёды я знаў, што побач стаіць Валянцін, і калі што будзе цяжка, ён абавязкова дапаможа, а цяпер, аказваецца, я азірнуся, а яго няма, няма ягонага цёплага, надзейнага пляча.

Хоць, праўда, ён усё роўна будзе: будзе тымі кнігамі сваімі, якія пасьля яго засталіся, тым сваім жыцьцём сумленным, мужным, чыстым, цалкам аддадзеным Беларусі. Ён бясспрэчна будзе з роднай Беларусьсю, ён бясспрэчна будзе з намі, але шкада, што ён ужо не напіша ні новых старонак на сваёй “Высьпе ўспамінаў”, ні новых перакладаў ня зробіць, ужо ня прыйдзе на нашыя сходы і ня ўстане ў час самых гарачых спрэчак і ня скажа спакойна, пераканана тое, што ён вынес за ўсё сваё жыцьцё, што ён зафіксаваў у сваіх вершах, у сваіх апавяданьнях, у сваіх крытычных артыкулах, у сваёй вельмі яркай, глыбокай беларускай патрыятычнай публіцыстыцы. Шкада, што сярод такіх патрэбных людзей Валянціна ўжо ня будзе, што будзе ён толькі ў нашых успамінах і будзе ў сваіх кнігах, а як жывога, як цёплага, як дарагога сябра яго ўжо з намі больш ня будзе".

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)