Общество

Памёр Міхась Чарняўскі

Раніцай 20 студзеня пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр археоляг, кандыдат гістарычных навук Міхась Чарняўскі.

Яму ішоў 75-ты год.

Прычына смерці — працяглая анкалагічная хвароба. У апошнія месяцы ён перанёс некалькі аперацый, паведамляе Радыё Свабода.

Міхась Чарняўскі — даследчык паваеннага антыбальшавіцкага супраціву, грамадскі, палітычны і культурны дзеяч Беларусі. Ён адзін з тых, хто сябраваў з Ларысай Геніюш не па ўказцы спецслужбаў, а ад шчырага сэрца. Чарняўскі вывез з Зэльвы ўспаміны Ларысы Геніюш і ўзнавіў жыццё кіраўніка мядзельскага антысавецкага падполля Расціслава Лапіцкага.

У сваім жыцці даследчык зазнаў шмат нястач і ганенняў. Разам з Уладзімірам Караткевічам, Зянонам Пазьняком ён быў удзельнікам клуба вальнадумнай беларускай інтэлігенцыі «Акадэмічны асяродак», разгромленага ў 1973—1974. Тады Міхась Чарняўскі страціў працу, быў звольнены з Акадэміі Навук з пасады старшага навуковага супрацоўніка з фармулёўкай — «не адпавядае займанай пасадзе» і трапіў пад дзеянне няпісанага правіла забароны на прафэсію. Паводле “Электроннай энцыклапедыі”, ён здолеў уладкавацца толькі рознарабочым на адно невялікае мінскае прадпрыемства.

«Але найбольш дыскамфортнае пачуццё было з-за інфармацыйнай блакады. Рукапісы кніг і артыкулаў удзельнікаў гуртка выкідваліся з планаў выдавецтваў і з рэдакцыяў, з усіх публікацый выкрэслівалася нават узгадка іх імёнаў, забаранялася рабіць спасылкі на іх працы. Чалавек нібы знікаў з белага свету, як ніколі ня жыў!» — узгадваў сам Чарняўскі.

Аднак даследчык не закінуў сваю навуковую працу. Пасля працоўнага дня Чарняўскі выступаў перад рабочымі з лекцыямі па гісторыі Беларусі, займаўся навуковымі даследаваннямі, пісаў артыкулы, спадзеючыся іх апублікаваць у будучыні.

Зноў уладкавацца па спэцыяльнасці ў інстытуце гісторыі Чарняўскі здолеў ужо пазней, але ж непасрэдна да перабудовы яму не дазвалялі выяжджаць за мяжу.

Працягваў Чарняўскі і актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Быў сябрам Аргкамітэту БНФ, у канцы 1990 — пачатку 1991 — у Аргкамітэце Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, адным з выбітных палітыкаў Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Народная Грамада).

Як навукоўца, Міхась Чарняўскі вывучаў нёманскую археалагічную культуру і крывінскі варыянт нарвенскай культуры, даследаваў крэмнездабыўчыя шахты ў Ваўкавыскім раёне, помнікі каменнага і бронзавага веку ў іншых мясцінах Беларусі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы “Гісторыі беларускага мастацтва”, “Археалёгіі Беларусі” і “Гісторыі Беларусі” ў шасці тамах. Кансультаваў энцыклапедыю “Археалогія і нумізматыка Беларусі” і Энцыклапедыю гісторыі Беларусі, паведамляе «Наша Ніва».

Міхась Чарняўскі напісаў і захапляльныя дзіцячыя кнігі пра старажытныя часы: «Страла Расамахі», «Вогнепаклоннікі».

Яго зацікаўленасці не абмяжоўваліся старажытнай гісторыяй. Дзеля папулярызацыі забытых старонак гісторыі Беларусі, Чарняўскі напісаў кнігі "Правадыр крылатых вершнікаў Ян Кароль Хадкевіч», "Дзесяць бітваў" і «Як пошух маланкі. Расціслаў Лапіцкі». Апошняя вяртала гісторыі забытае імя аднаго з удзельнікаў пасляваеннага антысавецкага супраціву.

Гэтым летам Міхась Чарняўскі збіраўся здзейсніць даўнюю мару -- зладзіць раскопкі гарадзішча ў роднай вёсцы. Цяпер гэта мусяць зрабіць яго наступнікі, археолагі, якіх ён выгадаваў.

Пахаванне Міхася Чарняўскага адбудзецца 22 студзеня на радзіме, у вёсцы Круці Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

Развітанне з Міхасём Міхайлавічам Чарняўскім адбудзецца ў рытуальнай залі па вуліцы Куляшова. Пра час развітання будзе паведамлена пазней.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)