Памёр эканаміст Валеры Дашкевіч

Учора ўвечары памёр вядомы беларускі эканаміст, спэцыяліст у галіне банкаўскай справы Валеры Дашкевіч. Яму было 57 год.

Спадар Дашкевіч працаваў памочнікам старшыні Нацбанку Беларусі, выканаўчым дырэктарам “Белгазпрамбанку” Ён аўтар кніг і аналітычных артыкулаў на эканамічную тэму, шматгадовы экспэрт Радыё Свабода і ўдзельнік нашых перадач.

Апошні год Валеры Дашкевіч з-за цяжкай хваробы афіцыйна нідзе не працаваў. Але працягваў супрацоўнічаць са сваім былым банкам, з незалежнай прэсай і апазыцыйнымі партыямі. У гэты час ж выйшла ягоная кніга “Энэргетычная залежнасьць Беларусі: наступствы для эканомікі і грамадзтва”.

У свой час Валеры Дашкевіч працаваў памочнікам старшыні Нацбанку Станіслава Багданкевіча — у пэрыяд станаўленьня нацыянальнай валюты і фінансавай сыстэмы ва ўмовах пачатку рынкавых пераўтварэньняў. Гаворыць Станіслаў Багданкевіч:

(Багданкевіч: ) “Мяркую, што ягоная роля была важнай у першаснай стабілізацыі нацыянальнай валюты, ён удзельнічаў ва ўвядзеньні нацыянальнай валюты Беларусі, у перамозе над інфляцыяй, стабілізацыі абменнага курсу”.

Пахаваньне адбудзецца сёньня.