Общество
Прэс-служба ОО “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Памяці Святланы Багачовай

Немагчыма прызвычаіцца да страт. Заўсёды смерць чалавека ўспрымаеш як трагедыю. Цяжка і сумна губляць дарагіх сэрцу і блізкіх па духу сяброў. Сёння мы асірацелі. Пайшоў ад нас вельмі добры, шчыры, надзейны чалавек, прыгожая жанчына, поўная жыцця і аптымізму – Святлана Мікалаеўна Багачова. Няхай беражэ Гасподзь яе душу!

Шмат гадоў Святлана была побач з намі, працавала галоўным бухгалтарам БАЖа. Яе прафесіяналізм, разуменне і адказнасць былі запатрабаванымі ў будзённай працы. Яе паважалі і цанілі калегі. Раіліся і звярталіся за дапамогай сябры. Яна добра разумела людзей, спачувала ім і ніколі не адмаўляла ў падтрымцы. Незвычайная таварыскасць, добразычлівасць, адкрытасць і душэўнасць Святланы выдзялялі яе ў нашым асяродку. А весялосць і пачуццё гумару рабілі жаданай ў любой кампаніі.

На жаль, мінулае не вяртаецца. Мабыць, самыя шчырыя і прыемныя словы Святлане мы так і не сказалі. Няхай выбачае нас!

Родным, блізкім і ўсім, хто ведаў і любіў Святлану – наша шчырае спачуванне. Мы ў жалобе ад непапраўнай страты. Немагчыма паверыць, што хвароба перамагла гэтага мужнага і аптымістычнага чалавека.

Будзем маліцца і помніць!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)