Ігар Патапчук
Паміж варварамі і цывілізацыяй

Аляксандр Лукашэнка заўсёды быў шматслоўным. Але апошнім часам ён папросту б’е рэкорды: прынамсі, па колькасці інтэрв’ю, якія даў сродкам масавай інфармацыі. І ў кожным з іх — ці то гутарка з нямецкай газетай Di Velt, ці то з брытанскім агенствам Reuters, ці то з расійскай радыёстанцыяй “Эхо Москвы” — прапісаліся супярэчлівыя заявы пра будучыню Беларусі.

З аднаго боку, Лукашэнка бэсціць Крэмль і наогул Расію за ўсе існуючыя і неіснуючыя грахі. Ніхто з ворагаў пра Маскву так не гаворыць, як ейны “надзейны” шматгадовы хаўруснік. Дзеянні Расіі, “якая накінула Беларусі пятлю на шыю", Лукашэнка днямі назваў “варварскімі”. Ён падкрэслівае, што дагэтуль ляцеў на адным крыле, а цяпер збіраецца адрошчваць другое — скіраванае на Захад.

Але адначасова Лукашэнка адвяргае патрабаванні еўрапейскай супольнасці наконт дэмакратызацыі Беларусі. Ён адмаўляе свабоду прэсы (між іншым гарантаваную Канстытуцыяй), не збіраецца выпускаць з турмаў палітвязняў і наогул рабіць нейкія рэформы. Каб не выглядаць ужо зусім безнадзейным, ён робіць агаворку, якая ні да чаго не абавязвае: маўляў, дайце тэрмін, і Беларусь стане на цывілізаваныя рэйкі, па якіх рухаецца ўвесь свет.

Лукашэнка проста цягне час. Сёння палітычная кан’юнктура для яго неспрыяльная. Істотна пагоршыліся дачыненні з Расіяй — галоўным спонсарам эканамічнай мадэлі імя Аляксандра Рыгоравіча. Нават параўнальна невялікія кошты на газ (суседзі плацяць за яго значна больш) сталіся пагрозай так званай стабільнасці.

Каб жа ж палепшыць стасункі з Захадам, трэба ісці на саступкі і кампрамісы, да чаго Лукашэнка не гатовы. Кіраўніку Беларусі прасцей справакаваць чарговы крызіс, у якім ён адчувае сябе больш камфортна, чым у спакойнай сітуацыі стваральнай працы.

Паводле сцверджанняў Лукашэнкі, Беларусь абрала свой, “асобы” шлях паміж “варварскай” Расіяй і цывілізаваным Захадам. Аднак шлях гэты ўсё-ткі хіліцца ў бок Масквы. І тое заўважаюць усе, хто гэта хоча бачыць.

“Лукашэнка насамрэч не імкнецца на Захад, а хоча яшчэ раз дамовіцца з Расіяй”, — кажа вядомы нямецкі палітолаг Аляксандр Рар. — “А ягоныя празаходнія рэверансы хутчэй павінны разглядацца як апошні пагражальны сігнал Маскве. Ён хоча давесці, што ў яго і яго краіны ёсць альтэрнатыва, а менавіта — празаходняя арыентацыя, якую ён абярэ, калі Расія спыніць падтрымку Беларусі”.

“Зменлівасць публічных заяў прэзідэнта робіць немагчымай іх літаральную інтэрпрэтацыю”, — дадае аналітык Радыё Свабода Ян Максімюк. — “Бессэнсоўна цешыць сябе надзеямі на аснове таго, што ён недзе некаму сказаў. Калі толькі Лукашэнку не прыцісне эканамічная неабходнасць, нікуды ён свой народ не павядзе — ні ў Швецыю, ні ў Расію”.

Чарговае сведчанне таму — заява Лукашэнкі пра тое, што цяпер толькі трыццаць адсоткаў жыхароў Беларусі падтрымліваюць ідэю аб’яднання з Расіяй. Крыніца, адкуль узятая гэтая лічба, не згадваецца, але гэта ў дадзеным выпадку неістотна. Бо адначасова Лукашэнка гаворыць, што не адступіцца ад пабудовы саюзнай дзяржавы, бо за яе нібыта прагаласаваў народ на рэферэндуме.

Спасылкі на народную волю, як бачна, могуць быць абсалютна супрацьлеглымі. Што ў гэтую хвіліну выгадна асабіста Лукашэнку — тое і абвяшчаецца народнай воляй.

Усё гэта разам узятае сведчыць пра адсутнасць паслядоўнай палітыкі ў цяперашняга кіраўніцтва Беларусі, праз што краіна церпіць вялікую шкоду. Дзесяць год Лукашэнка будаваў так званую саюзную дзяржаву, і раптам паміж прарабамі пачалася бойка. Прычым з выкарыстаннем лексікі, якая характэрная менавіта для гэтай катэгорыі грамадзянаў.

Тым часам практычна ўсе суседзі без гвалту пабудавалі нармальнае жыццё. У іх таксама хапае праблем, але гэта праблемы іншага ўзроўню. А мы боўтаемся паміж “варварскай” Расіяй і цывілізаваным Захадам. І, гледзячы па заявах кіраўніка дзяржавы, збіраемся гэта рабіць яшчэ працяглы час.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)