Памерла Валянціна Лемцюгова, якая адстаяла беларускую тапаніміку

Пра яе смерць паведаміла дэпутат Алена Анісім.

«Не стала Валянціны Пятроўны Лемцюговай.

14 траўня 1991 г. яна як загадчык аддзела лексікалогіі брала мяне на працу ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. З яе імем звязана шмат важных для Беларусі і нашай філалагічнай навукі даследаванняў. Але для мяне найперш яна была добразычлівым чалавекам, унікальнай жанчынай, выдатным навукоўцам, сапраўднай беларускай патрыёткай. Дастаткова прыгадаць, як яна адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, у якім прапісана, што спачатку назва даецца на БЕЛАРУСКАЙ мове.

У мітусні штодзённых спраў мы не паспяваем аддаць належнае пры жыцці. Застаецца толькі памяць.

Светлая памяць Валянціне Пятроўне і шчырая ўдзячнасць за яе слаўныя чалавечыя якасці і зробленыя справы!» — напісала старшыня ТБМ Алена Анісім.

Валянціне Лемцюговай было 82 гады. З 1961 працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Узначальвала Рэспубліканскую тапанімічную камісію пры НАН Беларусі.

Была навуковым рэдактарам і адным з сааўтараў нарматыўнага тапанімічнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах, «Слоўніка мовы «Нашай Нівы» ў 5 тамах (першы з іх выйшаў у 2003 годзе).

Валянціне Лемцюговай даводзілася не раз адстойваць прынцыпы нацыянальнай тапаніміі пры спробах маніпуляваць гэтым народным скарбам.

Прафесар Лемцюгова: Не перавяліся дзяржаўныя чыноўнікі, якім не дае спакою ўсё беларускае

Адкрыты ліст намесніку старшыні Мінгарвыканкама Ігару Карпенку. (Матэрыял з архіва. Упершыню быў апублікаваны роўна 5 гадоў назад, 5.03.2013).

Доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Лемцюгова:

«Паколькі я з’яўляюся ініцыятарам стандартызацыі беларускай тапаніміі па міжнародных стандартах, кіраўніком тэмы «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», навуковым рэдактарам і адным з сааўтараў нарматыўнага тапанімічнага даведніка з той жа назвай, лічу сваім абавязкам сказаць сваё слова ў адказ на намеры І. Карпенкі, пазбаўленыя ўсялякай логікі і сэнсу.

Чыноўніку не падабаецца загалоўная роля беларускай арыгінальнай формы тапонімаў, і яму не церпіцца замяніць яе на рускамоўную, а значыць арыгінал на копію.

У сувязі з гэтым варта нагадаць, што тапанімія — гэта калектыўны твор карэннага этнасу краіны. Разам з помнікамі старадаўняга дойлідства, руінамі гарадзішчаў і замчышчаў мы ўспадкавалі ад мінулых пакаленняў і ўласныя геаграфічныя назвы — своеасаблівы летапіс нашай зямлі.

Яшчэ дзвесце гадоў таму выдатны вучоны І. П. Філевіч трапна назваў тапанімію «мовай зямлі». «Мова зямлі, — пісаў ён, — значыць для нас больш, чым творы старажытных і сярэднявечных аўтараў, больш, чым сведчыць пра сваю гісторыю сам народ… Яна не паддаецца фальсіфікацыі. Тут нічога не прыдумаеш, нічога не сачыніш. Мінулыя эпохі, зніклыя народы і культуры даверылі «мове зямлі» берагчы памяць пра сябе. І яна свята і сумленна зберагла і пранесла яе праз вялікія перасяленні, праз стагоддзі эвалюцый і трансфармацый, праз зрушэнні і перавароты».

Такая гістарычна-культурная спадчына недатыкальная і ніхто не ў праве маніпуляваць народным скарбам.

Таму ў цывілізаваных краінах нацыянальнай тапаніміі ўжо даўно прысвоены статус гістарычна-культурных помнікаў. Пара было б ужо і нам пераняць гэты каштоўны вопыт і надаць нашай тапаніміі аналагічны статус. Дык ці наступіць калі-небудзь такі час, калі кожны дзяржаўны чыноўнік будзе паважаць духоўную спадчыну сваіх продкаў, абараняць і цаніць нацыянальныя каштоўнасці, а не ўпадабняцца той хатняй птушцы, што грабе ад сябе?

І. Карпенку раздражняе таксама і традыцыйная нацыянальная лацінка, якую ён прапануе замяніць на «англамоўны пераклад» (?) ці нешта падобнае. Перш чым заводзіць размову пра непрыдатнасць беларускай лацінкі, трэба было б раней займець хаця б элементарнае ўяўленне пра яе сутнасць і гістарычныя карані, а таксама навучыцца адрозніваць лацінку і лацінскую мову, транслітарацыю і пераклад.

На лацінцы пісалі, яе ўдасканальвалі і адшліфоўвалі нашыя творчыя аўтарытэты — Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, А. Рыпінскі, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, К. Каліноўскі, Якуб Колас, Янка Купала, Змітрок Бядуля і іншыя беларускія пісьменнікі, друкаваліся першыя беларускія газеты «Naša Niva», «Homan», «Biełarus». Таму лацінка — важны духоўны фрагмент і прадмет гонару нацыі.

Да ведама тав. Карпенкі, стандартызацыя беларускай тапаніміі праведзена не па прынцыпе «цапу-лапу», а згодна з нацыянальнымі і міжнароднымі законамі і правіламі, адпаведна з прынцыпамі, выпрацаванымі Групай экспертаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па стандартызацыі нацыяльнай тапаніміі.

Не трэба забывацца, што Беларусь — даўні член ААН і адзін з яе стваральнікаў і адпаведна абавязана прытрымлівацца міжнародных нормаў, у тым ліку пры афармленні ўласных назваў.

За вынікамі стандартызацыі стаіць больш за 20 гадоў няспынных намаганняў і пошукаў, 50 гадоў уласнага вопыту даследчай працы па самых розных пытаннях тапаніміі.

Тапанімія ніводнай краіны не аказалася ў такім занядбаным стане, як беларуская.

З першых жа крокаў давялося сутыкнуцца з такой з’явай, як адсутнасць беларускага арыгіналу тапонімаў. Усе наяўныя афіцыйныя спіскі былі цалкам у рускамоўным афармленні, без указання націску, а значыць без усякіх вымаўленчых асаблівасцяў. Напрыклад, паспрабуй здагадацца, што Ольница, Ожики гэта беларускія тапонімы Вольніца, Вожыкі ў рускамоўнай перадачы. Хтосьці прыняў пачатковы гук за прыстаўны і вырашыў яго «адставіць».

На шчасце тым жа шляхам не пайшлі гродзенцы і не «адставілі» гук в у тапоніме Волахі. Такім жа чынам вялася рэгістрацыя беларускіх тапонімаў у Нацыянальным кадастры толькі з яшчэ большай колькасцю памылак і скажэнняў рознага роду. Нават там, дзе ўжывалася беларуская форма, усталяваўся страшэнны разнабой. Адна і тая ж назва пісалася па-рознаму: Старадумка і Старадубка, Гарусты і Гарысты, Гарбанаўка і Урбанаўка, Качан і Качанова.

Трэба было арганізаваць работу так, каб любымі сродкамі ўзнавіць увесь нацыянальны фонд тапаніміі, сфарміраваць годны імідж краіны і не адкінуць яе на абочыну цывілізацыі. Не ўсё было сцёрта з памяці простых людзей. На дапамогу прыйшлі краязнаўчыя музеі, абласныя і раённыя выканаўчыя камітэты, асобныя энтузіясты. Былі актыўна задзейнічаны ВНУ і школы.

Сабраныя звесткі супастаўляліся, звяраліся, неаднаразова ўзгадняліся. Такім чынам па крупіцы пры шырокай падтрымцы мясцовых уладаў і грамадскасці былі адроджаны самабытныя формы беларускай тапаніміі.

Сумесна з Камітэтам па маёмасці стваралася нарматыўна-прававая база стандартызацыі: інструкцыі, кодэксы, праспекты.

Але праца, на жаль, ішла марудна, паколькі і на той стадыі хапала апанентаў. Напрыклад, зацята змагалася супраць адраджэння беларускай тапаніміі сямейная пара Лопухаў (Р. М. Лопух — супрацоўніца Картфонда і П. С. Лопух — выкладчык геаграфічнага факультэта БДУ).

Пратаколы пасяджэнняў Тапанімічнай камісіі пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь сведчаць, з якой напорыстасцю Р. М. Лопух дамагалася замены беларускамоўнай формы тапонімаў на рускамоўную.

Прыняцце ў якасці асноўнай (загалоўнай) рускамоўнай формы тапонімаў звычайна матывавалася тым, што «ў нас дзве дзяржаўныя мовы».

Так, дзве. Але іх магло быць і больш у залежнасці ад грамадскай сітуацыі.

Дзяржаўная мова — гэта катэгорыя палітычная. А нацыянальная мова ў нас адна — беларуская і вяршэнства належыць ёй.

Пасля «рэцэнзавання» Р. М. Лопух макета першага тома шасцітомнага нарматыўнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» ад яго ранейшых структуры і зместу засталіся толькі шматкі: яна зноў вярнула пераклады тапонімаў (Красный Пахарь — Чырвоны Араты, Луч — Прамень), выкрасліла рубрыку «Варыянты назваў населеных пунктаў», «Страчаныя назвы» і ўсё іншае, што прыйшлося ёй недаспадобы.

Пераклад тапонімаў — гэта ўласна нашае «вынаходніцтва». У іншых славянскіх краінах да такога не дадумаліся.

Вядомыя рускія анамасты (А. В. Суперанская, З. В. Рубцова) асуджальна ставіліся да двухназоўя ў тапаніміі.

У Кіеве, напрыклад, нават за савецкім часам плошча мела адну назву і па-ўкраінску і па-руску — Жовтневой (а не Октябрьской) революции.

Перакладаць назвы населеных пунктаў тое самае, што рабіць пераклад прозвішчаў (Трусаў — Кроликов, Бурак — Свекла, Кавалёў — Кузнецов). А колькі часу было змарнавана, каб даказаць такія элементарныя рэчы!

З асабліва ўпартай непрымальнасцю была сустрэта беларуская традыцыйная лацінка. Р. М. Лопух і яе аднадумцы чапляліся за кожную дробязь (перадача асобных літар, надрадковыя значкі, гачакі). Р. М. Лопух то заяўляла, што беларуская лацінка не існавала ўвогуле, то, што яна запазычаная ў палякаў. Многія відавочныя рэчы даводзілася даказваць з фактамі ў руках.

Галоўным аргументам наконт таго, ужываць ці не ўжываць нацыянальную лацінку, з’явіліся патрабаванні Групы экспертаў ААН па стандартызацыі нацыяльнай тапаніміі, згодна з якімі кожная нелацінапішучая краіна павінна распрацаваць сваю нацыянальную лацінку, якая не была б прывязана да якой-небудзь адной замежнай мовы з лацінскай графікай.

Па сваёй сутнасці нацыянальная сістэма лацінізацыі мусіць быць зарыентаваная на дакладную перадачу зыходнага нацыянальнага графічнага аблічча ўласнага імя, а не яго гучання. Выходзіць, што беларуская лацінка цалкам адпавядае міжнародным патрабаванням і стандартам.

Довад, што нашу традыцыйную лацінку трэба замяніць на нейкі англа-беларускі гібрыд, паколькі яе не могуць расчытаць асобныя турысты, наіўны і смешны.

Сапраўдны турыст і госць у любой краіне шукае нешта адметнае, непаўторнае, самабытнае, іншымі словамі не трафарэтнае, а экслюзіўнае. Наколькі вядома, ніхто яшчэ не заблукаў у Польшчы, Чэхіі, Кітаі таму, што там карыстаюцца сваёй графікай.

Іншая справа, што ў нас саміх, на жаль, не перавяліся дзяржаўныя чыноўнікі, якім не дае спакою ўсё беларускае.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, у сферы беларускай тапаніміі нарэшце быў наведзены ідэальны парадак, як у фактычнай, так і нарматыўнай частцы, што прызнана і ўнутры краіны, і на міжнародным узроўні. Да вялікага нашага сораму сёння тут зноў замаячыў прывід хаосу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)