Общество

Памерла самая публічная супрацоўніца мінскага АМАПу. Ёй было 29 гадоў

Святлана Скаражонак — самая публічная супрацоўніца жаночага ўзводу мінскага АМАПу. Пра яе кар’ерны шлях шмат разоў расказвалі дзяржаўныя СМІ — з сям’і бацькі-афганца, вывучылася на піяршчыка, але пайшла служыць, піша Наша Ніва.

Днямі Святлана памерла. Абставіны смерці невядомыя.

Кіраўніцтва МУС і кіраўніцтва мінскага АМАПУ выказалі спачуванні яе родным праз старонкі ведамственнай газеты «На страже».

Святлане Скаражонак было 29 гадоў, яна паходзіла з Нясвіжа. Бацька-памежнік ў савецкія часы служыў у Афганістане і Туркменістане, маці — культработнік. Святлана была адзіным дзіцём у сям’і.

Скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, а пасля прайшла падрыхтоўку ў навучальным цэнтры МУС і ў 2014 годзе стала служыць у АМАПе.

У папярэдніх інтэрв’ю Святлана Скаражонак расказвала, што яе малады чалавек таксама служыць у АМАПе: «У нас з Максімам акрамя службы шмат агульнага, я б наўрад ці змагла сустракацца з чалавекам «з грамадзянкі». Калі ў нас супадаюць выхадныя, адпраўляемся на велапрагулкі ў парк, ходзім у кіно, тэатры».

Пытанне, ці мае смерць Святланы Скаражонак крымінальны характар, афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама пакінула без каментароў.