Памерла Паўліна Сурвіла, выканаўчы дырэктар Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў у ЗША

На 57-м годзе жыцьця ад цяжкай хваробы памерла Паўліна Сурвіла, прафэсар амэрыканскага Wartburg College (штат Аёва), выканаўчы дырэктар Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў у Канзасе, сябра Рады БНР. Сяргей Навумчык на Радыё Свабода пiша пра яе жыццё.

Паўліна (поўнае імя — Паўліна Марыя) Сурвіла нарадзілася 2 лютага 1964 г. ў Мадрыдзе, дзе ў той час яе бацькі — Івонка Сурвіла (Шыманец) і Янка Сурвіла рабілі беларускія праграмы на Гішпанскім радыё. Была другім дзіцём у сям’і (яе сястра Ганя на тры гады старэйшая). «Яны з самага маленства прысутнічалі ўсюды, дзе штосьці беларускае рабілася», — прыгадвала пазьней пра сваіх дзяцей у інтэрвію Радыё Свабода старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Івонка Сурвіла разам з дочкамі Паўлінкай і Ганяй каля Мадрыду, 1969. Фота Янкі Сурвілы

Паўліна Сурвіла ў 1972 у Беларускім рэлігійна-грамадзкім цэнтры ў Таронта, на выставе сваіх твораў

Паўліна служыла ў якасьці музыкі ў канадыйскім войску, скончыла ўнівэрсытэт, магістаркую працу пісала пра беларускую дыяспару. Абараніла доктарскую дысэртацыю Апошнія гады была прафэсарам Вартбурскага коледжу (штат Аёва) і вывучала праблемы фармаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці ў постсавецкай Беларусі. Аўтар навуковых працаў і кніг, прысьвечаных беларускай музыцы, адна зь іх — «Пра русалак і рок-сьпевакоў» — прысьвечаная сучасным выканаўцам.

З’яўляецца Выканаўчым дырэктарам створанага ў 2007 віцэ-прэзыдэнтам Паўднёва-заходняга каледжу Джэймсам Шэпардам і першым амбасадарам ЗША ў Беларусі Дэвідам Сўорцам Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў у Канзасе (ЗША), першай акадэмічнай установы ў ЗША, якая займаецца вывучэньнем выключна Беларусі.

Пры спрыяньні Цэнтру некалькі беларускіх навукоўцаў прайшлі стажыроўкі ў ЗША. Паўліне Сурвіле ўдалося прыцягнуць да супрацоўніцтва многіх вядомых асобаў, у тым ліку і зь Беларусі, як, напрыклад, былога старшыню Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча. Радыё Свабода была мэдыйным партнэрам Цэнтру.

Паўліна Сурвіла разам з першым амбасадарам ЗША ў Беларусі Дэвідам Сўорцам. Канзас, ЗША, 2008 год

Паўліна Сурвіла арганізавала дзясяткі навуковых канфэрэнцыяў, сэмінараў, лекцый, прысьвечаных гісторыі і сучаснасьці Беларусі, а таксама — яе будучыні. Паўліна заахвочвала навукоўцаў, палітыкаў, творцаў дапамагаць Беларусі рабіцца дэмакратычнай сучаснай краінай.

Паўліну Сурвілу зьвязвала сяброўства з Радыё Свабода, яна ўдзельнічала ў нашых перадачах. 31 сьнежня 2010 году Паўліна Сурвіла зачытала на хвалях Свабоды імёны арыштаваных (сярод тых, хто чытаў імёны, былі Вацлаў Гавэл, Алена Бонэр, а. Аляксандар Надсан, Джордж Буш-малодшы, Барыс Кіт, Фрэнсыс Фукуяма, Станіслаў Шушкевіч, Барыс Стругацкі, Сяргей Юрскі ды іншыя).

Паўліна Сурвіла была сябрам Рады БНР і шмат рабіла для аб’яднаньня беларускай дыяспары на паўночна-амэрыканскім кантынэнце.

«Мне здаецца, найважней — гэта мець энэргію беларускасьці, — казала яна ў інтэрвію Радыё Свабода. —. Калі ўсе беларусы адчуваюць важнасьць незалежнай ідэнтычнасьці. Гэта значыць мець спосаб адчуваць беларускасьць без такога кантэксту, што „трэба баяцца“. Можна праз гэтую энэргію зьмяніць крышачку гэты „космас беларускі“, які цяпер, мне здаецца, вельмі сур’ёзны і вельмі цяжкі.

Вельмі-вельмі жадаю, каб усё, што людзі перажылі і перажываюць, прадукавала ў канцы канцоў пазытыўны мамэнт для краіны і для гэтых людзей. І што гэты год дасьць новае адраджэньне для гэтай краіны. Таму што гэтая краіна зашмат перажыла ў гісторыі. Проста трэба, каб новы мамэнт уявіўся. Жадаю, каб усе жылі ў мадэрным сьвеце, каб усе ведалі, што гэта значыць быць часткай сусьветнага грамадзянства. Для мяне гэта найбольшае пажаданьне».

У Паўліны Сурвілы застаўся муж Эрык, прафэсар музыкі, і два сыны 20 і 22 гадоў, Антон і Валік.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:23)